Гарачая пара для аддзела па нарыхтоўках Кіраўскага райспажыўтаварыства

Источник материала:  
23.08.2019 — Разное

Гарачая пара для аддзела па нарыхтоўках Кіраўскага райспажыўтаварыства

Папрацуеш да поту — пад’ясі ў ахвоту! Гэтая народная прыказка — адна з тых, якая найбольш красамоўна сведчыць аб руплівасці і дбайнасці гаспадара. Як прыемна ўзімку, калі за акном ляжыць снег, успомніць мінулае лета з восенню, пакаштаваўшы ў абедзены час грыбнога баршчу, пад звараную бульбу начапіць на відэлец салёны агурок ці зачэрпнуць хрумсткай квашанай капусткі, а пад духмяны чай адкрыць слоік з ягадным варэннем… Але каб усе гэтыя і многія іншыя летне-восеньскія прысмакі былі на стале, трэба добра папрацаваць, назапасіць разнастайнай прадукцыі, прыгатаваць яе. Калі ўзяць вось такую гаспадарскую дзейнасць у больш шырокім сэнсе, то ў раёне гэтым напрамую займаецца аддзел па нарыхтоўках райспажыўтаварыства. Закуп, перапрацоўка і рэалізацыя ўраджаю — менавіта той накірунак работы, які выконваюць яго супрацоўнікі. І гэта — адна з важных крыніц даходу арганізацыі, якая, дарэчы, па выніках работы за 2018 год прызнана пераможцам сярод галін сістэмы Магілёўскага аблспажыўсаюза.

На зыходзе лета — час, калі ў садах і на агародах паспявае ўра­джай пладоў, агародніны. Для аддзела па нарыхтоўках гэта, безумоўна, “гарачы” час. Павялічваюцца аб’ёмы закупу разнастайнай прадукцыі, і прамарудзіць такі момант нельга. І ў гэтым плане нарыхтоўшчыкі не “спяць у шапку”, актыўна папаўняючы грамадскую касу райспажыўтаварыства, пашыраючы пры гэтым асартымент у гандлёвых кропках для патрэб насельніцтва.

Як расказала карэспандэнту “раёнкі” начальнік аддзела па нарыхтоўках Вольга Паляўцова, работы вядуцца арганізавана, планамерна, а рэзультат радуе. За 7 месяцаў бягучага года ўсялякай прадукцыі закуплена на суму 2220 тыс. руб, у тым ліку ад насельніцтва — на 1672 тыс.руб. Пры гэтым аб’ём нарыхтовак па тэмпах росту ў супараўнальных цэнах да папярэдняга году склаў 104,3%, ад насельніцтва — 120%.

Гарачая пара для аддзела па нарыхтоўках Кіраўскага райспажыўтаварыства

Новае паступленне ўраджаю свежых брусніц — на прыёмцы кладаўшчык Наталля Кірэева і грузчык Аляксандр Сушкін

Асноўныя аб’ёмы закупленай прадукцыі складаюць паступленні ад насельніцтва, пэўныя віды прадавалі суб’екты гаспадарання: сярод пастаянных пастаўшчыкоў — ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, Жыліцкі сельгаскаледж, КСУП “Ніва-Барсукі”.

Па меры паспявання культурных ягад павялічваліся паступленні клубніц (закуплена іх 9,5 т), чорных і чырвоных парэчак (адпаведна 55 т і 8,2 т), чарнаплоднай рабіны (37 т). А вось на вішні і слівы сёлетні год аказаўся няўраджайным.

Затое лес парадаваў сваімі дарамі, якія карыстаюцца попытам у замежных пакупнікоў. Чарніц удалося назапасіць
52 т, з якіх большая частка ў замарожаным выглядзе адпраўлена на экспарт — у Літву. Больш за 2 т ад насельніцтва было прынята грыбоў-лісічак — гэта значна больш, чым летась, калі год быў “негрыбны”. “Лясныя” падарункі яшчэ чакаюцца. Пачалі паступаць брусніцы, наперадзе — журавіны, ды і грыбны сезон яшчэ далёкі да завяршэння.

Гарачая пара для аддзела па нарыхтоўках Кіраўскага райспажыўтаварыства

На засолцы агуркоў занята сартавальніца Святлана Аўсянік

У планах нарыхтоўшчыкаў таксама масавы закуп восеньскай прадукцыі — агародніны, бульбы. Хаця сёлета гэтыя віды паступалі ўжо на нарыхтоўчыя пункты. Так, у прыватнасці, уладальнікі прысядзібных участкаў прадалі 270 т агародніны і 89 т бульбы. Але, паўторымся, гэта толькі пачатак.
Нельга не закрануць і адзін з асноўных “аб’ектаў” нарыхтовак — яблыкі. Сакавітыя плады таксама паступаюць на нарыхтоўчыя пункты. Праўда, далёка не ў тых аб’ёмах, што летась, калі ўра­джай іх быў небывалым. Але таму, у каго ўсё ж яблыні далі свае плады, пашчасціла, бо закупачная цана на іх узрасла амаль у 3,5 раза. Калі ў мінулым сезоне за 1 кг у аддзеле нарыхтовак прапаноўвалі па 5-7 капеек, то сёлета — па 17. Як гаворыцца, адчуйце розніцу. Тут, хутчэй за ўсё, у выйгрышы асабліва будуць сельгасарганізацыі, якія займаюцца садаводствам, як, да прыкладу той жа “Рассвет”. Калі частка пладовых дрэў у мясцовым садзе сёлета “гуляе”, то на асобных — у прамым сэнсе галіны гнуцца да зямлі.

Незалежна ад ураджайнасці ў тым ці іншым годзе, адзначыла Вольга Паляўцова, план на закуп прадукцыі аддзелу па нарыхтоўках даводзіцца не меншы, чым годам раней. А тут яшчэ і канкурэнты з боку індывідуальных прадпрымальнікаў могуць крыху “падставіць падножку” — рынак ёсць рынак. Вось тут самы час уключаць маркетынгавыя хады. Даво­дзіцца шукаць выйсце, нарыхтоўваць прадукцыю па-за межамі раёна. І, трэба аддаць належнае, у кіраўскіх нарыхтоўшчыкаў хапае разваротлівасці, ёсць і наладжаныя парт­нёрскія сувязі, як кажуць, пратораныя дарогі. Знахо­дзяць пастаўшчыкоў для Кіраўска ў Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцях. Не першы сезон арганізаваны закупкі на Брэстчыне: агародніны, скажам, — у Столінскім раёне, а клубніц — у Лунінецкім.

Гарачая пара для аддзела па нарыхтоўках Кіраўскага райспажыўтаварыства

Прадукцыя з аддзела па нарыхтоўках заўсёды карыстаецца попытам у пакупнікоў у магазіне «Мясная лаўка» райспажыўтаварыства

Закупленая прадуцыя ў далейшым мае некалькі так званых шляхоў. “Экспартны” ўпамінаўся вышэй. Значная частка адпраўляецца ў гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства, дзе не залежваецца на паліцах: літаральна ўсё, што пастаўляецца ў магазіны, хутка знаходзіць свайго пакупніка, бо мае высокую якасць і адпускаецца па прыемлемых цэнах. Забяспечваюцца пэўнай прадукцыяй таксама ўстановы адукацыі раёна. Пералічанае вышэй тычыцца варыянту свежага выгляду. А яшчэ карыстаецца попытам і прыгатаваная прадукцыя, а таксама вырабы з яе. Даўно прыйшліся даспадобы пакупнікам засоленыя агуркі, таматы, квашаная капуста, мачоныя яблыкі. Частка замарожанай прадукцыі — у асноўным ягады, грыбы — паступаюць у аб’екты грамхарчу, як, да прыкладу, кафэ “Смажанка”, “Спатканне”, рэстаран “Сузор’е” і іншыя для прыгатавання страў, у тым ліку фірменных, якія палюбіліся кіраўчанам і гасцям горада.

Не заўважаным не варта пакінуць і яшчэ адзін аспект нарыхтовак. Калі плады садоў, агародаў, лесу можна атры­маць у адпаведны сезон, то другасную сыравіну аддзел па нарыхтоўках закупляе на працягу ўсяго года. Гэта макулатура, лом каляровых і чорных металаў, шкламаса, поліэтылен, рыззё. Праўда, гэтыя “аб’екты” нарыхтовак не такія прыбытковыя для арганізацыі, але пэўны даход таксама прыносяць.

Многае ў працэсе праводзімых аддзелам работ залежыць ад нарыхтоўшчыкаў, якіх у штаце 10 чалавек. Большасць — вопытныя работнікі, умеюць працаваць з насельніцтвам. Ніводную заяўку не абыхо­дзіць увагай раз’язны нарыхтоўшчык Пётр Храмянкоў. Вялікія аб’ёмы работ на стацыянарных прыёма-нарыхтоўчых пунктах, якія працуюць пастаянна, выконваюць: у Кіраўску — Віталь Яфрэмаў, у Жылічах — Любоў Гацырыдзэ, у Мышкавічах — Таццяна Пруднікава, у Любонічах — Уладзімір Вушанкоў, у Баравіцы — Ігар Казлоў. Стабільна зладжана працуюць прэсаўшчыкі, грузчыкі, сартавальнікі ў складах — плода­агароднінным, халадзільным, другаснай сыравіны, а таксама агароднінасховішчы. Іх работу ўмела накіроўваюць кладаўшчыкі Наталля Кірэева і Валянціна Русецкая.

Наогул працэс нарыхтовак у самым разгары. Усе, хто жадае, можа прапанаваць прадукцыю ў любы момант. І самому гэтым падзарабіць, і забяспечыць пэўнымі запасамі нарыхтоўшчыкаў. Усё, што закупляецца, абавязкова спатрэбіцца — у тым ці іншым выглядзе.

Аляксандр ХАХЛОЎ.

Фота аўтара.

←Минобороны хочет снизить стоимость высшего образования для всех, кто отслужил

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика