Падарожжа па родным краі. Зарэчча

Источник материала:  
22.08.2019 — Разное

Падарожжа па родным краі. Зарэчча
Вёсак з аднолькавымі назвамі ў нашай краіне нямала. Вось, напрыклад, толькі ў Магілёўскай вобласці “жывуць” восем населеных пунктаў з назвай Зарэчча. Вёсачка з такім немудрагелістым імем ёсць і ў нашым раёне. Яна размясцілася недалёка ад Глуска, за ракою, амаль на беразе Пцічы. Адсюль, напэўна, калісьці і назва вёскі пайшла. У гістарычных дакументах гэта паселішча ўпамінаецца яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя.

Уладальнікі маёнтка Зарэчча

У земскіх актах Навагрудскага ваяводства за 1792 год, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычнам архіве Беларусі, маюцца запісы, што пасля смерці Альбрэхта Радзівіла (у 1790 годзе памёр у Глуску і, верагодна, дзесьці тут пахаваны) маёнтак Глуск з прылягаючымі да яго вёскамі Хваставічы, Зарэчча, Падзамша, хутарам Кляшчоўка і іншымі ўладаннямі адышоў яго сыну Дамініку, які ў сваю чаргу прадаў уладанне за 11 тысяч злотых і 28 грошаў пану Юзафу (Іосіфу) Юдыцкаму (муж сястры ДамінікаАлаізы). Такім чынам маёнтак Глуск перайшоў ва ўладанне да сям’і Юдыцкіх. Згодна з Рэвізскімі казкамі 1795 года (пятым перапісам насельніцтва Расійскай імперыі), маёнткам Зарэчча ў гэты час валодаў граф Станіслаў Юдыцкі (сын Юзафа).

Прыкладна ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ўладальнікам маёнтка Зарэчча становіцца Станіслаў ВікенцевічНерэзіуш. Затым уладанні ў спадчыну перайшлі да яго брата Карла, які ў сваю чаргу стаў апекуном малалетніх Соф’і і ІдалііЮдыцкіх (пасля смерці Станіслава Юдыцкага).

Наступныя ўладальнікі маёнтка Зарэчча — Легатовічы: Сямён Ігнатавіч, Станіслаў Сямёнавіч і Станіслава СтаніславаўнаЛегатовіч (народжаная Нерэзіуш). Апошняя, дарэчы, пахаваная на цэнтральных могілках Глуска. Вялікі чорны гранітны крыж-помнік на яе магіле відаць з розных куткоў пагоста.

Апошнімі з роду Легатовічаў, хто валодаў маёнткам Зарэчча (прыкладна ў 1913 і 1917 гадах), сталі ЕлізаветаСямёнаўнаБаўдзельская і Марыя СямёнаўнаКорсак.

Згадкі пра Зарэчча ёсць ва ўспамінах Альгерда Абуховіча: “…Народ рабочы заўзята танцаваў у слаўнай залі Зарэцкага палацу, брала ахвота і мне патанцаваць, але ўражанні былі іншага зместу. Зарэчча памятаю з тых часоў, калі я быў такі маленькі, што прысмакі мне на крэсле, а не на стале стаўлялі. Пасля не быў там лет колькі-наццаць… Зарэчча — гэта толькі частка Глускага графства. Атрымаў яго пан Кароль Нерэзыуш за дакананне вельмі цікавай справы, так званай эксдывізіі Глускай… Апошняя з гэтага дому [Нерэзыуш] Станіслава Легатовіч пыталася ў мяне, ці не ведаю чаго аб яе родзе…”  

У канцы ХІХ стагоддзя, акрамя панскага маёнтка, у Зарэччы было 6 двароў і пражывала 20 чалавек.

Жыццё пасля Кастрычніка

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі жыццё ў вёсцы змянілася. Як расказвае адна са старэйшых жыхарак вёскі Ганна Васілеўна Прыгара, амаль адразу пасля рэвалюцыі маёмасць пана — хатнюю жывёлу, прылады працы, конскую збрую і іншае — не пытаючыся яго дазволу, забралі мясцовыя жыхары, таксама прыходзілі людзі з Балашэвіч. “Бабуля Аксёнка, што служыла ў панскім маёнтку, расказвала, — успамінае Ганна Васілеўна, — што, калі пачалі людзі забіраць хто свінню, хто карову, хто парася з панскага хлява, яна прыйшла да пана і кажа: “Пане, вашу маёмасць разбіраюць”. А ён у адказ: “Хай забіраюць. А ці ты што ўзяла сабе?” — “Не”. — Тады пан дастаў кашалёк і даў бабулі грошы”.


Падарожжа па родным краі. Зарэчча
Па ўспамінах старажылаў, панскі дом быў драўляным. Савецкая ўлада, вядома, яго нацыяналізавала. Па перыметры маёнтка  — і ад вясковай вуліцы, і ад ракі — раслі ліпы, таполі. Частка з іх захавалася і да нашага часу. А яшчэ тут быў вялікі сад — грушы, яблыні. Для вяскоўцаў, у якіх кожны кавалачак зямлі быў на ўліку, трымаць сад было раскошай. Яшчэ доўгі час пасля рэвалюцыі сяльчане хадзілі ў панскі сад па яблыкі ды грушы, а пазней, ужо ў 1950-я, бралі там галінкі самых смачных сартоў, каб прывіць на маладыя дрэўцы-дзічкі і ў сваім садзе.


Падарожжа па родным краі. Зарэчча
У 1930-я па ўсёй савецкай краіне ствараліся калгасы. Жыхары Зарэчча брыгадай увайшлі ў калгас “15 год Кастрычніка”, цэнтральная сядзіба якога размяшчалася ў Балашэвічах. Сялянскія гумны, прылады працы, коні былі абагульнены і перададзены ва ўласнасць калгаса. У 1936 годзе на тэрыторыі былога панскага маёнтка пачаў працаваць крухмальны завод.

Вайна, акупацыя

“Падчас Вялікай Айчыннай вайны, — успамінае Ганна Васілеўна  Прыгара, — наш завод выкарыстоўвалі немцы. Не ведаю, што яны там рабілі. Пры ўваходзе стаяла ахова з немцаў і мадзьяраў, і пускалі туды толькі рабочых. Прывозілі на завод гародніну (моркву, капусту, бульбу), бітоны з нечым салодкім, цягучым, падобным на згушчанае малако. У той час, канешне, згушчонкі мы яшчэ не ведалі, ніколі яе не бачылі, не спрабавалі. Акупанты заўсёды пакідалі на дне бітонаў крыху цягучага рэчыва. Суседка мыла на сваім двары гэтыя ёмістасці, а перад тым вычэрпвала з іх усё да кроплі і частавала дзяцей салодкім ласункам.

У 1944 годзе, калі Чырвоная Армія вызваляла Глускі раён, завод згарэў. Пры вуліцы стаяў стары, яшчэ панскі, будынак, дзе немцы захоўвалі снарады. Калі пачаўся пажар, вяскоўцы вельмі баяліся, што гэты склад загарыцца. Наша хата была недалёка ад завода, да нас прыбеглі па абраз “Неапалімая купіна” (вунь ён і цяпер вісіць у мяне) і абышлі з ім пажар, каб супыніць агонь. Ад чаго загарэлася — невядома. Згадвалі, што нейкія чужакі пад’ехалі на коніку ды запалілі. І праўда, пасля пажару бегаў па вёсцы чужы конь. Яго злавілі і потым перадалі ў калгас, дзе ён яшчэ доўга быў пасля вызвалення”.

Зарачанцы, як і ўсе беларусы, змагаліся з ворагам. На фронт у розны час пайшлі ўсе мужчыны з вёскі, здольныя да службы. Хтосьці вярнуўся дахаты, а некаторыя назаўсёды засталіся ў чужой зямлі. З фронту не вярнуліся Анатоль Анцюшэня, Кірыл Верамейчык, Якім Дзядзюля, Андрэй Каранец, Ігнат Каранец, Аляксей Лагвіновіч, Павел Лазараў, Міхаіл Муха, Кірыл Чарнушын.

Пасляваеннае жыццё

У Глускім раённым архіве захоўваюцца гаспадарчыя кнігі вёскі Зарэчча за 1944—1946 і 1947—1948 гады. У той час Зарэчча значыўся як пасёлак,  і адносіўся ён да Хваставіцкага сельсавета Глускага раёна Бабруйскай воласці. У 1944 годзе ў Зарэччы было 19 гаспадарак. Сем’і розныя: дзе шэсць-сем чалавек, а дзе і тры-чатыры, дзяцей у сем’ях ад трох да пяці. Сярод вяскоўцаў некалькі чалавек пазначаны як аднаасобнікі, але большасць усё ж працавала ў калгасе “15 год Кастрычніка”. У гаспадарках трымалі кароў, цялят, авечак — у асноўным па адной-дзве жывёліны. На сваіх невялічкіх надзелах вяскоўцы сеялі жыта, бульбу, пшаніцу, ячмень, грэчку, лён, проса, каноплі, тытунь, садзілі гародніну. “На той зямлі, што за нашымі хатамі, — расказвае жыхарка Зарэчча Лідзія НічыпараўнаМышкіна, — гародніну добрую не выгадуеш. Таму вяскоўцы праз дарогу ад сваіх хат у бок ракі распрацавалі па кавалачку зямлі. Цяпер гэтыя надзелы амаль не засяваюцца. Гадоў колькі назад некалькі веснавых сезонаў іх чамусьці залівала рака, хаця раней такога не здаралася. Ды і асабліва ўжо няма каму садзіць агароды — амаль усе жыхары вёскі — пажылыя людзі”.

Мяркуючы па гаспадарчых кнігах, хаты ў зарачанцаў былі даволі новыя: гады пабудовы стаяць 1933-і, 1930-ы, 1927-ы, 1942-і, і толькі адна хата была пабудавана да 1918 года.

У 1946 годзе сярод сялян Зарэчча аднаасобнікаў ужо не было. А з 1949-га вяскоўцы працавалі не толькі ў калгасе, але і ў Глуску: у арцелі “КІМ” ткачыхамі, у арцелі “Прагрэс”, на пякарні (як ні дзіўна, качагарам там была жанчына). Ну і, канешне ж, працавалі на адноўленым крухмальным заводзе.

Праз пяць-шэсць гадоў пасля вызвалення вёскі ад акупантаў жыццё паціху стала наладжвацца. У гаспадарчых кнігах за 1949—1951 гады адзначана, што ў хлявах зарачанцаў пабольшала хатняй жывёлы — з’явіліся парсюкі, свінаматкі, а ў некалькіх гаспадарках нават пчолы.

Сваёй школы ў Зарэччы ніколі не было. Дзеці хадзілі вучыцца да 8-га класа ў Балашэвічы, а сярэднюю адукацыю атрымлівалі ў Глуску. Далей свой шлях кожны вырашаў сам. Хтосьці ехаў вучыцца ў Бабруйск, Мінск, Магілёў, а іншыя, паддаўшыся на ўгаворы вярбоўшчыкаў, ехалі зарабляць грошы аж за Урал, на Поўнач.

Крухмальны завод

Хутка пасля вызвалення аднавіў сваю работу ў Зарэччы крухмальны завод. Дакладней, гэта быў перапрацоўчы цэх Глускага прамкамбіната. Тут знайшлі сабе рабочыя месцы жыхары не толькі Зарэчча (хаця іх, канешне, была большасць), але і Балашэвіч, іншых бліжэйшыхвёсак і нават Глуска. Працавалі на заводзе ў асноўным дзяўчаты і жанчыны, але для мужчын таксама быў занятак — яны грузілі сыравіну, дровы і торф, складвалі бурты.


Падарожжа па родным краі. Зарэчча
Сыравінай для вытворчасці крухмалу была бульба. Пачыналі яе нарыхтоўваць са жніўня. Везлі бульбу з калгасаў, і людзі здавалі лішкі ўраджаю.

“Бурты бульбы стаялі на тэрыторыі завода, — расказвае Ганна Васілеўна Прыгара, — дзе калісьці быў панскі сад. А калі бульбы было вельмі багата і там ужо бурты не ўмяшчаліся, то рабілі іх ад першай вясковай хаты і амаль аж да лесу ў бок Глуска. Гэтай сыравіны хапала да красавіка. Акрамя крухмалу, на нашым заводзе рабілі сушаную бульбу. Спачатку яе мылі, потым спецыяльнымі чысцілкамі ачышчалі ад шалупіння, затым рэзалі саломкаю і сушылі. Гатовую прадукцыю ўпакоўвалі ў каробкі і адпраўлялі на патрэбы арміі і на Поўнач. Сухую бульбу можна было хутка прыгатаваць, напрыклад, у паходных умовах.

З крухмалу вышэйшага гатунку мы на заводзе рабілі крупу — сага. Вельмі смачная і карысная атрымліваецца з яе каша, дэсерты. Яшчэ з крухмалу варылі патаку. Гэта такі салодкі сіроп, падобны на штучны мёд. Яе выкарыстоўвалі ў кандытарскай вытворчасці. Дарэчы, з патакі на Глускім плодаагароднінным заводзе рабілі цукеркі-ледзянцы — “Палачкі-стукалачкі”, “Дзюшэс”, “Барбарыс”. Некалькі гадоў працаваў у Глуску цукерачны цэх, і я там рабіла ўручную цукеркі. Потым цэх закрылі — напэўна, такая прадукцыя стала нявыгаднай. Патаку мы варылі і захоўвалі на нашым заводзе ў падвалах, што засталіся яшчэ ад памешчыцкай сядзібы. Складзены яны з каменя (булыжнікаў) і цэменту. Там заўсёды трымалася стабільная тэмпература: зімою нічога не замярзала, летам — не псавалася. Гэтыя падвалы існуюць і зараз. Кожны год на заводзе нарыхтоўвалі і перапрацоўвалі розныя ягады, яблыкі, слівы, агуркі, грыбы. Варылі павідла, пюрэ, джэм, салілі агуркі, грыбы. Адпраўлялі прадукцыю далёка за межы Беларусі”.

Нашу размову падхоплівае Лідзія Нічыпараўна Мышкіна, якая таксама працавала на крухмальным заводзе: “Спачатку было шмат ручной працы. Бульбу насілі мыцьу кашах. Пазнейз’явілася аўтаматычнае абсталяванне, стала лягчэй. Прадукцыя карысталася попытам, таму працавалі ў дзве, а то і ў тры змены, асабліва перад вялікімі дзяржаўнымі святамі, калі трэба было забяспечыць магазіны крухмалам ды іншай прадукцыяй нашага цэха. Працаваць на заводзе было прыемна, таму што склаўся вельмі добры, дружны калектыў, людзі падтрымлівалі адзін аднаго. І з кіраўніцтвам мы таксама заўсёды знаходзілі агульную мову”.

У раённай газеце неаднаразова з’яўляліся нататкі пра работу плодаагародніннага завода, у тым ліку яго крухмальнага цэха. Вось што пісала раёнка ў лістападзе 1987 года: “…Калектыў цэха аб’ядноўвае 25 працаўнікоў. У асноўным гэта зарачанскія жанчыны. Многія ўжо з вялікім стажам работы… Начальнік цэха М. А. Бабак расказвае: “Наш гадавы план — 470 тон крухмалу… За дзень мы павінны даваць 2600 кілаграмаў сухога крухмалу, фактычна выходзіць 2800” … Звярнула на сябе ўвагу новае дабротнае памяшканне, прыбудова да галоўнага корпуса. Аказваецца, тут плануецца размясціць цэх па расфасоўцы кісялю. Гэта аблегчыць працэс яго канчатковага выхаду. Не трэба перавозіць крухмал у Глуск на завод. Знойдзецца занятак і некаторым вясковымпенсіянерам…”

Вёска і людзі: мінулае, сучаснае і будучае

Як адзначылі мае суразмоўніцы, у Зарэччы жылі і зараз жывуць працавітыя, добрыя і выхаваныя людзі. “Вы не падумайце, мы не выхваляемся, так на самай справе і ёсць, — запэўнілі мяне жанчыны. — Нас выхоўвалі з павагай да дарослых, да сваіх бацькоў, і бацькі любілі сваіх дзяцей. Ні адна жанчына ў вёсцы не лаялася мацюкамі. П’яніц у нас таксама не было. Усе старанна працавалі, як кажуць, ад душы. Калі маці ці бацька дзецям нешта загадаюць зрабіць, то і думкі не было, каб гэта не выканаць. Напрыклад, бацькам часу не было на ягады і грыбы, дык мы, дзеці, самі бегалі то ў Ваўкаўню (у бок Балашэвіч), а то і да Вайцяхова даходзілі. Можа, мы не набіралі шмат ягад ці грыбоў, але ж хадзілі збіралі. Канешне, малым было боязна ў лесе, таму нас, вялікую чараду дзяцей, заўсёды брала з сабою адна вясковая жанчына”.

Хаця і не шмат людзей жыло ў Зарэччы, але ў вёсцы заўсёды было весела. Жанчыны, як ідуць на працу або з працы, — так і пяюць. Кірмашы на Тройцу гулялі ўсёй вёскай, вяселлі святкавалі ізноў разам. Свайго клуба ў вёсцы не было — паглядзець кіно ці паслухаць прыезджых артыстаў хадзілі за некалькі кіламетраў праз лес у Балашэвічы.

Зарачанскія старажылы адзначаюць, што хоць і блізка да вёскі падыходзіць рака, заядлых рыбакоў сярод сяльчан мала. Можа, таму, што не было раней у людзей часу сядзець з вудай на беражку. Але стравы з рыбы вяскоўцы ўсё-такі паважаюць, і дзеці калі-нікалі лавілі печкуроў, якія пасля разліву заставаліся каля ракі ў пельках. Кажуць, вельмі смачныя з печкуроў галушкі. І Пціч шкоды вяскоўцам не рабіла — не прыходзіла нязванай госцяй на палеткі ды ў хаты. Магчыма, таму, што калісьці даўно памешчык загадаў зрабіць вакол Зарэчча меліярацыйны канал, па якім вада вясною сцякала на выган да ракі, не застойвалася на палетках і які не даваў рацэ падыходзіць блізка ў вёску. Дарэчы, гэты канал і зараз існуе. “Яго рабіў мой дзедМаісей, — расказвае Ганна Васілеўна Прыгара, — па загадзе пана. Дзед кіраваў усімі работамі. Для таго часу ён быў вельмі адукаваны. У вёсцы дзеда звалі “варшавяк”, бо ён не тутэйшы, а прыехаў аднекуль. Маю бабулю з Балашэвіч узяў замуж і асеў тут у вёсцы”.

У Зарэччы ніколі не было і па наш час няма водаправода — жыхары бяруць ваду з калодзежаў. Раней на ўсю вёску было 2—3 калодзежы, а цяпер амаль у кожным двары свой. Не ведаю, у чым тут прычына, але вельмі смачная вада ў Зарэччы — спрабавала, пацвярджаю.

Раней у Зарэччы пры крухмальным заводзе і яшчэ нейкі час пасля яго закрыцця працаваў прадуктовы магазін, а зараз некалькі разоў на тыдзень прыязджае аўталаўка. Ды ўвогуле ад вёскі і да Глуска не так далёка, пры вялікім жаданні можна і пешкі да бліжэйшага магазіна прагуляцца. Акрамя таго, праз Зарэчча чатыры разы на тыдзень праходзіць рэйсавы аўтобус, на ім можна пад’ехаць у райцэнтр, а пры неабходнасці і да Бабруйска даехаць.


Падарожжа па родным краі. Зарэчча
Зарэчча — напэўна, адна з самых маленькіх вёсак у нашым раёне. Тут усяго адна вуліца, большасць хат стаіць па адным яе баку, і жыхароў у самыя лепшыя гады было крыху больш за 50 чалавек (зараз зарэгістраваны 21 чалавек). Летам вёска ажывае — прыязджаюць дачнікі, унукі да бабуль. Адметная рыса Зарэчча: нават дачнікі тут не чужыя людзі, а дзеці ды ўнукі мясцовых жыхароў. Яны не забываюць селішчы, штоз асталіся ў спадчыну, даглядаюць іх, прыязджаюць сюды ў адпачынак. Так што маленькая вёска Зарэчча жыве сваім ціхім, павольным жыццём і, спадзяюся, будзе жыць яшчэ не адно дзесяцігоддзе.


Падарожжа па родным краі. Зарэчча
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара

 (оригинал новости)
← В Солигорске пройдет традиционная встреча команды ХК «ШАХТЁР» с болельщиками

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика