Вести из сельских советов Ушаччины
З Камчаткі ў Усвіцу
Аб ціхім маляўнічым куточку марыў Аляксей Сахараў, які доўгі час пражыў на Камчатцы. І адшукаў такі ў Усвіцы на беразе маленькай Муравіцы, што недалёка ад дома ўпадае ў Заходнюю Дзвіну. Зараз мужчына афармляе адпаведныя дакументы ад імя спадчынніцы, якую бацькаўшчына не цікавіла і хата планавалася пад знос. Новы гаспадар не баіцца ні зарасніку кустоўя, ні работы – паабяцаў навесці тут парадак.
А ўзамен – парадак
Узаемную выгаду атрымалі адміністрацыя Глыбачанскага сельвыканкама і нафтаправода “Дружба”: прадстаўнікі апошняй вывезлі з цэнтра аграгарадка рэшткі былога гандлёвага цэнтра, якія пусцілі на падсыпку лясной дарогі, што вядзе да газаправода за вёскай Антунова.
Свята вёскі
Новае Сяло Ушацкага сельсавета прайшло ў адны з нядаўніх выхадных. Старэйшына Гардзей Цімафеевіч Чульба забяспечыў збор вяскоўцаў, сярод якіх ёсць і старажылы Людміла Сцяпанаўна Барысёнак, Вольга Лук’янаўна Чобат і Валянціна Андрэеўна Хамёнак. А ладзіла мерапрыемства загадчык Селішчанскага сельскага клуба Ганна Канстанцінаўна Мялешка, у зону абслугоўвання якой год таму далучылі Паперына і Новае Сяло Ушацкага сельсавета. Свята вяскоўцам вельмі спадабалася, за што яны шчыра дзякуюць арганізатару і самадзейным артыстам Людміле і Таццяне Крывёнак.
Актыўны спонсар
Вядомы ў раёне філантроп Людміла Пятроўна Казавая, дзякуючы спонсарскай дапамозе якой пабудавана капліца ў Вашкове, паспрыяла яшчэ адной карыснай справе. За яе кошт новы выгляд атрымалі могілкі вёскі Броўчына, агароджу якіх абнавіў Ілья Віктаравіч Крывапушчанка. Дарэчы, тут хаваюць не толькі нябожчыкаў з прыгаданай вёскі, але і з Вашкова, Качаноў, Ільюшына, Дворыцы і Жар.
Стала святлей
Літаральна пасвятлела днямі дарога па Завыдрыне. На высечцы кустоў сумесна працавалі мясцовыя жыхары пад кіраўніцтвам старэйшыны Галіны Ягораўны Юдзінцавай, супрацоўнікі Жарскага сельвыканкама і Сарочынскага лясніцтва.
Правялі “чысты чацвер”
Паклонны крыж у вёсцы Славені ўстаноўлены гады два таму. Мясцовыя жыхары сабралі тады сродкі самаабкладання, а старшыня Сарочынскага сельвыканкама Л.Я.Птушка заказала і прывезла ахоўны сімвал. З месяц таму яго асвяціў айцец Аляксандр, а таксама мясцовыя могілкі і дамы сяльчан. Дарэчы, перад гэтым яны правялі суботнік, падчас якога зрабілі грандыёзную ўборку могілак, не дзелячы тэрыторыю на сваю і чужую – там з часоў Вялікай Айчыннай вайны пахавана шмат бежанцаў. Брыгада камунгаса высекла кусты і скасіла траву, за што старэйшына Людміла Пятроўна Каралькова шчыра дзякуе дырэктару прадпрыемства С.Б.Завадскаму.
Калі не патрэбна спадчына
На тэрыторыі раёна працягваецца знос трухлявых дамоў, ад якіх адмовіліся спадчыннікі. У вёсках Жары і Наваселле гэтыя работы выконвае прыватная фірма “Меналайн”, а ў аграгарадку Глыбачка – “Ніксілбуд”. Апошнія ўжо не за бюджэтныя сродкі, а ў якасці шэфскай дапамогі выдалілі дзевяць аварыйных дрэў у бярозавым гаі пры ўездзе ў аграгарадок.
Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.