Первый тысячник появился на Миорщине
Гэтага ўсе чакалі, і радасная вестка прыйшла. Познім вечарам 30 ліпеня стала вядома, што камбайнер СУП «Цітова» Анатоль Сачыўка на замежным камбайне NEW HOLLAND першым на Міёршчыне намалаціў тысячу тон зерня. Калі дакладна – 1096.
Ушанавалі перадавіка на наступны дзень на пшанічным полі ля вёскі Субачава. Яно вялікае і дагледжанае, пасевы чыстыя, без пустазелля і камення. Таму забяспечваюць самы вялікі ўраджай у раёне, каля 36 цэнтнераў на круг. Анатоль Сачыўка з раніцы працягваў абмалот. З поўным бункерам зерня ён ненадоўга спыніў работу, пад’ехаў да гасцей.
Віншаванні адрасаваў першаму камбайнеру-тысячніку старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў, уручыў пісьмо-падзяку. Генеральны дырэктар ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Васіль Хамёнак прывёз падарунак, а вядучы спецыяліст Анжэліна Танкавід і бухгалтар Ірына Кажэўская прыпаднеслі каравай.
Анатоль Паўлавіч – выдатны знаўца новай тэхнікі, адказны работнік, незаменны працаўнік, які ўжо ў другі раз стаў першым камбайнерам-тысячнікам на Міёршчыне. Гэта гонар і гордасць для кіраўніка, узор для іншых хлебаробаў. Таму да слоў прызнання ад дырэктара гаспадаркі Франца Вершалоўскага і кіраўніка прафкама Святланы Сачыўка – грашовая прэмія.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Леанід Хахель ушанаваў перадавіка жніва прафсаюзнай Ганаровай граматай і лідарскімі майкай і кепкай. Такую ж форму ўручыў прадстаўнікам сельгаспрадпрыемства.
Урачыстасць на полі доўжылася нядоўга, хлебароб-тысячнік выгрузіў з бункера азімую пшаніцу ў МАЗ і скіраваў камбайн з вымпелам «Пераможцу спаборніцтва» ў ранейшы загон на пшанічным полі. Надвор’е дазваляе, тэхніка надзейная, ёсць імкненне працаваць – трэба як мага хутчэй абмалаціць ураджай да апошняга зярнятка.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.