Ушачанка купила перьевую подушку, но ни пуха, ни пера там практически не оказалось
Ні пуха, ні пер’я. Звычайна гэты выраз выкарыстоўваюць у супрацьлеглым значэнні. Калі жадаюць паляўнічаму, то якраз дзеля таго, каб паспрыяла ўдача, і ён вярнуўся з птушкай ці зверам. Калі перад пачаткам нейкіх мерапрыемстваў, то каб яны паспяхова завяршыліся. Відаць і ў магазіне адзення, што ў будынку КБА, таксама добра ведаюць гэтую аптымістычную прымаўку, толькі выкарыстоўваюць не на словах, а на справе.
Канечне, удачу павінна прыносіць падушка быццам бы расійскай вытворчасці, якая на 30 працэнтаў складаецца з пуху і на 70 – з пер’я. Так думала і ўшачанка, што вырашыла абнавіць спальныя прыборы. Мяккая, танная – 10 рублёў. Толькі вось пачалі муліць нейкія жаўлакі, таму і вырашыла ўспушыць, узбіць пяро.
Расшыла насыпку – а там чаго толькі няма? Абрэзкі тканіны, паперы, вацін, толькі зусім няма пуху і паміж гэтага смецця рэдкія пярынкі, працэнты гэтак з тры.
Набіваць падушкі, канечне, можна чым хочаш, рэшткамі рознага матэрыялу таксама, толькі і пісаць трэба адпаведнае: падушка з адходаў. Ці з гумарам абыграць, што гэта тавар на ўдачу – ні пер’я там, ні пуху.
Пакупніца, дарэчы, не панесла яе назад у гандлёвую кропку, проста хацела папярэдзіць іншых на выпадак, калі яны таксама вырашаць абнавіць падушкі, не верыць напісанаму.
Вольга Караленка.