Уборочная кампания-2019 в ОАО «Ильюшинский»

Источник материала:  
30.07.2019 — Разное

У сераду, нягледзячы на неспрыяльныя прагнозы, дождж адпачываў. Таму пасля абеду азімая пшаніца ля Вуглоў падсохла і прымала камбайны ААТ “Ільюшынскі”. Здавалася, тром КЗС-1218 “Палессе” не было дзе развярнуцца на вузенькай ля дарогі стужцы збажыны, але гэта толькі на першы погляд – за пагоркам пачыналіся вялікія плошчы, якія распасціраліся амаль да самага аграгарадка. “Хопіць усім!” – усміхаецца галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Сяргеевіч Селівёнак.

Меў ён на ўвазе не толькі гэты 40-гектарны ўчастак. Плошчы зерневых і зернебабовых да ўборкі ў “Ільюшынскім” самыя вялікія ў раёне – амаль 2200 гектараў, што на 400 з лішнім больш чым у суседзяў-вялікадальчан і на 800 – у “Маяку-Ушацкім”. Менавіта гэтыя гаспадаркі дадуць асноўны вал зерня, бо ў суме на іх палетках знаходзіцца палова збажыны раёна. Праўда, пакуль яна амаль уся на карані, бо надвор’е не дае разгарнуць жніво шырокім фронтам.Уборочная кампания-2019 в ОАО «Ильюшинский»

Тры камбайны, якія вялі ўборку ля Вуглоў, сёлета ўжо абкатаныя. Уладзімір Урбан убіраў свірэпіцу, Уладзімір Лёля і Анатоль Спірыдзёнак – азімы рапс. Гэта культура не парадавала, па словах А.С.Селівёнка, ураджайнасць склала каля 9 цэнтнераў з гектара. А вось азімая пшаніца дае пад 30 – на чыстым залацістым полі не было відаць зялёных астравоў пустазелля, хімпраполка зрабіла сваю справу.

Агрэгаты рухаліся паволі, якасці ўборкі ў гаспадарцы надаецца належная ўвага. “Наладжваем камбайн зыходзячы з вопыту, “на вока”, а ўжо непасрэдна ў полі праводзім рэгуліроўку, – расказвае У.Урбан. – Машыны няновыя, маёй, напрыклад, дзявяты год, у А.Спірыдзёнка – на год маладзей”. У мяне на вачах пераналадзіў камбайнер і капаклад, каб шлейф саломы клаўся вузей і ўвесь захопліваўся прэс-падборшчыкам – сельгаспрадпрыемству з вялікім пагалоўем жывёлы яе трэба назапасіць многа.

Глеба пад нагамі нагадвае пластылін, бо яшчэ добра не прасохла. Між іншым, камбайны не буксуюць і паліва марна не пераводзіцца. А вось вільготнасць зерня была высакаватая, таму Антон Коўшаль дастаўляў яго на зернесушыльны комплекс. Улічваючы невялікую адлегласць да цэнтральнай сядзібы, працаваў хлопец на адвозцы адзін, але камбайны практычна не прастойвалі.

– Канечне, гэтага малавата, – кажа А.С.Селівёнак і не ўтойвае праблем. – Рыхтуем тэхніку: трактары, прычэпы, мяняем рухавік на МАЗе, які так недарэчы выйшаў са строю – калі ўборка распачнецца масава і далей ад складской гаспадаркі, нам неабходна будзе мець на адвозцы мінімум пяць адзінак. Таксама аўтамабіль павінна выдзеліць ПМК-66.

Такая патрэба ў тэхніцы тлумачыцца тым, што ў гаспадарцы плануецца задзейнічаць яшчэ тры камбайны КЗС-10К “Палессе”. Іх падрыхтоўку вядуць Анатоль Усовік, Мікалай Казачонак і Мікалай Ступко – склад камбайнераў у “Ільюшынскім” на працягу апошніх гадоў не мяняецца. А вось працаваць сёлета ўсе будуць па адным, без памочнікаў. “Раней як было? – з лёгкім сумам прыгадвае А.С.Селівёнак. – Пайшоў механізатар на камбайн – на яго трактар прыходзіць другі чалавек. Зараз жа тэхніка вымушана прастойваць, бо пасадзіць за руль проста няма каго”.

Адсюль і, можна сказаць, вымушаны ўніверсалізм трактарыстаў-машыністаў – практычна кожны выконвае любыя работы. Той жа А.Коўшаль адвозіць збожжа, якое сам і сеяў, і А.Усовік у прамым сэнсе гэтага слова будзе пажынаць плады сваёй працы, хтосьці араў, хтосьці рыхтаваў глебу або ўносіў угнаенні ці ажыццяўляў доглядныя работы. Нельга не пагадзіцца са словамі галоўнага агранома – і сапраўды, спраў хапае ўсім і не толькі падчас жніва, а на працягу ўсяго земляробчага цыкла. Але нягледзячы на ўсе цяжкасці, у гаспадарцы спадзяюцца на паспяховае правядзенне ўборачнай: не падвяло б надвор’е, а мясцовыя механізатары – ніколі.

Дзмітрый Раманоўскі.

←До +50°C! Франция подсчитывает убытки от рекордной жары

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика