На мяжы з Літвой памежнікі са стральбой затрымлівалі "джып" парушальніка
gpk.gov.by
Увечары 28 ліпеня ў Воранаўскім раёне ў памежнай паласе за 30 метраў ад мяжы з Літвой памежнікі выявілі "джып" без рэгістрацыйных нумароў. Каля машыны знаходзіўся невядомы мужчына, паведамляе прэс-служба Памежнага камітэта.
Пабачыўшы памежнікаў, мужчына сеў у аўто і пачаў уцякаць. Ён праігнараваў неаднаразовыя патрабаванні спыніцца. Каб спыніць уцекача, памежнікі пачалі страляць па яго аўтамабілі.
Крыху пазней яны пабачылі аўтамабіль з прабітымі коламі на полі. Кіроўцу затрымалі праз некалькі гадзін у яго дома. Жыхар вёскі Бражэльцы Воранаўскага раёна патлумачыў, што на рэжымную тэрыторыю трапіў падчас збору дароў прыроды, а ўцякаць вырашыў, бо чагосьці спалохаўся.
На мужчыну склалі адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне памежнага рэжыму і непадпарадкаванне. Яму пагражаюць вялікія штрафы.