«Вартавая» Забор’я

Источник материала:  
20.07.2019 — Разное

Антаніна Грыгор’ева з в. Забор’е, што ў Пальмінскім сельсавеце, 15 чэрвеня адзначыла 90-гадовы юбілей. Выказванне «Дзе нарадзілася, там і згадзілася» — гэта пра яе. Ад нараджэння ўвесь час жанчына жыве тут, у родных мясцінах, а ўжо больш за 25 гадоў — адна на ўсю вёску. Яна ні на што не крыўдуе і не скардзіцца, нават на лёс свой адзінокі. Антаніна Якаўлеўна лічыць, што, пэўна, так патрэбна Богу, каб яна засталася «вартавой» сваіх чароўных мясцін, дзе ў суладдзі з цішынёй і праводзіць кожны новы дзень.

«Вартавая» Забор’я

Адразу за падворкам Антаніны Грыгор’евай растуць бярозы, навокал раскінуліся палі, на паляне, за высокім плотам, — пчалярня Гарадоцкага лясгаса. Звычайную цішыню гэтых мясцін парушаюць толькі рэдкія машыны.

  — Сяджу, як у раі, — усміхаючыся, кажа Антаніна Якаўлеўна. — Кветкі ўвесну цвітуць, птушкі спяваюць. Выйду на вуліцу, сяду на лаўку, паветрам надыхаюся. Раніцай паціху ў печы распалю, есці сабе прыгатую. Іншы раз, бывае, сум нейкі агорне, але паразмаўляю па тэлефоне са знаёмымі — лягчэй стане. Ды і брат стрыечны з Гарадка часценька наведваецца, дапамагае.

  Бабуля Антаніна ўзгадвае дзяцінства. Бацькі яе працавалі ў калгасе імя Варашылава, у сям’і было шасцёра дзяцей. Яна ўспамінае, што на пачатку вайны бацька не змог дабрацца да ваенкамата, бо кругом былі ўжо немцы, і застаўся дома. Потым сям’я перабралася да цёткі ў Гарадок. У 1943 г., калі ехалі ў сваю вёску, убачылі, як немцы палілі канюшню з людзьмі і хаты сяльчан. Іх дом першы быў ахоплены полымем.

  -  Калі вызвалілі мясцовасць, — працягвае Антаніна Якаўлеўна, — прыйшлося жыць у зямлянках. Я на валах і лес цягала, і сеяла. Мая вага ў той час была 30 кг, а валы ў спякоту, бывала, бягуць у лес і мяне цягнуць. Крыху пазней выйшла замуж, нарадзілася дачка, але сямейнае жыццё не заладзілася. Праз некаторы час сасватаў мяне мужчына з двума дзеткамі, я і згадзілася.

  Антаніна Грыгор’ева доўгі час працавала даяркай на ферме ў Валадарцы. Трымалі з мужам вялікую хатнюю гаспадарку і паспявалі ўсюды. Ужо 50 год жанчына з’яўляецца інвалідам 2-й групы, але за ўвесь гэты час яна ніколі не адступала перад цяжкасцямі.

  — 26 год таму засталася без гаспадара. Аднак не сяджу склаўшы рукі, бо рух — гэта жыццё, — адзначае жанчына.

  Бабуля Антаніна — чалавек з вялікім пачуццём гумару, ведае шмат народных песень. Летам з нецярпеннем чакае ў госці дачку, дваіх унукаў, унучку ды траіх праўнукаў. Неабходныя прадукты ёй дастаўляе аўталаўка, прывозіць паштовая машына. Не пакрыўджана адзіная жыхарка вёскі і ўвагай з боку сельвыканкама. Жанчына — сапраўдны патрыёт малой радзімы, бо бязмежна любіць свае мясціны, дзе ўвечары спявае салавей, а ранкам кукуе зязюля.

Галіна ЯКАЎЛЕВА, г. Гарадок.

 

 

←На АЭС в 500 км от белорусской границы произошли отключения

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика