Организация, которая является главным заказчиком строительных объектов района, на днях получила нового руководителя
Будоўля
Кіруючы капітальным будаўніцтвам
Прадстаўляць чытачам “раёнкі” Аляксандра Ганчарова патрэбы няма: сённяшні дырэктар КУДП “Упраўленне капітальным будаўніцтвам” у свой час узначальваў ПМК № 95 “Вадбуд”, рыбгас “Свіслач”, тое ж УКБ і турыстычны комплекс філіяла “Асіповіцкае УМГ ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”.
Натуральна, гаворку з Аляксандрам Іванавічам пачынаем з агляду спраў на галоўных будпляцоўках горада:
— Рамонт даху СШ № 4, канешне, больш прадказальная справа. І вядзецца ўсё граматна: работнікі філіяла “Будаўніча-мантажны цягнік № 761 па станцыі Магілёў” здымаюць дэфармаваныя пліты перакрыцця, адразу кладуць новыя і ўзнаўляюць гідраізаляцыю. Усяго трэба замяніць 90 пліт — сёння амаль чвэрць даху адрамантавана. Пры такіх тэмпах работы будаўнікоў заняткі ў школе без сумненняў пачнуцца 1 верасня.
Бальнічны корпус ужо выйшаў на фінішную прамую. Зараз паралельна з завяршэннем будаўнічых работ актыўна ідзе закуп і мантаж медабсталявання. Камп’ютарны тамограф, напрыклад, ужо ўстаноўлены цалкам.
— А ці будуць узводзіцца іншыя буйныя аб’екты сёлета?
— На ліпень запланаваны пачатак работ па чарговым 108-кватэрным жылым доме ў мікрараёне вуліцы Чарняхоўскага. Крыху пазней — па 36-кватэрным у Ялізаве. Апошні можна назваць жыллём будучыні: у гэтым доме кожная кватэра будзе мець уласную сістэму забеспячэння цяплом і гарачай вадой. У пасёлку ўжо існуе такі дом, здадзены ў 2011 годзе. Праблем з эксплуатацыяй індывідуальных сістэм ацяплення не ўзнікала, а расходы на ўзгаданыя вышэй камунальныя выгоды атрымліваюцца меншымі, чым пры цэнтралізаваным забеспячэнні.
— «Упраўленне капітальным будаўніцтвам» не бюджэтная ўстанова і таму павінна атрымліваць ад сваёй дзейнасці даход. Калі аб’ектаў няшмат, якія могуць быць прыбыткі?
— За студзень-май рэнтабельнасць арганізацыі была станоўчай, хоць і зусім не вялікай, таму грошай хапае “ўпрытык”. На другое паўгоддзе чакаецца павелічэнне прыбыткаў яшчэ і за кошт выйграных тэндараў на аказанне паслуг у галіне будаўніцтва па-за межамі Асіповіцкага раёна. Інжынерны патэнцыял УКБ высокі, ды і перавагі ёсць, таму на таргах адчуваем сябе ўпэўнена.
Увогуле задача стаіць такая: усе распачатыя работы па праектаванні трэба скончыць сёлета, каб у наступным годзе сканцэнтравацца толькі на арганізацыі будаўніцтва. У Асіповічах плануецца правядзенне абласных “Дажынак”, а падрыхтоўка гэтага фэсту прадугледжвае вялікі аб’ём будаўнічых спраў. І ўдзел нашай установы ў іх — абавязковы.
Дзмітрый САЎРЫЦКІ.
d.savrickiy@gzt-akray.by