Беларусь, Расія і Латвія ў 60-ы раз сабраліся на Кургане Дружбы
08.07.2019
—
Разное
60 год сяброўства і адзінства
Шматлюднай, яркай і ўрачыстай была сёлетняя сустрэча на Кургане Дружбы. 7 ліпеня тут у 60-ы раз сабраліся ветэраны партызанскага руху, былыя франтавікі, прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, грамадзяне Беларусі, Расіі, Латвіі і іншых краін, каб пацвердзіць сваю прыхільнасць ідэалам міру, добрасуседства і справядлівасці, за якія ваеннае пакаленне самааддана змагалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Беларускую дэлегацыю ўзначальваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, расійскую – губернатар Пскоўскай вобласці Міхаіл Вядзернікаў, латышскую – дэпутат Сейма Латвіі Артур Рубікс.
У святочных мерапрыемствах брала ўдзел і шумілінская дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Шалахавай, у дэлегацыю ўвайшлі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў раёна.
Гаспадаром свята сёлета быў расійскі бок, таму сустрэча пачалася на тэрыторыі Расіі з ускладання кветак да помніка разведчыцы Марыі Пынто, затым – да манумента героям-камсамольцам вёскі Прошка ў Беларусі. Пасля гэтага кіраўнікі Віцебскай і Пскоўскай абласцей перадалі кошык з кветкамі для ўскладання да помніка Герою Савецкага Саюза Іманту Судмалісу на тэрыторыі Латвіі. Па традыцыі ўсе разам спявалі “Кацюшу”.
Пасля літыі па загінуўшых воінах-вызваліцелях, якая прайшла ў капліцы Сергія Раданежскага, адбыўся ўрачысты мітынг, у пачатку якога кіраўнік дэпартамента па рэгіянальнай палітыцы Адміністрацыі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Герой Расіі Аляксей Раманаў зачытаў віншавальную тэлеграму ад Уладзіміра Пуціна.
Да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся Мікалай Шарснёў, Міхаіл Вядзернікаў, Артур Рубікс, кіраўнікі беларускіх і расійскіх грамадскіх арганізацый, якія нагадалі пра баявое супрацоўніцтва народаў трох краін у гады Вялікай Айчыннай вайны, пра інтэрнацыянальную партызанскую зону, што была на гэтых землях, пра плённае супрацоўніцтва паміж краінамі і рэгіёнамі зараз. Выступаючыя падкрэслівалі, што Курган Дружбы за 60 год стаў месцам сяброўства і яднання народаў.
Феерычнымі атрымаліся выступленні воінаў-пагранічнікаў і кінолагаў з сабакамі, дэсантнікаў 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой Чарнігаўскай Чырванасцяжнай дывізіі. Канцэртную праграму склалі выступленні ансамбля песні і танца Заходняй ваеннай акругі і ўзорна-паказальнага аркестра Акадэмічнага ансамбля песні і танца войск нацыянальнай гвардыі, а таксама група “Партызан FM”.
Багата было розных цікавых інтэрактыўных пляцовак: партызанскі лагер са шпіталем, лазняй, друкарняй, зямлянкай, выстава рэканструяванай тэхнікі і ўзбраення. Многія госці свята прайшлі “курс маладога байца”.
Завяршылася сустрэча на Кургане Дружбы традыцыйным партызанскім вогнішчам дружбы. Ветэраны і партызаны ўспаміналі свой баявы шлях. Да кожнага з гэтых паважных людзей падышлі кіраўнікі дэлегацый, падзякавалі ветэранам за перамогу, за сённяшняе мірнае неба, пажадалі моцнага здароўя і выказалі цвёрдую ўпэўненасць, што памяць пра іх подзвіг будзе жыць вечна, перадаючыся з пакалення ў пакаленне.
Дарэчы, сярод актыўных ўдзельнікаў мерапрыемстваў былі маладыя людзі з Віцебскай і Пскоўскай абласцей, якія спаборнічалі падчас маладзёжнага турзлёту, што прайшоў на Кургане Дружбы 5-7 ліпеня. Мікалай Шарснёў адзначыў, што эстафету сустрэч на Кургане Дружбы павінна падхапіць моладзь, каб працягнуць цесныя стасункі паміж народамі ў будучым.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №53 ад 09.07.2019 г.