У дзень нараджэння жонкі 33-гадовы вясковец загінуў у міліцэйскай машыне
Аднакласнікі / Дзмітрый Захарчэня
“Не скажу, што зусім дрэнная сям’я. Рознае бывала, але не пілі, каб ляжаць. А Дзмітрый добры работнік: і плітку клаў у царкве, і па людзях. Прадукты заўсёды дзецям купляў, — кажа суседка загінулага Дзмітрыя Захарчэні. — А што там на самай справе адбылося… У вёсцы лічаць, што не сам ён. Гэта ж вёска… Тут розныя версіі ўжо. Але не вераць, што сам”.
33-гадовы будаўнік Дзмітрый Захарчэня памёр у міліцэйскай машыне ўночы на 6 ліпеня. У вёску Стрыгава Кобрынскага раёна міліцыянеры прыехалі па выкліку на сямейны скандал. Па версіі МУС, на нейкі час Дзмітрыя пакінулі аднога ў аддзяленні для затрыманых службовай “Газелі”, дзе ён і ўчыніў самагубства.
У той вечар у сям’і Захарчэняў адзначалі дзень нараджэння жонкі Вольгі. Цяпер яна засталася адна з двума сынамі: аднаму пяць, другому сем гадоў.
“Калі па святах выпіваюць, тады ва ўсіх праблемы з алкаголем ёсць”
У Стрыгаве жыве каля 500 чалавек. У вёсцы свая школа і дзіцячы садок, дзве крамы, пошта, ферма. Суседзі Захарчэняў распавядаюць, што ў сям’і маглі выпіць і пасварыцца, але не больш за тое. Дзмітрый ужываў спіртнога не больш за іншых.
У Стрыгаўскім дзіцячым садку — сярэдняй школе Еўрарадыё кажуць, што дзеці Захарчэняў былі дагледжаныя. У самагубства Дзмітрыя там таксама не вераць.
“Калі па святах выпіваюць, тады ва ўсіх праблемы з алкаголем ёсць, — кажуць у школе. — Дзень нараджэння жонкі святкавалі, таму, як кажуць, былі нападпітку. Выпівалі, але ў вёсцы ніхто іх у ляжачым стане не бычыў.
Не скажу, што быў агрэсіўным. Ён нармальны чалавек, і каб сам…Нават не ведаю. Усе ў шоку. Малады хлопец! Тут усе, каго не запытаецеся, не вераць, што сам мог [учыніць самагубства. — Еўрарадыё]”.