В рамках республиканской акции матерям новорожденных
Па даўно заведзенай традыцыі ў рамках рэспубліканскай акцыі матулям нованароджаных, якія з’явіліся на свет напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі, уручылі падарункі.
Трэцяга ліпеня з пачэснай місіяй павіншаваць матуль у радзільнае аддзяленне Міёрскай ЦРБ завіталі старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” Алена Шамёнак, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Вікторыя Пяткевіч і спецыяліст аддзела загс Вольга Юнок. Святое месца, дзе адбываецца таінства нараджэння, напоўнена святлом і цяплом. Цяпер тут ціха. У аддзяленні чатыры цяжарныя жанчыны, у дзвюх з іх падыходзіць адказны этап, які завершыць дзевяць месяцаў. Гэтых не трывожылі. Зазірнулі ў палаты, куды нядаўна наведаўся бусел.
Маленькі скрутак салодка пасопваў. Гэта дзяўчынка. Яе маці Святлана Рачыцкая ззяе ад шчасця і эмоцый не ўтойвае. Сама адзначае дзень нараджэння разам з галоўным святам краіны, і Алёнка цэліла на важную дату. Аднак крышку не дацярпела, з’явілася на свет напярэдадні – першага ліпеня. Святлана вельмі хацела дачушку, бо сынок ужо ёсць. Трохгадовы Андрушка з татам Юрам чакаюць, турбуюцца, сумуюць ва ўласным доме ў райцэнтры.
Шчаслівая матуля і Алеся. Прыехала ў радзільню з Ідолта. Сучаснае аснашчэнне аддзялення, чулы і кваліфікаваны медыцынскі персанал пасадзейнічалі таму, што і трэці сынок у сям’і Пазняк з’явіўся на свет здаровенькі. Назвалі Марк. Дзень нараджэння будзе адзначаць 28 чэрвеня. Старэйшаму хлопчыку споўнілася шэсць. Дзецям ужо не церпіцца паняньчыцца з малодшым брацікам.
Алена Шамёнак знайшла для Алесі Пазняк і Святланы Рачыцкай самыя лепшыя словы, пажадала выхоўваць сваіх крывінак моцнымі целам і духам, здаровымі на дабрабыт роднага краю і краіны. Уручыла прэзенты ад “Белай Русі”. Такая традыцыя грамадскай арганізацыі, якая заведзена ў рамках акцыі “З любоўю да дзяцей”. Да віншаванняў далучыўся раённы камітэт “БРСМ”. Аддзел загса выдаў новым жыхарам Міёршчыны пасведчанні аб нараджэнні і даведачную інфармацыю пра значэнне іх імён.
А медыцынскі персанал радзільнага аддзялення запрашаў маладых матуль наведацца да іх яшчэ. Госці падзякавалі яму за пачэсную місію сустракаць новае жыццё. Гэтыя людзі нераўнадушныя ў сваёй прафесіі, а таму можна быць спакойнымі за жанчын і іх дзяцей.
ДАРЭЧЫ
З дня наваселля ў радзільным аддзяленні Міёрскай ЦРБ з’явіліся на свет 105 немаўлятак. За першае паўгоддзе сёлета — 42. Калі разглядаць у маштабах раёна, бэбі-буму не назіраецца. Падцягнуць дэмаграфічную сітуацыю імкнуцца самі акушэр-гінеколагі ўстановы аховы здароўя. Свая цяжарнасць і роды – неацэнны прафесійны вопыт, які набываюць маладыя ўрачы.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Наталія СТАНКЕВІЧ.