Пенсіянер з Дабеі на возеры Мошна вылавіў з дапамогай сеткі 21 кг рыбы. Рыба аказалася «залатой»
“Залатая” рыбка з Дабейскага возераНа мінулым тыдні следчыя раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь узбудзілі крымінальную справу па факце незаконнай лоўлі рыбы. “У маі ў час, калі дзейнічала забарона на лоўлю рыбы, пенсіянер з Дабеі на возеры Мошна вылавіў з дапамогай сеткі 21 кг рыбы. Гэты факт быў зафіксаваны інспектарамі Гарадоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, – расказвае старшы следчы райаддзела Віктар Казлоўскі. – Быў прызначаны шэраг экспертыз, у тым ліку і іхтыялагічная. Па выніках іх была ўзбуджана крымінальная справа па факце незаконнай лоўлі рыбы, якая пацягнула нанясенне страт у асабліва буйных памерах”. Зараз вядзецца следства. Пакуль што шмат пытанняў, на якія павінны знайсці адказы следчыя. Так, мужчына настойвае на сваіх паказаннях: – ...Увечары на возеры ўбачыў лодку з двума маладымі мужчынамі. Яны нешта рабілі на возеры. На наступны дзень пад вечар узяў сваю лодку і вырашыў паглядзець, што яны рабілі. Калі падплыў да месца, то ўбачыў сетку. Вырашыў яе выцягнуць на бераг. А тут мяне чакаюць інспектары... Следчыя правяраюць гэтыя паказанні. Але ўжо “ўсплылі” некаторыяпадрабязнасці: мужчына неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за незаконную лоўлю рыбы. Так што пра няведанне закона, якое, як вядома, не вызваляе ад адказнасці, гаварыць не прыходзіцца. “Нягледзячы на гэта, учынак мужчыны ўтрымлівае прыкметы супрацьпраўнага дзеяння, – тлумачыць Віктар Казлоўскі. – Бо ні ў ніякім разе нельга было выцягваць сетку з рыбай на бераг. Законапаслухмяны грамадзянін, калі ў вадзе заўважыў незаконныя прылады лоўлі, павінен быў паведаміць у інспекцыю. А гэтага не было зроблена”. Злоўленая рыба для пенсіянера можа стаць залатой. У тым выпадку, калі ён будзе прызнаны вінаватым, мужчына павінен будзе кампенсаваць нанесеныя дзяржаве страты – гэта сума складае 26 тысяч рублёў. А ўвогуле санкцыя артыкула “Незаконная здабыча рыбы” прадугледжвае пакаранне аж да пазбаўлення волі на тэрмін да 6 год. Алесь САКАЛОЎ.Надрукавана ў №51 ад 02.07. 2019 г.