Вспоминает бывший связной партизанской бригады в Докшицком районе

Источник материала:  
30.06.2019 — Разное

Вспоминает бывший связной партизанской бригады в Докшицком районе
Рыгору Гушчыку з Таргуноў, калі пачалася вайна, было 10 гадоў. Па сённяшніх мерках дзіця, але той час  застаўся для яго самай трагічнай і самай значнай падзеяй на ўсё жыццё. У Рыгора Ісакавіча да нямецка-фашысцкіх акупантаў свой асабісты рахунак. 

Сям’я Гушчыкаў жыла тады ў вёсцы Свіное (зараз Першамайск). Яна, а яшчэ Дзедзіна, Сценка, Рачныя, хутары, якіх было шмат у наваколлі, – гэта былі тыя населеныя пункты, на якія абапіралася партызанская брыгада імя У.І. Леніна. Яна дыслацыравалася ў горнаўскіх лясах, і адной з галоўных яе задач быў кантроль над Крулеўшчынскай чыгункай. Таму на хутарах спыняліся на начлег групы падрыўнікоў. Сярод жыхароў у кожным населеным пункце былі партызанскія сувязныя. У Свіным сярод іншых — старэйшы брат Рыгора Мікалай. Мікалай пры Польшчы ўжо быў членам камсамольскага падполля. Падтрымліваў сувязь з Мікалаем Таляронкам з Малажань. Таму дома, па ўспамінах Рыгора Ісакавіча, заўсёды былі кнігі, улёткі, якія брат хаваў у патаемных месцах. Калі пачалася вайна, ён не мог не ўключыцца ў барацьбу. Хадзіў у Таргуны, Докшыцы, Крулеўшчыну за разведдадзенымі, а потым за імі наведваліся партызанскія разведчыкі. Так і жылі: ноччу чакалі партызан, днём – немцаў і ўсё баяліся, што паставяць да сцяны. Прыкладна так і здарылася. Мікалая ўзялі, калі ехаў за соллю ў Параф’янава. Моцна білі, ужо паставілі шыбеніцу, каб павесіць, але маці нейкім неверагодным чынам удалося яго выкупіць. Адляжаўся некалькі дзён дома, пакуль змог падняцца на ногі, выцепліў лазню, памыўся, адкапаў схаваную зброю і падаўся ў партызаны. У адным з баёў быў моцна паранены, партызанскае камандаванне вырашыла яго пераправіць за лінію фронту ў шпіталь, ужо ў самалёце ён памёр. На змену брату ў сувязныя пайшла сястра Надзя, дзяўчына вельмі прыгожая, чарнавокая. Каб смялей было хадзіць па вёсках, брала з сабой меншага брата. Так Рыгор таксама стаў партызанскім сувязным.
Не можа забыць, як галасіла маці, калі арыштавалі бацьку, яе братоў, як паляглі ў Свіным вясной 1944 года разведчыкі брыгады з атрада асобага прызначэння, якія прыехалі за зводкамі да сувязных і харчамі. Разам з імі загінуў і сам сувязны. Калі выйшлі з акружэння, партызаны пакляліся ніколі не забываць загінулых таварышаў. Не забывае іх і Рыгор Ісакавіч. У свой час ён вёў перапіску з некаторымі з тых, хто выйшаў жывым з ваеннага пекла, беражліва захоўвае пісьмы, кожную публікацыю ў газеце пра баявыя дзеянні партызанскай брыгады імя У.І. Леніна.
– Вечная памяць камбрыгу Максіму Гарбаценкаву, камандзіру 2-га атрада Рыгору Слабухіну, камісару Паўлу Панкратаву, камандзіру 2-га ўзвода 2-га атрада Стракалаву, камандзіру брыгаднай разведкі Мікалаю Дарнапыху, камандзіру 1-га атрада Лансбергу, падрыўнікам Сцяпану Пракапуку, Сцяпану Гарнадыну, Канстанціну Коласаву, Георгію Васілевічу, разведчыцы Кацярыне Ралёнак і многім, многім іншым баявым таварышам, – гаворыць былы старшыня ветэранскай арганізацыі ААТ “Таргуны” Рыгор Гушчык.
У яго было багатае, цікавае жыццё, якое Рыгор Ісакавіч стараўся пражыць і за тых, хто ахвяраваў ім за Перамогу. Адным з першых уступіў у калгас. Быў шафёрам, механікам, а потым доўгі час працаваў інжынерам калгаса “Зара камунізму”. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, два разы прымаў удзел ва Усесаюзнай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.
НА ЗДЫМКУ: успаміны трывожаць душу ветэрана.

←Лидчанин присвоил топливо двух организаций на 2,9 тыс. рублей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика