Подскажет летний патруль! Сотрудники МЧС и члены БМООП напомнили ушачанам про безопасный отдых на воде
З пачатку года на вадаёмах краіны патанула ўжо 159 чалавек, 16 з якіх – дзеці. Як сябе паводзіць на вадзе, на мінулым тыдні на беразе Вечалля нагадваў ушачанам летні патруль – супрацоўнікі МНС сумесна з членамі маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, актывістамі БРСМ штогод праводзяць такую прафілактычную акцыю.
Разлічвайце свае сілы!
Найбольш спрыяльныя ўмовы для купання – яснае і бязветранае надвор’е, тэмпература паветра 25 і больш градусаў, а вады – не ніжэй 18. Ні ў якім разе нельга плаваць у стане алкагольнага ап’янення, ныраць у незнаёмых месцах. Калі вас захапіла цячэннем, трэба плыць уніз па цячэнні, паступова пад невялікім вуглом набліжаючыся да берага. Калі трапілі ў вір, набярыце як мага больш паветра ў лёгкія, пагрузіцеся ў ваду і, зрабіўшы моцны рывок у бок, усплывайце.
Не купайцеся на надзіманых матрацах і аўтамабільных камерах – іх можа аднесці далёка ад берага. Нельга ныраць пад тых, хто купаецца, хапаць іх за ногі, “тапіць”, падаваць ілжывыя сігналы аб дапамозе. Не падплывайце блізка да лодак і катэраў.
Што рабіць, калі тоне чалавек?
Калі вы бачыце, што чалавек тоне, клічце на дапамогу, тэлефануйце выратавальнікам па нумарах 101, 112. Выратавальным сродкам можа стаць усё, што павышае плывучасць чалавека – круг, надзіманы матрац, дошка і іншае. Калі вы добра плаваеце, не губляйце часу, аднак падплывайце да тонучага не спераду, каб у прыступе панікі ён не зацягнуў у ваду, а са спіны. Падхапіце яго пад рукі ці за валасы, перавярніце тварам уверх і плывіце да берага. Выцягнуўшы тапельца, ацаніце яго стан. Калі чалавеку дрэнна і ён наглытаўся вады, пакладзіце пацярпелага на сагнутае калена жыватом (тварам уніз), так вада выйдзе з лёгкіх. Галава пры гэтым павінна вісець ніжэй грудной клеткі. Потым перавярніце пацярпелага, пакладзіце на спіну, праверце пульс і дыханне. Калі яно не аднавілася, пульс не адчуваецца – хутчэй пачынайце рабіць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца. Памятайце, што калі чалавек не дыхае некалькі хвілін, ён можа памерці.
* * *
– Мы заклікаем людзей быць вельмі пільнымі. Ні ў якім разе не пакідайце дзяцей без нагляду, растлумачце ім, як паводзіць сябе на вадзе, а таксама самі выконвайце правілы: прыклад бацькоў – лепш усялякіх слоў. Памятайце, што жыццё ў вас адно, – звярнуў увагу намеснік начальніка Ушацкага РАНС А.М.Уліновіч.
Праводзіць жа такія выезды патруль плануе да канца лета ва ўсіх месцах адпачынку, у тым ліку і ў лясных масівах на тэрыторыі раёна для папярэджання пажараў і ўзгаранняў у прыродных экасістэмах.
Вольга КАМАРКОВА.