Сведкі Вялікай Айчыннай вайны. Надзея Данілаўна Булка (вёска Чыкілі, Глускі раён)

Источник материала:  
23.06.2019 — Разное

Сведкі Вялікай Айчыннай вайны. Надзея Данілаўна Булка (вёска Чыкілі, Глускі раён)

Надзея Данілаўна Булка (у дзявоцтве Майсеенка) з вёскі Чыкілі добра памятае пачатак Вялікай Айчыннай вайны. У чэрвені 1941-га ёй ішоў 11-ы год. Дзіцячая памяць захавала шмат момантаў з жыцця падчас акупацыі, але іх асэнсаванне, кажа Надзея Данілаўна, прыйшло пазней, ужо ў сталым узросце.

— Я добра памятаю амаль усё, што адбывалася перад вайной і падчас акупацыі, — распавядае Надзея Данілаўна. — Нарадзілася я ў вёсцы Прыплавы. Бацька, Даніла Мікалаевіч, да вайны працаваў у леспрамгасе, а мама, Фядора Сямёнаўна, гадавала дзяцей ды займалася хатняю гаспадаркаю. Вёсачка наша маленькая — усяго 11 двароў. Аб тым, што пачалася вайна, вяскоўцы пачулі па радыё. Напалохаліся, безумоўна. Бацьку нашага на фронт у першыя дні вайны не забралі — яму на той час было ўжо крыху больш за 40 гадоў. У першую чаргу пайшлі маладзейшыя вяскоўцы. Немцаў за ўсе гады акупацыі ў нашай вёсцы не было. Я бачыла іх толькі адзін раз — праз некалькі дзён пасля аб’яўлення вайны. Мы з сябрамі каля рэчкі пасцілі гусей. Адзін з хлапчукоў, што быў разам з намі, і кажа: “А вы ведаеце, што немцы на нас зусім не падобныя? Яны ходзяць на карачках, як каровы на чатырох нагах”. І толькі ён гэта сказаў, як па лясной дарозе з боку Доўгага Леса нехта ці то ідзе, ці то едзе сагнуўшыся, як быццам на карачках. Мы налічылі больш за 100 чалавек. Гэта немцы ехалі на веласіпедах. Такі від транспарту мы ў сваім жыцці яшчэ ніколі не бачылі. “Ну вось, — усклікнуў хлопец, — я ж вам казаў, што яны на карачках ходзяць, а вы не верылі”. Больш немцаў мы за ўсю вайну ніколі не бачылі. Затое да нас вельмі часта завітвалі паліцаі — рэдка мясцовыя, а больш бранская паліцыя, што размяшчалася ва Усцярхах. Наша хата стаяла ў вёсцы першай ад лесу. Да нас і прыходзілі то партызаны, то паліцаі. Напрыклад, едуць партызаны на аперацыю — начуюць у нас, назад з аперацыі — таксама ў нас. Калі ўлетку, то мы на двары начуем, а яны ў хаце размяшчаліся. Зімою ўжо ўсе разам у хаце спалі: хто на печы, хто на сене на падлозе. Тату нашага і яшчэ некалькі байцоў на ноч заўсёды за вартавых ставілі. Вельмі страшна было: калі паліцаі дазнаюцца, што партызанам дапамагаем, — спаляць хату і нас пазабіваюць. Таму мы заўсёды былі напагатове, спалі не распранаючыся. Але ж дапамагалі ўсё роўна. Аднойчы ў канцы лета здарылася так, што ў адзін час у вёску прыйшлі і паліцаі, і партызаны — у розныя канцы. Мы з мамай жыта якраз жалі на сваім полі. Пачалася моцная страляніна. Я ж яшчэ дзіця неразумнае, мне цікава ўсё. Мама крычыць: “Лажыся на зямлю, бо застрэляць”, а я галаву падымаю, каб паглядзець, што адбываецца.

Вельмі часта ў вёску прыходзілі бранскія паліцаі — шукалі “ямкі” (месцы, дзе вяскоўцы прыхоўвалі запасы харчоў) — шомпаламі праверылі кожны кавалачак зямлі ва ўсіх дварах. Бацьку прымушалі ўступаць у паліцыю. Аднойчы нават забралі ў Глуск. Але маме нейкім чынам праз сваю знаёмую ўдалося яго вызваліць. Пасля гэтага выпадку тата пачаў адгадоўваць бараду, каб здавацца старэйшым за свой узрост. Чатырох маладых муж-чын-аднавяскоўцаў (Каблаша, Нікіціна, Клімовіча, Зубрыцкага) паліцаі абвінавацілі ў сувязі з партызанамі. Прыехалі, забралі іх у Глуск і там, пасля допыту і катаванняў, расстралялі.

Акупанты прыцягвалі да рознай працы нашых вяскоўцаў, асабліва тых, у каго былі коні ў гаспадарцы. Аднаго разу паліцаі загадалі нашым мужчынам падвезці да чыгуначнай станцыі ў Ратміравічы нямецкіх добра-ахвотнікаў. Мама тату не пусціла — пабаялася, што забяруць яго немцы добраахвотнікам разам з канём і калёсамі. Яна была ў нас жанчынай вельмі смелай, рашучай і паехала на кані сама. Справа скончылася добра, мама вярнулася к ночы дахаты.

Паліцаі, калі наведваліся ў Прыплавы, бралі ўсё, што, як кажуць, дрэнна ляжала, не грэбавалі нічым. У таты нават брытву забралі. Мама хавала посуд, з якога мы елі. У кладоўцы стаяў кублік з крышанай кіслай капустай (спецыяльна зробленай, мы яе не елі): як усе паснедалі, то посуд у капусту складвалі. Альбо вось такі момант запомніўся. Дзесьці ў пачатку 1941 года тата ездзіў у Мінск, каб набыць для нас адзенне: сабе, маме ды нам, траім дзецям, паліто купіць. У той час у вёсцы вопратку або якую тканіну купіць было нельга. З горада дахаты разам з ім ехаў знаёмы чалавек са Старога Сяла. Калі прыйшлі немцы, гэты знаёмы стаў супрацоўнічаць з акупантамі — яго назначылі бурмістрам у нашай акрузе. І вось ён прыйшоў да бацькі з патрабаваннем аддаць тую самую вопратку, набытую да вайны ў Мінску. Але частка вопраткі была ўжо надзейна схаваная, а штосьці забралі іншыя паліцаі.

Каб не пазабіралі кароў, іх вяскоўцы хавалі ў лесе. Нашу карову паліцаі забралі дзесьці ў сакавіку 1944 года. Пагналі мы сваю карміліцу з лесу напаіць вадою да ракі, і яны раптам на-ляцелі. Засталася карова толькі ў нашых суседзяў — карміліся яе малаком усе. Авечак забралі партызаны. На той час у нас было ўжо дзве кабылкі: адна меншая, а другая, вельмі добрая, старэйшая (я любіла на ёй ездзіць вярхом). Каб хаця адну пакінулі ў гаспадарцы, наш тата старэйшай кабыле нешта рабіў з капытом, і яна кульгала. Аднойчы нехта з партызан падняў нагу кабылы і ўсё зразумеў. “Хітруеш, дзед”, — сказаў ён і забраў нашу кабылу ў атрад. Праўда, меншую нам пакінулі.

Калі пачыналася страляніна, аблавы ці хапун, усе ўцякалі ў лес. Напрыклад, незадоўга да вызвалення паліцаі па вёсках шукалі дзяцей з блакітнымі вачыма — забіралі іх, каб кроў для нямецкіх салдат браць. У брата і ў сястры чорныя вочы, а ў мяне як раз “патрэбныя” блакітныя. Але мы разам уцякалі і пераседжвалі хапун за ракою ў лесе: у хмель схаваешся — і не відаць цябе.

Перад самым вызваленнем мы вось таксама схаваліся ў лясны хмель, а тут нямецкі самалёт наляцеў і давай страчыць з кулямёта па ўсіх канавах і кустах. Тата наш нацягаў з лесу дроў, насплаўляў па рацэ і злажыў іх на беразе. Па гэтых дровах кулямёт таксама вельмі доўга страчыў, быццам бы там хтосьці схаваўся. Пастраляў і паляцеў у бок Усцярхоў. А хутка з таго ж боку на мосце паказаліся нашы салдаты-вызваліцелі. Той самы варожы самалёт падняўся ў неба, і нашы яго збілі. Пілот паспеў выскачыць з парашутам, але яго схапілі і расстралялі. У Падвяззі, хвойніку паміж Усцярхамі і Балашэвічамі, быў бой чырвонаармейцаў з адступаючымі паліцаямі.

Мы, дзеці, таксама, як і дарослыя, вельмі чакалі прыходу нашых салдат, чакалі вызвалення. Мы таксама ведалі, адчувалі, што нашы дзесьці блізка. Аднаго разу мой брат убачыў самалёт, узрадаваўся і закрычаў нам: “Дзяўчаткі, глядзіце, самалёты с зоркамі ляцяць!” Праз некаторы час мама нас пагукала: “Дзеці, ідзіце хутчэй дахаты, нашы салдаты ідуць”. 

Вызваліцелі хутка прайшлі па Глускім раёне і пагналі ворага далей на захад. З радасці (а радасць была такая вялікая, што нават і страх прапаў) мама вырашыла схадзіць да сваіх родзічаў у Калацічы. Нас, малых, узяла з сабою. Але пайшлі мы не дарогаю на Глуск, а напрамкі праз лес і рэчку. Я цяпер думаю, навошта мы пайшлі, а калі б якія паліцаі або немцы засталіся, захаваліся ў лесе — пазабівалі б нас. На дарозе каля шляху на Бабруйск убачылі падбіты фашысцкі танк, і каля яго ляжалі чатыры забітыя немцы.

Пасля вызвалення нашага бацьку адразу прызвалі на фронт. Пайшоў на вайну з чорнай барадою, а вярнуўся ўвесь сівы.  У вёсцы засталіся толькі старыя мужчыны, якія ўжо не падыходзілі пад мабілізацыю, жанчыны ды дзеці. Вось яны і працавалі ў калгасе ды на сваіх палетках. Пакуль вяскоўцы не разжыліся коньмі, наша маленькая кабылка працавала на ўсю вёску адна. А бывала, што і дзеці ды жанчыны ўпрагаліся ў плуг ці барану.

Самае галоўнае, што я ўспамінаю з доўгіх трох гадоў фашысцкай акупацыі, — страх. Ён праследаваў і дзяцей, і дарослых. Гэта тое пачуццё, якое запамінаецца на ўсё жыццё і не патрабуе дадатковага асэнсавання. Мы кожны дзень бачылі людзей са зброяй, якая магла з лёгкасцю выстраліць і ў наш бок.

У пакалення дзяцей, што жылі або нарадзіліся падчас акупацыі, вайна адабрала шмат: бесклапотнае дзяцінства, родных і вялікую частку здароўя.

Запісала Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара

 (оригинал новости)
←«Мы соперники на поле и друзья в жизни»: Владимир Гуцаев и Анатолий Байдачный в Минске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика