В День памяти жертв фашизма будет увековечена память воинов, погибших при освобождении района

Источник материала:  
21.06.2019 — Разное
>

В День памяти жертв фашизма будет увековечена память воинов, погибших при освобождении района

Незвычайны ліст прынесла электронная пошта ў наш музей. Вестка пра далёкія ўжо дні пачатку Вялікай Айчыннай вайны прымчала да нас з сібірскага горада Кемерава.
Ліст пачынаўся з пытання: “Вы можаце дапамагчы знайсці месца пахавання афіцэра Чырвонай арміі, які загінуў пры абароне вашага раёна?”. А яго незвычайнасць у тым, што сярод мноства атрыманых намі лістоў пошукавага характару ён стаў першым, дзе гаворка ідзе пра лёс канкрэтнага чалавека, які ваяваў з гітлераўцамі на самым пачатку вайны і загінуў у нашых мясцінах. Такі ліст для нас асабліва дарагі.

Аўтар ліста з Кузбаса паведамляе: “Мой родны дзядуля, лейтэнант артылерыі Ірысаў Сяргей Пятровіч, геройскі загінуў у баі на беразе ракі Дзвіна 4.07.1941г. – гэта ўсё, што мы ведаем пра лёс дзеда з кароткага паведамлення ў пахавальным лісце.
Са з’яўленнем інфармацыі ў інтэрнэце высветлілі, што дзед ваяваў хутчэй за ўсё ў складзе 153-га артылерыйскага палка 98-й стралковай дывізіі, якая 20 чэрвеня 1941 года разгрузілася на станцыі Дрэтунь у Заходняй асобнай ваеннай акрузе і праз пяць дзён разгарнулася на фронце Дрыса – Дзісна. Праз шэсць тыдняў найцяжкіх баёў, у жніўні, у выніку велізарных страт з рэшткаў дывізіі змаглі сфармаваць усяго толькі 98-ы зводны стралковы полк.
Але мой дзед да гэтага часу ўжо загінуў, гэта значыць – праз некалькі дзён пасля разгортвання дывізіі на рубяжы абароны. Пра месца яго пахавання (калі яно існуе) нам нічога невядома. 98-я дывізія цалкам загінула, яна была заснавана 26 верасня 1941 г., таму архівы не захаваліся, страты ўдакладняліся ў 1942 годзе па месцы яе фарміравання ва Удмурцкай АССР.
У спісах загінулых, зладкаваных на друкарскай машынцы ўручную, пад нумарам 67 лічыцца лейтэнант І(?)рысаў Сяргей Пятровіч – камандзір узвода 153-га арт. палка 98-й стр. дывізіі, які загінуў 4.7.41 г. Там жа занатавана, што ён нарадзіўся ў 1917 г. у горадзе Анжэра-Суджанск Навасібірскай вобласці, быў кандыдатам ВКП (б), у Чырвонай арміі служыў з 1938 года.
Сумневы выклікае першая літара прозвішча – друкарская машынка прабіла на адным месцы і літару «І», і літару «С» або «О».
Дакладная дата нараджэння дзеда мне невядомая, але дата гібелі і астатнія дадзеныя супадаюць. Я дакладна ведаю, што перад вайной дзед быў прафесійным вайскоўцам, ён скончыў Томскае артылерыйскае вучылішча і служыў верагодна ва Удмурціі (дзе з 1939 г. фармавалася 98-я стралковая дывізія). Таму мяркую, што дадзеная інфармацыя – менавіта пра майго дзядулю.
Чамусьці ў спісе няма дадзеных пра жонку афіцэра (маю бабулю – Марыю Нічыпараўну, у дзявоцтве Кірылічаву), хаця да вясны 41-га яны пражылі не адзін год, мелі сына 37 года нараджэння і дачку (маю маму, цяпер ужо нябожчыцу) 27 красавіка 1941 года нараджэння.
Пакуль мама была жывая, мы штогод 4-га ліпеня ўскладалі кветкі ў Кемераве да помніка загінулым героям-кузбасаўцам і ўсё жыццё марылі аддаць даніну памяці нашаму продку, наведаўшы яго магілу.
Паважаныя супрацоўнікі музея!
Усе гэтыя падзеі адбываліся на тэрыторыі вашай вобласці, быць можа, у вас ёсць звесткі пра тое, дзе пахаваны мой дзед. Ці маглі б вы распачаць штосьці для пошуку? Або падкажыце, да каго яшчэ можна звярнуцца. Вельмі прашу не пакінуць без адказу мой зварот.
Мы жывем у Сібіры, у Кузбасе, а гэта вельмі далёка ад вашых мясцін.
Мяне назвалі ў гонар дзеда.
Канцадалаў Сяргей Васільевіч; мне 56 гадоў, ёсць дзеці і ўнучка.”
Аўтару пісьма супрацоўнікі музея накіравалі адказ!
4 ліпеня 1941 г. жорсткія баі адбываліся ля вёскі Дадэкі на правым беразе Дзвіны (немцы фарсіравалі раку вечарам 3 ліпеня). Загінулыя савецкія воіны былі пахаваныя на могілках вёскі Пагост. Колькасць пахаваных – 50 – запісана са слоў жыхароў навакольных вёсак. Чацвёра забітых, падабраных жыхарамі вёскі Дадэкі, былі пахаваныя ў асобнай магіле на парослым хвойнічкам грудку каля гэтай вёскі. Магіла не была афіцыйна ўлічана, пра яе клапаціліся вяскоўцы. У 1980-х гг. магіла была разбурана пясчаным кар’ерам. Па ініцыятыве Верхнядзвінскага раённага турклуба «Шукальнік» і пры падтрымцы райкама камсамола парэшткі пахаваных былі перанесены ў новую магілу на ўскрайку лесу. Абодва пахаванні «безы-менныя», бо на пачатку вайны журналы пахаванняў не вяліся (архіўныя спісы загінулых у 1941 г. – выключная рэдкасць). Пра пахаваных у в. Дадэкі ўдзельнікі пахавання, якія ўжо пайшлі з жыцця, казалі: «Нашы салдацікі»,– і не паведамлялі, што сярод «салдацікаў» былі афіцэры. Усё гэта дазваляе меркаваць, што лейтэнант С.П. Ірысаў пахаваны на могілках былой вёскі Пагост, якія сягоння называюць могілкамі вёскі Міхайлова. На брацкай магіле ўстаноўлены абеліск, пахаванне пашпартызавана.
Ваш зварот з просьбай аб пошуку пахавання 1941 г. – першы ў нас. У выпадку Вашай згоды мы занясём імя Вашага дзядулі ў дакумент (пашпарт) і на помнік на могілках в. Міхайлова.
З павагай, А. Бубала.

←Из-за налогового маневра белорусские и российские нефтепереработчики окажутся в неравных условиях

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика