Народны хор ветэранаў адзначыў 30-гадовы юбілей
Народны хор ветэранаў працы раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці адзначыў 30-гадовы юбілей. Гэты калектыў быў створаны ў 1989 годзе пры раённым Доме культуры. Ім кіруе Леанід Леановіч. Менавіта пад кіраўніцтвам Леаніда Сцяпанавіча ў 1995 годзе калектыў атрымаў званне «народны».
Сёння ў складзе хору ветэранаў 14 чалавек. Гэта былыя настаўнікі, медыкі, рабочыя, служачыя. На Мсціслаўшчыне добра ведаюць гэтых людзей, бо яны маюць шматгадовы працоўны стаж, а зараз прымаюць удзел амаль ва ўсіх святочных мерапрыемствах. Творчы калектыў выступае заўсёды з поспехам і поўнай аддачай, і сустракаюць яго ўсюды цёпла.
▪ Народны хор ветэранаў заўсёды гатовы да выступлення. Фота Наталлі Манусавай.
Рэпертуар хору ветэранаў багаты і разнастайны. У яго выкананні гучаць беларускія і рускія народныя песні, папулярныя песні ваенных і пасляваенных гадоў. Хор часты госць у сельскіх клубах і Дамах культуры раёна, таксама выступаў за межамі вобласці. Калектыў жыве насычаным творчым жыццём. Ён актыўны ўдзельнік святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню абаронцаў Айчыны, Дню Перамогі, Дню Незалежнасці і г. д.
У 2016 і 2018 гадах калектыў прымаў удзел у абласным туры рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны», у 2016 годзе ўзнагароджаны Дыпломам ІІІ ступені. Гэта не проста калектыў, гэта клуб аднадумцаў, людзей, захопленых музыкай і песняй. У іх рэпертуары ёсць песні на любы густ. Яны выконваюць творы грамадска-патрыятычнай накіраванасці, спяваюць пра каханне і прыгажосць роднай прыроды. Калектыў заслужыў пашану ў нашым раёне.
Валянціна ЯЗЭПАВА.