77 выпускнікоў Шумілінскага раёна ў суботу разам з бацькамі і педагогамі адсвяткавалі свой апошні школьны баль
11.06.2019
—
Разное
Шчасця вам, былыя дзеці!
77 выпускнікоў Шумілінскага раёна ў суботу разам з бацькамі і педагогамі адсвяткавалі свой апошні школьны баль.
Прыгожыя і трапяткія, усхваляваныя і разгубленыя, асаблівыя і непаўторныя – яны былі галоўнымі героямі, бадай, самага хвалюючага за ўсе 11 гадоў вучобы школьнага мерапрыемства. Ужо амаль дарослыя юнакі і дзяўчаты шмат паспелі за гэты вечар: сказаць шчыры дзякуй настаўнікамі і бацькам, папрасіць прабачэння за ўсе непрыемнасці, паабяцаць жыць сумленна і шчыра – так, як навучылі ў школе.
«Мне, безумоўна, вельмі б хацелася, каб, атрымаўшы прафесію, вы вярнуліся на малую радзіму, – звярнулася да выпускнікоў раённай гімназіі яе дырэктар Ларыса Маладзечкіна. – Але, як бы ні склаўся ваш лёс, я ўпэўнена, што вы прынесяце вялікую карысць грамадству, бо вы – лепшыя».
Ні пуху, ні пер’я пажадала ўжо былым гімназістам старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, а яшчэ, каб кожны з іх паступіў ў абраную ВНУ на бюджэт.
Амаль на тры гадзіны сцэна СШ № 1 трапіла ў распараджэнне выпускнікоў. За гэты час яны паспелі праявіць усе свае таленты, выдаць усе сакрэты. Былі шчырымі і адкрытымі – сапраўднымі. Бацькі і настаўнікі асабліва відавочна адчулі, што з гарэзлівых, не заўжды паслухмяных хлопчыкаў і дзяўчынак выраслі сапраўды добрыя людзі. Сумленныя, чулыя, удзячныя, заўжды гатовыя падставіць плячо таварышу. Значыць, усе было не дарэмна, усё было правільна.
А яшчэ яны вельмі таленавітыя. Былыя школьнікі спявалі, дэкламавалі вершы, ставілі жартоўныя мініяцюры, прымушаючы ўсіх у зале, то смяяцца, то плакаць. Яны прызналіся ў любові сваім бацькам. Яны прызналіся ў любові сваім настаўнікам, у асаблівай – класнаму кіраўніку Наталлі Філіпавай. Яны імкнуліся паспець за гэты вечар як мага больш, выдатна ўсведамляючы, што ўсё ў нашым жыцці можа паўтарыцца, і толькі выпускны баль здараецца аднойчы. І толькі дзяцінства вярнуць немагчыма. І калі можна адкласці тое самае дарослае жыццё хоць на гадзіну, хоць на імгненне, яны гэта зробяць.
Але і бацькі, як кажуць, у даўгу не засталіся. Сваім танцавальным папуры яны проста заткнулі за пояс сваіх амаль дарослых дзетак, сарваўшы шквал апладысментаў. Яшчэ яны спявалі, гаварылі шчымлівыя словы ў дарогу, а вішанькай на торце стаў відэазварот ад вядомага расійскага спевака Дзяніса Клявера. Артыст павіншаваў выпускнікоў шумілінскай СШ са святам і пажадаў, каб усё ў іх жыцці было на “пяцёрачку”.
Наталя ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №45 ад 11.06.2019 г.