Тэма тыдня
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 чэрвеня ў час рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць наведаў ААТ «Нафтан». Кіраўніку дзяржавы далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна ў цэлым, а таксама горада Наваполацка і ААТ «Нафтан». Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з сучаснымі метадамі кіравання тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці, агледзеў вытворчую тэрыторыю прадпрыемства, сацыяльныя аб’екты ААТ «Нафтан».
Там жа кіраўнік дзяржавы правёў нараду па пытаннях мадэрнізацыі беларускіх НПЗ і павышэння эфектыўнасці экспартных продажаў нафтапрадуктаў, пагутарыў з прадстаўнікамі працоўнага калектыву прадпрыемства.
Традыцыйна ў час рабочай паездкі размова ішла аб развіцці сацыяльнай сферы і выкананні адпаведных стандартаў. Гэта ў тым ліку пытанні якасці адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання, бытавых паслуг, у галіне гандлю, сферах культуры і спорту.
Бачыць стратэгію рэгіянальнага развіцця
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад кіраўніцтва Віцебскай вобласці выразна бачыць стратэгію рэгіянальнага развіцця. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у час наведвання ААТ «Нафтан».
«Трэба вырашаць праблемы, бачыць стратэгію. Павінна быць пэўная стратэгія, прыкладна як вы спрабуеце або спрабавалі (ужо, можа, адышлі) выбудаваць стратэгію ў сельскай гаспадарцы: калі вы ведаеце, дзе пабудаваць комплекс на цэлы раён або на два, дзе нешта аб’яднаць, раз’яднаць і ў выніку атрымаць эфект не толькі ў вытворчасці, але і ў эканоміцы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне створаны ўмовы для развіцця малога і сярэдняга бізнесу, і цяпер трэба думаць пра развіццё стратэгічных галін і прадпрыемстваў.
Аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна Прэзідэнту далажыў кіраўнік Віцебскай вобласці Мікалай Шарснёў. Паводле яго слоў, стан спраў у вобласці стабільны, аднак паказчыкі маглі б быць вышэйшыя, калі б «Нафтан» быў больш загружаны і працаваў больш рэнтабельна. Многае ў рэгіёне залежыць менавіта ад гэтага прадпрыемства. «Як толькі прасаджваюцца нейкія пытанні на «Нафтане», вядома, сур’ёзна падаюць у цэлым аб’ёмы сацыяльна-эканамічнага развіцця», — заўважыў Мікалай Шарснёў.
Разам з тым ён падкрэсліў, што апошнія гады Віцебская вобласць імкнецца адысці ад прамой залежнасці ад магутных прадпрыемстваў і нафтахімічнага комплексу ў цэлым. У сваю чаргу старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка акцэнтаваў увагу, што ў Віцебскай вобласці ёсць добрая база і структура прамысловасці. Аднак многія прадпрыемствы загружаны не поўнасцю і маюць патрэбу ў сыравіне. «Нарошчванне аб’ёмаў і зніжэнне затрат — важнейшая задача», — упэўнены ён.
Трэба біцца за свае рынкі
Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад адзін з выпадкаў ва Украіне. Знаходзячыся з візітам у гэтай краіне, ён пацікавіўся, наколькі папулярныя тут беларускія нафтапрадукты. Аказалася, што мясцовыя вадзіцелі незадаволены адсутнасцю на рынку паліва з Беларусі. «Прадукт якасны, але, як заўсёды, кульгаюць продажы. Трэба навучыцца гандляваць сваім прадуктам. Трэба біцца, змагацца за свае рынкі, утрымліваць іх і эфектыўна прадаваць той прадукт, які мы вырабляем. У прыватнасці, нафтапрадукты. Але такая бяда і па іншых таварах, якія мы вырабляем», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: гаварыць аб тым, што суверэнітэт і незалежнасць Беларусі залежаць непасрэдна ад нафтаперапрацоўчых заводаў, нельга. Аднак эфектыўная работа гэтых прадпрыемстваў — адзін з даволі сур’ёзных фактараў стабільнасці эканомікі краіны. «Няма эканомікі — няма дзяржавы», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
Здабыча сваёй нафты — адна з перспектыў развіцця
«Сёння мы абмяркуем стан спраў у айчыннай нафтаперапрацоўцы і разгледзім перспектывы далейшага развіцця гэтай галіны. Пры вывучэнні ўсіх матэрыялаў, якія мне прадстаўлены, мы проста начыста забылі, што мы яшчэ і самі крыху менш як 2 млн т, але здабываем у Беларусі добрай, якаснай нафты. Не забывайце аб гэтым. Гэта таксама перспектыва нашага развіцця», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Вяртаючыся да мадэрнізацыі беларускіх НПЗ, кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, на якой стадыі цяпер знаходзіцца рэалізацыя. Акрамя таго, на нарадзе асобна была закранута праблематыка павышэння эфектыўнасці экспартных продажаў нафтапрадуктаў.
«Я папрашу без тэорый, таму што ўжо столькі нагаварылі на гэту тэму. Важна сутнасць. А сутнасць — гэта заканчэнне мадэрнізацыі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Цяпер мы маем ледзь ці не 20 працэнтаў мазуту пры перапрацоўцы нафты, таму паставілі задачу, каб гэтых «адходаў» (мазут — не такія адходы яшчэ) было мінімум. Калі мы тут завершым мадэрнізацыю, будзе ўсяго 3-4 працэнты астаткаў. Вось і ўся размова, калі гаварыць пра паліва».
Стратэгія развіцця нафтаперапрацоўкі
«Галоўнае, пра што мы гаварылі, — гэта завяршэнне мадэрнізацыі двух заводаў і перспектывы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, вызначана, што НПЗ у Мазыры будзе працаваць па паліўным напрамку. «Будзем працаваць над глыбінёй (перапрацоўкі нафты. — Заўвага БЕЛТА), атрымліваць светлыя нафтапрадукты. Але галоўнае — гэта рынак. Атрымаць сёння светлых нафтапрадуктаў можна, колькі хочаш. Пытанне ў тым, дзе будзем прадаваць іх, ці спажыве гэта ўсё рынак, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Па-другое, купляючы ў Расіі нафту, мы канкурыруем з ёю на рынках, а яны ў нас агульныя, усё не так проста. У іх манеўру больш — яны могуць сваім нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам танней нафту запампаваць і атрымаць большы прыбытак, цану скінуць — тое, чаго мы не можам».
«У гэтых умовах нам трэба думаць пра далейшую мадэрнізацыю», — падкрэсліў беларускі лідар.
Што датычыццца ААТ «Нафтан» у Наваполацку, то гэта прадпрыемства, акрамя паліўнага складніка, у значнай ступені будзе арыентавацца на далейшае развіццё выпуску нафтахімічнай прадукцыі, якая і цяпер, і на перспектыву будзе запатрабавана іншымі прамысловымі вытворчасцямі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў далейшым спатрэбіцца дадатковая мадэрнізацыя на прадпрыемствах нафтахімічнай галіны, аднак гэта ўжо будуць не такія значныя аб’ёмы сродкаў у параўнанні з тымі, якія за апошнія гады ўкладзены ў мадэрнізацыю нафтаперапрацоўчых заводаў. «У нафтахімічныя прадпрыемствы нам давядзецца яшчэ ўкладвацца, каб яны выраблялі патрэбную для рынку прадукцыю. Тады і «Нафтану» будзе лягчэй», — сказаў ён.
Звяртаючыся да прадстаўнікоў працоўнага калектыву ААТ «Нафтан», Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава і ў далейшым будзе ўсяляк садзейнічаць рабоце гэтага прадпрыемства. Адначасова ён папярэдзіў: «Вядома, будзем націскаць на вас да апошняга, каб вы эфектыўна працавалі. Але і дапамагаць будзем. Калі вы будзеце варушыцца, мы заўсёды будзем дапамагаць. Вы гэту пазіцыю павінны ведаць — я дзесяцігоддзямі пра яе гавару, і вы бачыце, што я ад яе не адступаю».
Аляксандр Лукашэнка ў цэлым адзначыў: Беларусі пашанцавала ў тым, што ў краіне загадзя задумаліся пра мадэрнізацыю НПЗ, яшчэ да падатковага манеўру ў нафтавай сферы ў Расіі і іншых фактараў, якія ўплываюць на развіццё галіны.
Яшчэ адно пытанне, на якое звярнуў увагу беларускі лідар, — рэалізацыя тавараў. «Мы ўмеем вырабляць вельмі якасны прадукт. І вы малайцы ў гэтым плане, і Мазыр. Добрае паліва вырабляеце, на рынку попыт на яго вялікі. Але прадаваць не ўмеем. Або недастаткова добра гандлюем гэтым таварам. Таму мы абмеркавалі, як будзем дзейнічаць далей, і як прадаваць гатовую прадукцыю, — сказаў Прэзідэнт. — Аб гэтым мы і гаварылі, каб у нас была магутная кампанія. Можа, яе (Беларускую нафтавую кампанію. — Заўвага БЕЛТА) таксама трэба мадэрнізаваць і ўдасканаліць, каб яна прыносіла большы даход ад продажаў».
Асаблівы акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на неабходнасці захавання і развіцця сацыяльнай базы ААТ «Нафтан». «Галоўнае для нас — гэта людзі, — падкрэсліў ён. — Трэба ўсяляк працаваць на тое, каб утрымліваць тут людзей».
Па матэрыялах БелТА.