Дырэктар Шаркаўшчынскага ПМС Анатолій Дзіковіч расказвае пра дзейнасць меліяратараў

Источник материала:  
31.05.2019 — Разное
Дырэктар Шаркаўшчынскага ПМС Анатолій Дзіковіч расказвае пра дзейнасць меліяратараў

Брыгада многакаўшовага экскаватара ЭТЦ: Дзмітрый Суфіновіч, Барыс Іваноў, Раман Вярховіч і Павел Якімовіч

— Меліярацыйная работа — працэс працаёмкі. Каб падтрымліваць аб’екты ў спраўным стане, патрабуюцца сумленныя, адказныя і кваліфікаваныя работнікі, спецабсталяванне і спецтэхніка. Прачыстка каналаў, праверка дрэнажнай сістэмы, выдаленне кустарнікавай расліннасці, абкос травы — гэта далёка не поўны пералік таго, што робяць меліяратары, — кажа нам дырэктар Шаркаўшчынскага ПМС Анатолій Сямёнавіч Дзіковіч. — Працоўны дзень на прадпрыемстве распісаны па хвілінах. Кожная раніца пачынаецца з праходжання работнікамі медыцынскага агляду. Затым людзі раз’язджаюцца па аб’ектах, а вечарам даюць справаздачу аб выкананай рабоце.

Нягледзячы на шматлікія эканамічныя цяжкасці, якія цяпер закранулі меліярацыйную галіну краіны, наша прадпрыемства заўсёды шукае шляхі выхаду з крызісных сітуацый. Мы стараемся не страчваць былых пазіцый, а іншы раз нават нарошчваць аб’ёмы работ. У мінулым годзе працавалі на будаўніцтве новай меліярацыйнай сістэмы ў ААТ “Жвіранка”. Увялі ў севазварот амаль 170 гектараў зямель. Былі задзейнічаны на рэканструкцыі меліясістэм “Усход” ААТ “Буеўшчына”, “Шлях Леніна” ААТ “Даватарскі”, “Дунілавічы-Агра” Пастаўскага раёна. Як і кожны год, праводзілі прачыстку каналаў, выдаленне кустарнікавай расліннасці і іншыя планавыя работы на тэрыторыі нашага і Пастаўскага раёнаў.

Дырэктар Шаркаўшчынскага ПМС Анатолій Дзіковіч расказвае пра дзейнасць меліяратараў

Загадчык майстэрань Аляксандр Машнюк, галоўны механік Андрэй Януш і машыніст экскаватара Франц Касевіч.

У сакавіку сёлетняга года наша прадпрыемства было ўзбуйнена шляхам далучэння да яго Пастаўскага ПМС. У гэтым ёсць свае станоўчыя і адмоўныя бакі. У пастаўчан немалыя даўгі перад дзяржавай, якія цяпер сумеснымі намаганнямі трэба будзе пагашаць. Да таго ж і большасць тэхнікі знаходзіцца ў нездавальняючым стане. У нашым раёне маецца 1.250 кіламетраў меліярацыйных каналаў. З іх патрабуецца прачыстка ад кустарнікавай расліннасці на ўчастках агульнай працягласцю каля 100 кіламетраў. У Пастаўскім раёне 1.600 кіламетраў такіх жа каналаў, з якіх каля 400 км патрабуюць прачысткі. Нягледзячы на шматлікія мінусы, нас заспакойвае тое, што не трэба цяпер шукаць аб’ёмы работ у іншых рэгіёнах вобласці і нават краіны. Будзем працаваць на месцы, выконваць сваю непасрэдную работу.

Сёлета працягваем працу на рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы “Дунілавічы-Агра” ў Пастаўскім раёне. Трэба здаць рэканструяваны ўчастак меліясістэмы “Шлях Леніна” за аграгарадком Васюкі, прадаўжаем весці аналагічныя работы ў ААТ “Буеўшчына” ў аддзяленні “Юдыцына”. Аб’ёмаў работы хапае. Засмучае толькі тое, што мала ў нас механізатараў, часткова прастойвае тэхніка. А менавіта ў вясенне-летні перыяд яна цалкам павінна быць здадзейнічана на розных відах работ.

Наша прадпрыемства адно з нешматлікіх ПМС, якім удаецца не толькі ўтрымліваць трывалыя пазіцыі, але яшчэ і зарабляць грошы. Меліяратараў нярэдка называюць крыху жартоўна “людзьмі на балоце”. Тым не менш, сваёй стваральнай працай мы прыносім грамадству дабрабыт і карысць.

Дырэктар Шаркаўшчынскага ПМС Анатолій Дзіковіч расказвае пра дзейнасць меліяратараў

брыгады касцоў разам з майстрам Сяргеем Лысёнкам (у цэнтры)

Напярэдадні прафесійнага свята жадаю сваім калегам не толькі здароўя, якое, безумоўна, патрэбна кожнаму ў першую чаргу, а яшчэ спаўнення ўсіх самых запаветных мар і жаданняў. Няхай у сем’ях заўсёды пануюць лад і дабрабыт, а праца прыносіць матэрыяльны дастатак нашым работнікам. Са святам!

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика