Последний звонок прозвенел для 77 учеников 11-х классов и 164 девятиклассников Шумилинского района
31.05.2019
—
Разное
У кроку ад дарослага жыцця
Учора ў школах Шуміліншчыны празвінеў апошні званок. Для 77 адзінаццацікласнікаў і 164 дзевяцікласнікаў устаноў адукацыі раёна ён адкрыў новую старонку жыцця.
У Обальскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза З. М. Партновай на лінейку ўрачыста запрасілі выпускнікоў пачатковай школы – два 4-х класы, 26 вучняў 9-га класа, але галоўнымі героямі былі, канешне ж, выпускнікі школы – адзінаццаць вучняў 11-га класа.
Выпускнікам былі адрасаваны віншаванні з заканчэннем школы, пажаданні лёгкіх экзаменаў і тэстаў, поспехаў у далейшай прафесійнай адукацыі, з якім звярталіся старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Быкаў, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова, дырэктар школы Іна Чарнічэнка, класны кіраўнік Марына Загнетава, ад імя бацькоў выступіла Наталля Аверчанка. А яны шчыра дзякавалі бацькам і настаўнікам за навуку і падтрымку, за дапамогу і разуменне.
І вось ён гучыць – апошні школьны званок. І нібы адкрывае дзверы паміж дзяцінствам і дарослым жыццём, якое пачнецца для юнакоў і дзяўчат усяго праз нейкі тыдзень. Перад імі паўстануць новыя задачы – выбраць будучую прафесію, годна здаць тэсты, паступіць у абраную ўстанову адукацыі – прафесійную, сярэднюю спецыяльную ці вышэйшую. І незалежна ад таго, якую прафесію выберуць выпускнікі, кім стануць, яны ведаюць, што іх заўжды чакаюць у роднай школе, яны заўсёды могуць вярнуцца жыць і працаваць у родны раён.
Апошні званок прагучаў і для 22 адзінаццацікласнікаў СШ №1 г. п. Шуміліна імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка. Шчыра павіншаваць іх і наогул усіх вучняў школы з гэтай радаснай і адначасова сумнай падзеяй завіталі на ўрачыстую лінейку бацькі, педагогі, госці.
Па традыцыі першай слова ўзяла дырэктар школы Наталля Мясаедава, пасля да віншаванняў далучылася старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава. Эстафету пераймалі класны кіраўнік выпускнікоў Наталля Філіпава, першыя настаўнікі Наталля Догель і Валянціна Шабанава, маці Наталля Пашкевіч, першакласнікі, дзевяцікласнікі. Усе жадалі поспехаў, удачы, кахання, здзяйснення мар і спадзяванняў, пад-трымкі, шчаслівага лёсу, не забываць школу, настаўнікаў і сяброў. І абавязкова вяртацца на сваю малую радзіму, дзе ўсе любяць і чакаюць.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №42 ад 31.05.2019 г.