Жыхар Мар'інай Горкі пагражаў былой жонцы пісталетам у краме
pixabay.com
7 траўня ў 9:30 у Пухавіцкі РАУС затэлефанавала жанчына і паведаміла, што былы муж пагражаў забіць яе, паведамляе УУС Мінаблвыканкама.
Яна распавяла міліцыянтам, што працуе прадавачкай у краме. Зранку ў краму прыйшоў былы муж і прыставіў ёй да галавы пісталет са словамі: "Я цябе заб'ю".
Пара развялася чатыры гады таму праз скандалы, але да нядаўняга часу працягвала жыць разам, пакуль жанчына не сышла канчаткова пасля чарговага скандалу. Ведаючы мужа, яна не сумнявалася ў яго намерах і спалохалася за жыццё. Аднак у гэты момант у краму зайшлі два наведвальнікі, таму экс-муж схаваў пісталет і сышоў.
Міліцыянты сталі правяраць адрасы, па якіх мог аб'явіцца мужчына. Яны атрымалі інфармацыю, што ён вярнуўся дадому. На затрыманне ўзброенага мужчыны адправілася група АМАП. Калі супрацоўнікі ўвайшлі ў кватэру, то пабачылі, што яе гаспадар спіць у сваім ложку. П'яны мужчына не змог патлумачыць ні матывы свайго ўчынку, ні месцазнаходжанне пісталета. Падчас агляду кватэры праваахоўнікі выявілі пнеўматычны пісталет, падобны да пісталета Макарава.
Мужчыну змясцілі ў ІЧУ Пухавіцкага РАУС. За пагрозу забойствам яму пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.