Ліквідатарам аварыі на ЧАЭС з Мсціслава ёсць што расказаць…
26 красавіка споўнілася 33 гады чарнобыльскай трагедыі. Упершыню тыя, хто можа з гонарам насіць званне «ліквідатар», сабраліся разам, каб успомніць той час, які ім давялося правесці ў радыяцыйнай зоне, нагадаць імёны таварышаў, якія пайшлі з жыцця…
Сказаць шчырыя словы падзякі нашым землякам, якія, выконваючы службовы і грамадзянскі абавязак, сталі на абарону ад чорнай страшэннай навалы, імя якой — радыяцыя, прыйшлі прадстаўнікі шэрагу грамадзянскіх арганізацый, ваенны камісар Мсціслаўскага раёна Ігар Шарылаў. Цёпла і сардэчна віталі ўдзельнікаў мерапрыемста старшыня раённага савета ветэранаў Аляксандр Асіпенка, першы сакратар РК ГА «БРСМ» Наталля Цырыкава і адказны сакратар раённага аддзялення «Беларускі фонд міру» Людміла Касцюк.
Невялікія падарункі і сувеніры, сяброўская гутарка, успаміны пра няблізкія падзеі, якія да гэтага часу жывуць у іх сэрцах — і пасвятлелі твары сталых мужчын, якім давялося зведаць наяве, а не ўбачыць на фотаздымках і на экранах тэлебачання, што значыць небяспечны ўзровень радыяцыі…
Расказалі аб тым, як атрымалі загад і літаральна ў 24 гадзіны павінны былі прыбыць да месца нясення службы па ахове правапарадку ў зоне адсялення былыя міліцыянеры Сяргей Яўсеенка і Аляксандр Зюлікаў. Сваімі чарнобыльскімі ўспамінамі падзяліліся Уладзімір Кангалёў і Мікалай Зайцаў, якія былі накіраваны ад райветстанцыі.
На мерапрыемства, якое падрыхтавалі супрацоўнікі бібліятэкі і музея па ініцыятыве Мікалая Зайцава, удзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС сабралася няшмат. Гэтыя мужныя людзі не прывыклі да асаблівай увагі. Але адно стала зразумела: падобныя сустрэчы неабходны. Ім ёсць што расказаць…
Валянціна КРАЎЦОВА.