МНС: Пажары на Альманах патушылі
МНС
Пажары на Альманскіх балотах, якія працягваліся некалькі сутак, ліквідаваныя, паведамляе сайт МНС. Апошняе ўзгаранне патушылі сёння ў 7:00. Гарэў лес у Вільемскім лясніцтве Палесскага лясгасу, што ў Столінскім раёне каля вёскі Альманы. Верталётамі МІ-8 авіяцыі МНС за ўчорашні дзень зроблена 77 скідаў вады.
За апошнія суткі ў краіне здарылася 8 лясных пажараў на агульнай плошчы 8 га, 14 пажараў на тарфяніках на плошчы 4 га і 25 пажараў травы і хмызняку на плошчы 13 га.
Учора ў 13:00 ліквідавалі пажар сухой расліннасці і лесу на тэрыторыі Кіраўскага лясніцтва каля вёскі Красноўка Нараўлянскага раёна.
МНС нагадвае, што па ўсёй краіне ўведзеная забарона на наведванне лясоў і называе гэта “гранічнай, але эфектыўнай мерай”. Таксама выратавальнікі просяць неадкладна тэлефанаваць у экстраныя службы пры выяўленні пажару ў лесе.