Ад брэнда горада да мабільнага прыкладання: беларускія старшакласнікі раскажуць пра свае праекты на TEDxYouth@Minsk
Першая вялікая інтэлектуальная канферэнцыя TEDxYouth@Minsk, спікерамі якой стануць 10 беларускіх старшакласнікаў, пройдзе ў Мінску на сцэне канцэртнай залы Prime Hall 18 мая 2019 года.
Упершыню для руху TEDx у нашай краіне ўсе выступленні спікераў будуць гучаць на беларускай мове. Удзел у TEDxYouth@Minsk для гледачоў – бясплатны па папярэдняй рэгістрацыі.
Маштабная маладзёжная канферэнцыя TEDxYouth@Minsk стане наступным мерапрыемствам лакальнага руху TEDx у Беларусі пасля «дарослага» TEDxMinsk, які з аншлагам прайшоў у канцы сакавіка на галоўнай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Спікерамі TEDxYouth@Minsk стануць 10 беларускіх старшакласнікаў – фіналісты рэспубліканскага сацыяльна-адукацыйнага праекта velcom YOUTH. Па яго ўмовах, навучэнцам 10-х і 11-х класаў было прапанавана рэалізаваць свае ідэі ў сферы тэхналогій, культуры і інклюзіі, зняць пра гэта відэаролік і размясціць яго ў сацыяльных сетках з хэштэгам #velcomYOUTH. Журы прагледзела амаль 100 праектаў ад старшакласнікаў з усёй Беларусі. У фінал прайшлі 10 удзельнікаў.
У чырвоным крузе TED на сцэне Prime Hall з 10-хвілінным расказам аб сваіх ужо рэалізаваных праектах у акрэсленых умовамі конкурсу галінах выступяць 10 удзельнікаў фіналу velcom YOUTH:
Ілля Баркоўскі (сярэдняя школа №33 г. Гомеля, 11 клас) прадставіць праект па ўстаноўцы ў горадзе QR-кодаў з інфармацыяй пра помнікі архітэктуры і іх аўтараў;
Анастасія Шор (гімназія №1 г. Жодзіна, 10 клас) прадставіць ўласны турыстычны брэнд роднага горада;
Максім Хамета (гімназія №33 г. Мінска, 11 клас) прэзентуе канцэпцыю інтэрнэт-платформы ўліку дасягненняў школьнікаў, якая дапаможа сфарміраваць партфоліо для будучых работадаўцаў;
Крысціна Байко (гімназія №16 г. Мінска, 11 клас) раскажа аб працэсе стварэння інтэрактыўнага гіда па актуальных турыстычных маршрутах беларускай сталіцы для падлеткаў з іншых гарадоў і краін;
Сяргей Берлін (ліцэй №1 імя А. С. Пушкіна г. Брэста, 11 клас) пазнаёміць слухачоў з канцэпцыяй вялікага інклюзіўнага шахматнага турніру з удзелам слабавідушчых людзей;
Цімафей Стамброўскі (сярэдняя школа №11 г. Слуцка, 10 клас) раскажа аб тым, як стварае навучальных робатаў для выкладання школьнага курса фізікі;
Паліна Мураева (сярэдняя школа №10 г. Мінска, 10 клас) падзеліцца канцэптуальнай ідэяй асаблівай арт-прасторы, дзе людзі атрымаюць магчымасць вучыцца розным спосабам самавыяўлення незалежна ад асаблівасцей свайго фізічнага стану;
Мікіта Абрамчук (сярэдняя школа №3 г. Вілейкі, 10 клас) прадэманструе распрацаваныя ім відовішчныя інтэрактыўныя ўрокі фізікі і хіміі з «навуковымі фокусамі», прызначаныя для школ і інтэрнатаў для дзяцей з асаблівасцямі развіцця;
Юлія Стэфняк (мінскі радыётэхнічны каледж, 10 клас) прадставіць гарадскі мабільны навігатар для людзей, якія перамяшчаюцца ў інвалідных крэслах, і мам з дзіцячымі каляскамі;
Артур Царыковіч (сярэдняя школа №11 г. Слуцка, 10 клас) падзеліцца вопытам рэалізацыі мабільнага прыкладання для распазнання і прадастаўлення інфармацыі аб творах выяўленчага мастацтва.
«Сацыяльна-адукацыйны праект velcom YOUTH – адзін з ключавых праектаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці для нашай кампаніі. Мы вырашылі дапамагчы беларускім падлеткам рэалізаваць іх патэнцыял: прапанаваць ідэі, якія здольныя змяніць свет да лепшага, паказаць, як іх можна ўвасобіць у жыццё, і даць магчымасць расказаць пра іх у папулярным ва ўсім свеце фармаце TED Talks. Мы рады, што праекты, якія выйшлі ў фінал, уяўляюць сабой не толькі ідэю, але і яе рэалізацыю», – адзначыў Мікалай Брэдзелеў, кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom | A1.
У фінале выступленні ўдзельнікаў канферэнцыі будуць ацэньваць эксперты ў сферах культуры, тэхналогій і інклюзіі, майстры публічных прамоў, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і арганізацыйнага камітэта праекта.
Усе ўдзельнікі атрымаюць у якасці прыза iPhoneXs, а аўтары трох лепшых праектаў па выніках канферэнцыі стануць пераможцамі конкурсу velcom YOUTH і паедуць на мерапрыемства TEDx у Аўстрыю.
Сацыяльна-адукацыйны праект velcom YOUTH праводзіцца кампаніяй velcom | A1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk.
У рамках праекта была праведзена серыя адукацыйных воркшопаў аб мастацтве прэзентацыі і навыках лідэрскага майстэрства. Інтэрактыўныя заняткі сталі самымі масавымі ў краіне. Больш за 200 старшакласнікаў наведалі кожны з майстар-класаў, яшчэ некалькі тысяч навучэнцаў далучыліся да трансляцыі ў якасці дыстанцыйных удзельнікаў воркшопаў у школах і гімназіях па ўсёй краіне.
Заявы на ўдзел у праекце падалі больш за 850 старшакласнікаў з больш чым 230 адукацыйных устаноў краіны. У рамках праекта старшакласнікам было прапанавана рэалізаваць уласную ідэю па адным з трох напрамкаў: культура, тэхналогіі або інклюзія. Адметнай асаблівасцю праекта з'яўляецца тое, што ўся камунікацыя ад падачы заявак да выніковага выступлення вядзецца на беларускай мове. Больш падрабязна аб праекце можна даведацца на сайце конкурсу.