В лес теперь можно с «комбайном». Вступило в силу постановление Минлесхоза «О сборе дикорастущих ягод»
Беларусы цяпер могуць збіраць ягады “ручнымі камбайнамі” – 29 сакавіка гэтага года ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства лясной гаспадаркі “Аб зборы дзікарослых ягад”. Дакумент зацвердзіў інструкцыю аб спосабах і прыстасаваннях для збору і нарыхтоўкі ягад у лесе. Пракаменціраваць яго мы папрасілі інжынера па ахове і абароне лесу ДЛГУ “Ушацкі лясгас” І.С.ШУГАЛЕЯ.
У дакуменце пазначаны патрабаванні да прылад, каб яны не пашкодзілі ягаднікам і не прывялі да іх знішчэння. Так, інструмент для збору ягад, названы ў народзе “камбайнам”, павінен выглядаць наступным чынам: адлегласць паміж зуб’ямі – не менш за 0,5 сантыметра, у зоне зрывання ягад не павінна быць рэжучых краёў. Акрамя гэтага, у інструкцыі сказана, пры якіх умовах і як трэба збіраць ягады з дапамогай камбайнаў. Дары прыроды павінны быць спелымі, а надвор’е – сухое, без расы на раслінах, неабходна пазбягаць абрыву лісця.
Да гэтага часу выкарыстанне механічных прыстасаванняў для збору ягад было незаконным, таму што не было ўстаноўленых патрабаванняў да гэтых прадметаў. Але пасля ўнясення змяненняў у Лясны кодэкс, прыняццем пастановы Міністэрства гэты прабел ліквідаваны.
Прынятае рашэнне будзе спрыяць стварэнню дадатковых умоў для павелічэння аб’ёмаў нарыхтоўкі дзікарослых ягад у нашай краіне і эфектыўнаму выкарыстанню лясной прадукцыі. Збіраць ягады ў лесе па новых правілах можна ўжо ў гэтым сезоне. Тэрміны збору ўстанаўліваюцца аблвыканкамамі з улікам умоў у рэгіёнах. Парушэнне ж апісаных умоў цягне за сабой штраф да 20 базавых велічынь.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.