У Гомелі айцішніка ўдарыў нажом у твар яго былы калега (відэа)
Ілюстрацыйнае фота / /pixabay.com
У Гомелі айцішніка ўдарыў нажом у твар яго былы калега. Здарэнне адбылося каля аднаго з гіпермаркетаў. На відэа відаць, як мужчына і жанчына загружаюць у багажнік аўтамабіля пакупкі. Да іх падыходзіць мужчына, які наносіць удар і хутка сыходзіць.
Як інфармуе прэс-служба МУС, пацярпеламу 31 год. Сведкай здарэння стала яго сяброўка. Яшчэ ў гіпермаркеце яны пабачылі былога калегу. Мужчына павітаўся з ім, але ў адказ нічога не пачуў. Аднак стары знаёмы з'явіўся на паркоўцы з нажом у руцэ.
Зламысніка аператыўна затрымалі. Ён патлумачыў свае дзеянні крыўдай ("Яны мяне пакрыўдзілі"). Затрыманаму 37 гадоў. Раней ён таксама быў айцішнікам. Нейкі час жыў у Маскве, дзе не меў стала месца жыхарства. Пасля вяртання на радзіму захапіўся вывучэннем "тайных ведаў".
Крымінальную справу распачалі па артыкуле "асабліва злоснае хуліганства".