Встреча с жителями деревни Клётов Двор

Источник материала:  
22.04.2019 — Разное
>

Встреча с жителями деревни Клётов Двор Кожны месяц у раёне праводзяцца дні работы з насельніцтвам у працоўных калектывах і па месцы жыхарства. На чарговым такім мерапрыемстве пабывала наш карэспандэнт. 

Кіраўніцтва раёна, спецыялісты райвыканкама і адказных служб накіраваліся на вытворчыя аб’екты і ў населеныя пункты Новапагосцкага сельсавета. Рабочая група ў складзе начальніка РАУС Васіля Балада, інспектара РАНС Дзмітрыя Плотнікава, спецыяліста РЦГЭ Юліі Любезных на чале з першым намеснікам  старшыні райвыканкама Аляксандрам Шокелем заехала ў Клётаў Двор. 

Ківалі, узнімалі пытанні і спрачаліся
Мясцовыя жыхаркі размясціліся на лавачцы ля былога магазіна, мужчыны – побач на лужку. На вясковы сход прыйшлі ў асноўным пенсіянеры, іх тут пераважная большасць. І праблемы характэрныя. Адна з іх – транспартная. Ад Клётава Двара да чыгуначнага пераезду, дзе па шляху следавання ў райцэнтр спыняецца аўтобус, звыш двух кіламетраў. Дайсці туды і здаровым не ўсім па сіле. Таму адна з просьб сяльчан, каб у вёску хаця б двойчы на тыдні заязджаў грамадскі транспарт.


Па медыцынскім абслугоўванні прэтэнзій няма. Але некаторыя пацыенты не трапілі па загадзя заказаным талоне да ўрача вузкай спецыялізацыі. Яго паклікалі ў камандзіроўку. Адсюль пытанне: як даведвацца пра форс-мажорныя абставіны, каб не скіроўвацца дарэмна ў райцэнтр.


Вяскоўцы “маюць зуб” на заезджых аўтааматараў, якія з ветрыкам ганяюць па прасёлкавых вуліцах. Прэтэнзіі да аўталаўкі, якая заўсёды спазняецца і не прывозіць тавараў гаспадарчай групы. Праблематычна запасціся палівам. У райпаліўзбыце рэалізуюць толькі на выбар: торфабрыкет ці дровы. Сяльчане нарыхтавалі б хмызняку, што запаланіў лугі, але баяцца парушыць закон аб раслінным свеце. Згадалі і пра дрэнную цэнтральную дарогу ў вёсцы. Яе прагрэйдавалі толькі напярэдадні візіту гасцей.


Груды разбуранай цэглы, пустыя вачаніцы замест вокнаў – усё, што засталося ад клётаўскага завода. Аб’ект у аварыйным стане, не агароджаны, а ў дзядуль і бабуль цікаўныя ўнукі нярэдкія госці. Але не толькі гэты будынак і былы магазін псуюць краявід. Тэрыторыя парастае быльнягом, пра што амаль на кожным кавалку незанятай зямлі сведчыць мінулагодні сухастой. За паваротам на Клётаў Двор навідавоку смеццевая звалка. Са слоў сяльчан, аўтамабілісты панадзіліся выгружаць там бытавое смецце, быццам больш некуды. А хто стварыў такую праблему ўздоўж берагавой лініі возера?


У Кацілаве сабраліся ў двары Марыі Паўлаўны Пяткевіч. Тут таксама галоўныя пенсіянеры. Гаваркія, з жартамі і кпінамі разважалі яны пра сучаснае жыццё. Закранулі праблему слабага маладога пакалення: рана сыходзяць з жыцця, у паліклініцы частыя візіцёры. Шмат шкоднага для здароўя з’явілася, адсюль і праблемы. Самі так не хварэлі – часу не было. З сонцам прачыналіся, жывёлу ў поле выганялі, сена касілі, соткі палолі. У сельскай гаспадарцы не пакладаючы рук працавалі. І ўсё тут, на гэтай зямлі. Па меркаванні вяскоўцаў, чым бліжэй да яе, тым здаравей.


Цяпер іншая статыстыка. У сялянскай сям’і хлявы апусцелі. Вёска старэе, ва ўзросце ўжо цяжэй гадаваць жывёлу, засяваць плошчы, а маладым клопатна і нявыгадна. Няма гаспадара – зямля дзічэе. Гэта праблема сучаснасці, хаця ўчасткі ў Кацілаве не пустуюць. Іх набываюць пад дачы, пераабсталёўваюць бацькоўскія дамы. Месца выгаднае, бо райцэнтр пад бокам. Можа таму аўталаўку тут па асартыменце. Раней іх нават марожаным балавалі, цяпер толькі настальгія.

Встреча с жителями деревни Клётов Двор На кантролі ўлады
Пасля аб’езду ўсе рабочыя групы сабраліся ў райвыканкаме, каб абмеркаваць узнятыя сяльчанамі пытанні. Да кіраўніка раёна Ігара Кузняцова звярнуліся жыхаркі Наўгародаў с просьбай пасадзейнічаць у рамонце каналізацыі дамоў, якія належаць гаспадарцы. Дакументаў на іх няма, уласнымі сіламі справіцца праблематычна.


Тэрэса Корсак занепакоена станам могілак у Забор’і, дзе шмат даўнейшых пахаванняў і векавых дрэў. Яна арганізуе людзей на суботнік. Каб акультурыць і засцерагчы ад небяспекі святое месца, патрэбны яшчэ і ўмельцы з пілой.


Не даюць дрэвы спакою і на могілках у Наўгародах. З гэтай праблемай звярталіся да старшыні раённага Савета дэпутатаў Марыі Баніфатавай. Была і просьба дапамагчы ўбраць бярозу ля домаўладання. Нахілілася, небяспечна навісла над жыллём, у такім стане ўжо другі год. Гаспадары купілі страхавы поліс, аднак жыць пад пагрозай ужо сіл не стае.

Гаспадарлівасць у справах грамадскіх
На вырашэнне пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва накіравана ўся практычная дзейнасць сельсавета. Старшыня Новапагосцкага Раіса Гернат праінфармавала пра становішча спраў на падведамнай тэрыторыі. Акцэнт на тыя службы, якія аказваюць паслугі людзям. На мясцовым узроўні высока цэняць якасную работу школ, сацыяльных работнікаў, паштальёнаў, медыкаў, газавікоў. У той жа час пастаяннага кантролю і рэагавання патрабуюць пытанні гандлёвага абслугоўвання, стан вуліц і дарог, жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Асноўная апора мясцовай улады – дэпутаты сельскага Савета Наталля Бялевіч, Святлана Сухоўская, Мікалай Мішук, Генадзь Хахель, старэйшыны вёсак. З іх удзелам вырашаюцца няпростыя праблемы. На арганізатарскія здольнасці разлічваюць і ў перыяд інтэнсіўнага навядзення парадку на зямлі. Сумеснымі намаганнямі на тэрыторыі сельсавета дэманціравалі 250 метраў старых агародж, 150 адрамантавалі, 120 пафарбавалі, 75 – замянілі на новыя. Убралі 15 аварыйных дрэў, 4 несанкцыянаваныя звалкі.


У цесным супрацоўніцтве з праваахоўнікамі шмат увагі надаецца нядобранадзейным сем’ям і асобам, схільным да асацыяльнага ладу жыцця, супрацьпраўных дзеянняў, якія абцяжарваюць крымінагенную абстаноўку, перашкаджаюць іншым. Як адзначыў начальнік РАУС Васіль Балад, злачынстваў сёлета на тэрыторыі сельсавета не зарэгістравана. Складзены 23 адміністрацыйныя пратаколы па фактах наўмыснага цялеснага пашкоджання, дробных крадзяжоў і хуліганстваў, распіцця спіртных напіткаў у грамадскіх месцах, на рабоце, за ілжывыя паведамленні, пражыванне без пашпарта і прапіскі.


Сумесна з інспектарамі РАНС працуе сельсавет над умацаваннем пажарнай бяспекі. Дзейнічае назіральная камісія па пытаннях папярэджання гібелі людзей. Пры наведванні домаўладанняў у першую чаргу правяраюць умовы пражывання дзяцей у нядобрана- дзейных сем’ях. Парушэнні норм і правіл выпраўляюць сумеснымі намаганнямі.


Аднак агонь не дрэмле. Па інфармацыі намесніка начальніка РАНС Уладзіміра Рачыцкага, сёлета на тэрыторыі Новапагосцкага сельсавета стыхія пашкодзіла жылы дом, прычынай стала перагрэтая печ. З-за парушэнняў правіл пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання загарэўся домік жывёлавода МТФ “Наўгароды”. Па прычыне разбурэння вузлоў і дэталей паліўнай сістэмы прама на панадворку ў Чапуках запалаў “Фольксваген Пасат”. Адна з праблем – выпальванне рэшткаў расліннасці. Стаіць сухое надвор’е, кастрам у дварах не месца. Гэта выратавальнікі даводзяць кожнаму домаўладальніку. Чуюць не ўсе, пра што сведчаць маштабныя выгарэлыя плямы на палях і ля падворкаў.


***
Кіраўнікі рэйдавых груп пракаменціравалі становішча спраў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, вытворчых тэрыторый, аб’ектаў сацыяльнай сферы сельсавета. Зроблена нямала. Аднак старшыні райвыканкама і райсавета дэпутатаў звярнулі ўвагу, што ініцыятывы ад людзей і грамадскасці трэба больш, бо патрабаванні да парадку на зямлі толькі ўзмацняюцца. 

Фотаматэрыял аўтара.  

Наталія СТАНКЕВІЧ.

←Должностные лица Скидельского комбината за взрыв на предприятии приговорены к 4 и 5 годам колонии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика