Двух чалавек выратавалі на пажары ў Мінску, 12 эвакуявалі
minsk.mchs.gov.by
21 красавіка ў 12:24 ратавальнікам паведамілі, што з акна кватэры дзевяціпавярховага жылога дома ў Мiнску па вуліцы Гурскага ідзе дым.
Прыбыўшы на месца выкліку, ратавальнікі пабачылі моцны чорны дым з акна на шостым паверсе, інфармуе прэс-служба МНС. Выявілася, што ў лоджі двухпакаёвай кватэры на шостым паверсе загарэлася маёмасць.
На момант пажару ў кватэры на сёмым паверсе ў гасцях былі 26-гадовая жанчына з шасцігадовай дачкой. Супрацоўнікі МНС выратавалі іх з моцнага задымлення з дапамогай масак і вывелі па лесвічным маршы на свежае паветра. Яны не пацярпелі.
З вышэйшых паверхаў ратавальнікі эвакуявалі дванаццаць чалавек, у тым ліку пяць дзяцей.
Пажар быў ліквідаваны ў 12:37.
Мяркуецца, што прычынай пажару стаў недапалак, кінуты з вышэйшага паверха.