Развозчыкі гною пад Жлобінам парэзалі канкурэнта
pixabay.com
У вёсцы Праскурня Жлобінскага раёна нясвоечасова вернуты конь ледзь не стаў прычынай забойства, піша "Новы дзень".
Два непрацуючыя мужчыны, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, дапамагалі аднавяскоўцам: на кані падвозілі гной на прысядзібныя ўчасткі. У адзін дзень да іх падышоў знаёмы і папрасіў каня, каб прывезці сабе дровы. Мужчыны пагадзіліся, але папярэдзілі, каб доўга не затрымліваўся. Аднак у прызначаны час мужчына не з'явіўся.
Прыяцелі пайшлі яго шукаць і пабачылі, што ён сам зарабляе з дапамогай іх каня. Мужчыны пачалі сварыцца, а потым пусцілі ў ход кулакі. Адзін з іх выхапіў нож і ўдарыў 35-гадовага вяскоўца, які не вярнуў своечасова каня.
З колата-рэзанай ранай ў раёне шыі мужчыны даставілі ў лякарню. На нападніка пачалі крымінальную справу за замах на забойства. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.