Посевная кампания в филиале «Маяк-Ушачский» набирает обороты
Філіял “Маяк-Ушацкі” Полацкага камбіната хлебапрадуктаў сёлета першым з усіх сельгаспрадпрыемстваў пачаў сяўбу яравых збожжавых. У сераду, калі наведаў палі паміж Угрынкамі і Двор-Пліна, сейбіты працавалі пяты дзень і за гэты тэрмін зрабілі 170 гектараў – амаль трэць ад запланаваных аб’ёмаў. Але ўжо зараз мясцовыя механізатары разумеюць, што сеяць ім давядзецца значна больш.
Яўген Кулянок (на здымку) лічы што самы малады трактарыст-машыніст у гаспадарцы, але ўжо вопытны, якому давяраюць адказныя віды работ. Сяўба – безумоўна адзін з такіх. Магутны МТЗ-3522 са спаранымі коламі з першага погляду без асаблівай напругі цягне за сабой шасціметровы камбінаваны пасяўны агрэгат. Толькі лёгкасць гэта падманлівая.
– Нераўнамерна падсыхае глеба, – кажа механізатар. – На ўзгорках пыл курыцца следам за трактарам, а ў нізінах яшчэ і вымачкі месцамі ёсць. Стараюся па магчымасці закрываць і такія ўчасткі, каб не варочацца, не траціць час.
Хоць і рыхтавалі тэхніку да веснавой кампаніі, паломкі здараюцца, асабліва ў пасяўным агрэгаце, якому ўжо каля дзясятка гадоў. Невялікія хібы выпраўляюцца на месцы самімі механізатарамі, або ім на дапамогу прыходзіць “лятучая” рамонтная брыгада, для ліквідацыі сур’ёзнай няспраўнасці даводзіцца вяртацца на базу. Не толькі тэхніка “стамляецца” – пад промнямі красавіцкага сонца Я.Кулянок прыжмурваецца і ўсміхаецца, вось толькі выгляд у яго не бесклапотны. Хлопец расказвае, што рабочы дзень зараз пачынаецца ў 7 гадзін і доўжыцца да 20: “Яшчэ не ўцягнуўся ў такі рытм пасля зімы, асабліва цяжка раніцай падымацца”, – шчыра прызнаецца сейбіт.
Умоўны адпачынак наступае толькі пры рамонце ды падчас двух кароткіх абедаў – харчаванне ўдзельнікаў сяўбы арганізавана ў полі. Яшчэ ёсць пару свабодных хвілін, калі бункер пасяўнога агрэгата засыпаецца насеннем. Яго Я.Кулянку на МАЗе з загрузчыкам падвозіць Уладзімір Зелянік, які працаваў у “Сельгасхіміі”, “Райаграсэрвісе”, а зараз працягвае “круціць баранку” ў “Маяку-Ушацкім”. Яшчэ адзін ветэран сельскагаспадарчых кампаній, Фёдар Рудзёнак, быў задзейнічаны побач на падборцы камення. У гаспадарку, дарэчы, для гэтых мэт штодня прыязджае некалькі чалавек з камбіната хлебапрадуктаў, і яна ў ліку нямногіх, дзе дадзены від работ арганізаваны як след – механізатар каменепадборшчыкам збірае вялікія валуны, а следам уручную грузяцца больш дробныя “падарункі” ледавіка – на чацвер было ўбрана звыш 60 гектараў.
З траў пачынаў веснавыя работы Міхаіл Ражноўскі. А зараз з СПУ-6 ужо сеяў авёс, потым пераналадзіў яе на ячмень. Поле за Угрынкамі вялікае, і сеялка на доўгіх гонях спраўна бегала ўпоперак раўкоў, якія засталіся пасля дыскатара. “Так па тэхналогіі патрэбна”, – патлумачыў Леанід Шаманскі, які дапамагаў засыпаць у бункер насенне, што падвозіў Ілья Апёнак. Хлопец працуе ў гаспадарцы зусім нядаўна, і, па словах больш вопытных калег, “толк з яго будзе”. Яно і не дзіўна, бо механізатарамі на плінскіх землях шчыравалі яго родныя.
Акрамя 550 гектараў зерневых і зернебабовых аграрыям “Маяка-Ушацкага” неабходна пасеяць 160 гектараў рапсу, 88 – адналетнікаў, а таксама 400 гектараў траў, пакуль гэты від работ выкананы менш чым напалову. А вось пад кукурузу сёлета запланавана ажно 500 гектараў! Да сяўбы цеплалюбівай “каралевы палёў”, праўда, яшчэ далёка, таму думкі механізатараў сканцэнтраваны на зерневых. “Вось пабачыце, скончым сваё і паедзем у “Глыбачаны” ці на дубраўскія землі”, – упэўнены мужчыны. Трэба сказаць, што пераезды і камандзіроўкі ў іншыя гаспадаркі іх не надта палохаюць – абы тэхніка была спраўная. Зараз жа, напрыклад, яе не хапае для падрыхтоўкі глебы – вось і “Кіравец” Станіслава Малахава ў сераду спыніўся на рамонт.
Ідэальных умоў, як вядома, практычна не бывае. І неабходна адзначыць, што ў “Маяку- Ушацкім”, у параўнанні з іншымі гаспадаркамі, яны неблагія – выдаецца спецадзенне, арганізаваны падвоз на працу, ды і матэрыяльны стымул мае немалаважнае значэнне. Таму і не скардзяцца “маякоўцы” на стомленасць – уцягваюцца ў пасяўную, закасаўшы рукавы.
Дзмітрый Раманоўскі.