Тэмай вясновага літаратурнага салона "Жывапіс. Музыка. Літаратура" сталі паэзія і каханне
Тэмай вясновага літаратурнага салона “Жывапіс. Музыка. Літаратура”, які гасцінна расчыніў свае дзверы ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна, сталі паэзія і каханне. Удзельнікі творчай сустрэчы – паэты Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменікаў Беларусі і прыхільнікі іх творчасці – шчыра дзяліліся сваімі пачуццямі і ўражаннямі.
Пісьменніца Зінаіда Дудзюк расказала пра новыя кнігі, зачытала свае паэтычныя радкі, у якіх перапляліся роднае і сусветнае.
Паэтка Таццяна Шульга пазнаёміла слухачоў з паэтычнымі творамі, напоўненымі красавіцкай лёгкасцю і празрыстасцю, апісала свае творчыя стасункі з Саюзам мастакоў Беларусі. Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч павіншавала яе з 65-годдзем і з нагоды юбілею ўручыла грамату ад старшыні праўлення СПБ Мікалая Чаргінца.
Глыбокія, эмацыйна напоўненыя вершы паэта, заслужанага журналіста Георгія Тамашэвіча прымусілі прысутных задумацца над пошукам шчасця і сэнсу жыцця. Пісьменнік, публіцыст Аляксандр Юдзіцкі расказаў пра літаратурную старонку ў абласной газеце “Заря” і прачытаў вершы паэта, намесніка рэдактара гэтага выдання, складальніка старонкі для творчых набыткаў Уладзіміра Турава. Ён падкрэсліў важнасць цеснага супрацоўніцтва абласной газеты і пісьменніцкай суполкі.
Вядучая імпрэзы Любоў Красеўская кранальна і эмацыйна прачытала свае вершы пра каханне, захапіўшы ўсіх водбліскамі ўласных пачуццяў, прыгажосцю слова і вобразаў. Падчас сустрэчы прысутныя маглі задаць паэтам пытанні, падзяліцца ўражаннямі.
Настаўніца інстытута трэцяга ўзросту Ларыса Сергіенка была так моцна ўражана пачутым, што не змагла не прачытаць любімыя вершы на англійскай мове пра адкрыццё чароўнага свету паэзіі. Творчую сустрэчу ўпрыгожыла сваім выступленнем удзельніца ўзорнай вакальнай студыі “Фантазія” Дома культуры чыгуначнікаў, вучаніца музычнай школы №1 па класе фартэпіяна Марыя Сіманюк.
Прэс-служба Брэсцкага абласнога
аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі
|