Мядзведзь ласуецца мёдам
21.03.2019
—
Разное
Праўда, без дазволу гаспадара...
Напрыканцы тыдня пчаляр з Івацэвічаў Мікалай Леанюк вырашыў наведаць сваю пасеку ў лесе, якая знаходзіцца за Гічыцамі пад Козіцкім возерам. Прыехаў і вачам сваім не паверыў: карціна разбою і валтузні з вуллямі выглядала сумна.
Два вуллі, якія былі з сотамі і пчоламі, ляжалі на баку, два пустыя вуллі засталіся нечапаныя.
Гаспадар пасекі ездзіў «падкарміць» пчол 8 сакавіка, і тады ўсё было ў парадку, а цяпер ад убачанага забалела душа.
Вуллі, што паламаў мядзведзь, каб паласавацца мёдам, былі зроблены моцна, на сумленне. Першы вулей мядзведзь адужаў перавярнуць і адарваў завес, каб далезці да рамак з мёдам. Потым з рамак павыядаў мёд, таптаўся, ляжаў. Рамкі зацягнуў на 5-10 метраў, пчол падушыў. Другі вулей аказаўся мацнейшы. З ім мядзведзь павалтузіўся доўга, пакуль адарваў дошку з замком. Палову рамак з мёдам апустошыў і, пэўна, наеўся. Магчыма, «гаспадарыў» мядзведзь на пасецы і не адзін дзень, казаў Мікалай Міхайлавіч.
Падрыхтавала Валянціна БОБРЫК.