Расійскі “Свет здароўя” нелегальна завёз у Беларусь 18 тысяч літраў спірту
17.03.2019 13:37
—
Разное

Фота: УУС Гродзенскага аблвыканкама
Супрацоўнікі УБЭЗ УУС Гродзенскага аблвыканкама і ГУУС Мінгарвыканкама затрымалі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці фуру з паўпрычэпам, у якой везлі буйную кантрабанду спірту. Паводле прэс-службы Гродзенскай абласной міліцыі, грузавік ішоў з Расіі, ім кіраваў расійскі грамадзянін.
У грузавым адсеку знайшлі каністры з 18 тысячамі літраў вадкасці. Паводле дакументаў, груз належаў кампаніі “Свет здароўя” і прызначаўся для прыгатавання лекавых формаў, але эксперты прыйшлі да высновы, што гэта спірт.
Аператыўнікі маюць інфармацыю, што яго меліся прадаць на тэрыторыі Беларусі. Кантрабанду канфіскавалі, на кіроўцу склалі адміністратыўны пратакол.