Сяргей Чалы ў Віцебску, піва на ірландскае свята і новы спектакль. Топ афішы выходных
Так супала, што ўсе самыя цікавыя імпрэзы гэтых выходных арганізатары анансавалі па-беларуску. У суботу запрашаюць на лекцыю вядомага фінансавага аналітыка Сяргея Чалага. У нядзелю — на Дзень святога Патрыка ў «Торвальд», а таксама на новы спектакль пра Шагала ў «Ляльку».
Інтэрактыўная лекцыя «Што будзе з беларускай эканомікай»
Дзе: арт-паб «Торвальд» (вул. Талстога, 1)
Калі: 16 сакавіка, 16.30
Уваход: вольны
Цэнтр новых ідэй запрашае на інтэрактыўную лекцыю «Што будзе з беларускай эканомікай». Хто можа патлумачыць пра гэта лепш, чым Сяргей Чалы? Незалежны фінансавы аналітык, вядоўца праграмы «Эканоміка на пальцах» на TUT.BY раскажа, ў чым сапраўдная праблема беларускай эканомікі і якія рэформы трэба рабіць. А дапамагаць Сяргею будзе дырэктар Цэнтра новых ідэй Антон Раднянкоў.
Рэгістрацыя на мерапрыемства — па спасылцы.
Дзень святога Патрыка
Дзе: арт-паб «Торвальд» (вул. Талстога, 1)
Калі: 17 сакавіка, 18.00
Уваход: 5 рублёў (але можна трапіць бяслатна — калі прыйдзеш у святочным строі)
Ірландскі паб «Торвальд» у Віцебску ў нядзелю запрашае на сваё амаль прафесійнае свята — Дзень святога Патрыка. У праграме: музыка ад «Адарвірог» (Мінск), танцы пад DJ-сэт, фатаграфаванне ў святочных строях, ну і, канешне, смачнае піва.
Больш інфармацыі па нумары: +375 33 399−99−20.
Спектакль «Мастак. Вяртанне ў Віцебск»
Дзе: тэатр «Лялька» (вул. Пушкіна, 2)
Калі: 17 сакавіка, 18.00
Кошт квіткоў: 6 рублёў
«Мастак. Вяртанне ў Віцебск» — новы спектакль лялечнікаў для дарослых гледачоў у пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Віктара Клімчука. Прысвечаны ён, зразумела, Марку Шагалу. Спектакль пра тое, як мастак працягвае шукаць сваё месца ў Віцебску. Нават пасля вечнага развітання.
Дадатковая інфармацыя — па тэлефонах: +375 212 66-90-77, +375 212 62-50-51.