І абавязак наш, і права ў законе тым жывуць…

Источник материала:  
15.03.2019 — Разное

15 сакавіка ў нашай краіне адзначаецца Дзень Канстытуцыі. Сёлета гэта юбілейная дата - 25-годдзе прыняцця асноўнага Закона Рэспублікі Беларусь. Значэнне гэтага свята зразумела кожнаму грамадзяніну. Прыняцце і далейшае ўдасканаленне Канстытуцыі ў многім вызначыла сучаснае развіццё Беларусі як сацыяльнай прававой дзяржавы.
Таму кожны год 15 сакавіка - усенароднае свята. А яшчэ стала цудоўнай традыцыяй у гэты дзень уручаць пашпарты грамадзян Рэспублікі Беларусь юнакам і дзяўчатам, якія дасягнулі 14-гадовага ўросту. Гэта заўжды праводзіцца ўрачыста, запамінальна.
Напярэдадні Дня Канстытуцыі ў Лелюкінскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе прайшоў запланаваны ў аддзеле адукацыі Іўеўскага райвыканкама семінар педагогаў-аргані-затараў школ раёна.

І абавязак наш, і права  ў законе тым жывуць…

Вельмі мудра паступіла адміністрацыя школы, калі запрасіла ўдзельнікаў семінара на мерапрыемства "Ганаруся сваёй краінай" у рамках Рэспубліканскай акцыі "Мы - грамадзяне Рэспублікі Беларусь". Таму што мерапрыемства было прадумана і праведзена бліскуча.
Выстава літаратуры "Канстытуцыя - галоўны закон" адразу акцэнтавала прысутных на тэматыку падзеі.
Вядучыя сустрэчы, юнак і дзяўчына, расказалі аб Асноўным Законе краіны, яго артыкулах, найважнейшых прапісных высновах.
Мультымедыйнае суправаджэнне мерапрыемства, міні-канцэрт з песень патрыятычнай накіраванасці стваралі ў зале атмасферу любові да Радзімы, гонару за сваю краіну. І мільгалі на экране васількі сярод спелага калосся жыта, і кідалі дзяўчаты і хлопцы вянкі ў купальскія рэкі і азёры, і хлапчукі вучыліся касіць травы, і стаяў на стале стос бліноў, напечаны клапатлівай бабуляй для ўнукаў, і радавалі вока стромкія гмахі новабудоўляў нашай дарагой сталіцы горада-героя Мінска.

Мы апошнім часам рэдка дадаем гэтае званне, калі гаворым пра сваю сталіцу. А яно ж так. Мінск стаў горадам-героем падчас Вялікай Айчыннай вайны, а зараз ён застаецца ў гэтым званні сваімі працоўнымі і навуковымі дасягненнямі, сваімі мірнымі палітычнымі ініцыятывамі і г.д.
Наогул, атмасфера мерапрыемства была прасякнута патрыятызмам, беларускасцю, нацыянальным гонарам і самасвядомасцю.
Мне здаецца, менавіта так патрэбна абстаўляць свята ўручэння пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Гэта і зрабілі арганізатары мерапрыемства - педагог-арганізатар Аксана Іванаўна Рэвінская і намеснік дырэктара ўстановы адукацыі па выхаваўчай рабоце Наталля Рамуальдаўна Сушчынская.

І абавязак наш, і права  ў законе тым жывуць…

14 хлопцаў і дзяўчат атрымалі ў гэты дзень свой першы, але самы галоўны на ўсё жыццё дакумент - пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь - з рук прадстаўнікоў аддзела адукацыі і рэдакцыі раённай газеты "Іўеўскі край". Старшыня Лелюкінскага сельскага выканаўчага камітэта Станіслаў Станіслававіч Алешчык уручыў юным грамадзянам падарачны камплект "Я - гражданин Республики Беларусь", які складаецца з кнігі і двух электронных дадаткаў.
Між іншым, выданне гэтага камплекта з'яўляецца адным з мерапрыемстваў прэзідэнтскай праграмы " Дзеці Беларусі".
Госці мерапрыемства і старшыня сельвыканкама павіншавалі юнакоў і дзяўчат, пажадалі ім з гонарам несці званне грамадзяніна нашай краіны. Напомнілі, што грамадзянскі абавязак кожнага з нас ( а зараз і іх) - ведаць Канстытуцыю, паважаць, выконваць яе палажэнні. Ад таго, наколькі мы ведаем Канстытуцыю і іншыя законы дзяржавы, залежыць наш асабісты дабрабыт, самарэалізацыя і тое, якую карысць мы можам прынесці краіне і грамадству.

В. ГУЛІДАВА.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.

←ГОРОСКОП НА НЕДЕЛЮ С 18 ПО 24 МАРТА 2019 ГОДА

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика