Праверка будаўнічых аб’ектаў у Смаргоні
Будаўнікі, якія з люлек абліцоўваюць фасад шматпавярхоўкі, апрануты ў спецадзенне, на галаве ў кожнага з іх каска, як таго патрабуюць правілы тэхнікі бяспекі. Хаця люлькі перад выкрыстаннем прайшлі тэхнічнае выпрабаванне, аднак пры перастаноўцы з месца на месца, яны кожны раз выпрабоўваюцца на трываласць.
Аб’ект абгароджаны па перыметры металапрофілем. Каля варот змешчаны пашпарт аб’екта і схема руху грузавога аўтатранспарту. Аб тым, як ён рухаецца па тэрыторыі будаўнічай пляцоўкі, дзяржаўнаму будаўнічаму інспектару Андрэю Шульзе і начальніку аддзела ахітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Дзянісу Крыштопенку паказаў прараб БУ “Смаргоньбуд” БМТ №41 Сяргей Чарняк.
У мікрараёне Заходнім на будаўнічым аб’екце, які непадалёку ад стадыёна ўзводзіць “Гроднажылбуд”, падчас праверкі была звернута ўвага на тое, што выезд з абгароджанай будаўнічай пляцоўкі знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад дарогі, на якой даволі інтэнсіўны аўтамабільны рух. Майстру гэтай будаўнічай арганізацыі Аляксандру Фалевічу было рэкамендавана звярнуцца ў мясцовы аддзел ДАІ для таго, каб паблізу месца заезду-выезду часова быў устаноўлены дарожны знак, які абмяжоўвае хуткасць руху.
На будаўнічай пляцоўцы пакладзены жалезабетонныя пліты пліты. Не ўсюды, толькі там, дзе грузавы аўтатранспарт падвозіць да аб’екта будаўнічыя матэрыялы. Зроблена гэта для таго, каб за коламі аўтамабіляў на вуліцы горада не вывозілася гразь. Там жа, дзе няма плітаў, для абуладкавання падыходаў да аб’екта выкарыстоўваецца бульдозер, паколькі зямля яшчэ сырая, іншым разам ідзе мокры снег альбо дождж.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.