Падарожжа па родным краі. Пагарэлае
Невялікая вёсачка Пагарэлае знаходзіцца на поўдні ад раённага цэнтра Глуск. Цераз вёску пралягае шлях Глуск — Акцябрскі. Частка гэтага шляху з’яўляецца і адзінай вуліцай Пагарэлага, абапал якой і стаяць сялянскія хаты. Вёску ахінаюць лес і поле.
Урочышча, хутар, пасёлак, вёска…
Да сярэдзіны XIX стагоддзя на гэтым месцы было ўрочышча, аб чым сведчыць вось такі запіс: “При проверке поверочной комиссией земель по имению Розлевичи, принадлежащим помещикам Иосифу Юрьевичу Райкевичу и Виктории Мартиновне Райкевич Минской губернии Балашевичской волости Рыловицкого сельского общества 1866 года 23 мая” і “1869 года 26 марта” значыцца “урочище Погорелое”, ад якога “крестьяне имения Розлевичи отказались, взамен сенокоса, уступленного крестьянам в урочище Пугач при р. Птичь и было раньше в пользовании крестьян”. А назва Пагарэлае прама альбо ўскосна сваім з’яўленнем абавязана агню. Пагарэлае — гэта выпаленае альбо выгаралае месца ў лесе ці дзялянка, выпаленая пасярод лесу, прызначаная пад ворыва.
У 1889 годзе ў архіўных дакументах запісана паселішча “хуторъ Погорелый” Бабруйскага павета Глускай воласці. Хутар — гэта асобная аднадворная сядзіба з хатай, хлявом, калодзежам, склепам, якая ўзнікла ў час асвойвання зямель. Паколькі ўрочышча мела назву Пагарэлае, то і хутар атрымаў такую ж назву. Аднымі з першых пасяленцаў хутара Пагарэлае былі сяльчане з прозвішчам Корбут і Гнядзько. “16 ноября 1894 года” ад “помещика Григория Юрьевича Райкевича” паступіла заява ў “Минское управление по крестьянским делам”, у якой ён адзначае, што “представляя планы участков земли под названием “Погорелое”, “Осиновая града” и “Коренье”, входящие в состав имения моего Розлевичи Глуской волости Бобруйского уезда — прошу отметить на полях, что оные не обременены сервитутами, правом крестьян на пастбище…” (Сервитут на земельный участок — это право ограниченного пользования чужим земельным участком, например, для прохода, проезда.)
У 1897 годзе паселішча пішацца “пасёлак Пагарэлае”, складаецца з шасці двароў, у якіх значыцца 42 жыхары. Больш падрабязныя звесткі з’явіліся аб вёсцы ў 1909 годзе: Пагарэлае пазначана як “деревня”, што знаходзіцца ад валаснога цэнтра за 9 вёрст, ад павятовага горада — за 54 вярсты, ад горада Мінска — за 199 вёрст. Двароў у Пагарэлым — 7, жыхароў — 61, з іх — 32 мужчыны і 29 жанчын, і ўсе — беларусы. Па звестках паслярэвалюцыйных дакументаў, а іменна ў 1926 годзе, у Пагарэлым налічваецца 16 двароў і 75 жыхароў. Вёска Пагарэлае ў гэты час пішацца ў розных афіцыйных паперах дзе “деревня”, а дзе “хутар”.
У гады перамен
Час ад 1917 года і амаль да самай вайны быў для ўсіх сялян цяжкі і непрадказальны. Наязджалі прадстаўнікі новай улады і патрабавалі плаціць падатак, здаваць дзяржаве і зерне, і бульбу, і нават яйкі… Багацеяў на хутары не было, але і не галадалі. Быў хлеб і да хлеба. Зямля радзіла добра, было ўсё сваё. Трымалі жыхары і кароў, і коней, і авечак — назапашвалі ім на зіму сена, было чым карміць і свіней, і птушку. Працавітыя і добразычлівыя сяляне Пагарэлага жылі памяркоўна. Ды і як інакш: усе нейкім чынам паміж сабою былі раднёю — хто брат, хто кум, хто сват… Жыхары стараліся выконваць усе разнарадкі савецкай улады. Але палітычныя рэпрэсіі не абмінулі і іх. У 1930 годзе раскулачванне ішло па краіне поўным ходам. Пад гэтую раздачу трапілі і Корбуты. З Пагарэлага ў Свярдлоўскую вобласць былі высланы Аляксандра Ігнатаўна Корбут, Дзмітрый Пятровіч Корбут, Зоя Пятроўна Корбут (1930 г. нараджэння, разам з маці), Іван Дзмітрыевіч Корбут разам з бацькам. Усе яны былі рэабілітаваны ў студзені 1996 года.
Імёны на помніку
У Вялікую Айчынную вайну, як успамінаюць вяскоўцы, “немцы жыхароў Пагарэлага не чапалі і вёску не палілі. Як былі праездам, то па хатах добра шныралі. Забіралі і адзежу, і посцілкі, і птушку, і жывёлу — усё, што бачылі. Калі заходзілі ў хату і на стале стаяла соль, то і яе забіралі. Было ў вайну, што трохі і стаялі немцы ў вёсцы. Сяльчан са сваіх хат павыганялі, і тыя жылі хто ў старой будыніне, хто ў хляве, а мужчыны ў гэты час сыходзілі з вёскі ў лес. Партызаны ад іх і даведваліся аб немцах і іх дзеяннях.
У лютым 1942 года за сувязь з партызанамі былі расстраляны Міхаіл Андрэевіч Гнядзько і Павел Рыгоравіч Касцюкевіч. Хлопцам не было і дваццаці год. У 1944-м, калі пагналі ворага з роднай зямлі, пазабіралі ў Чырвоную армію ўсіх мужчын — і тых, хто не трапіў на фронт у 1941 годзе, і тых дзяцей, што паспелі за вайну падрасці і сталі прызыўнікамі. Пад Варшавай загінулі Пётр Якаўлевіч Кісляк і Мікалай Яўстратавіч Новік, Міхаіл Свірыдавіч Мядзведка памёр ад ран у красавіку 1945 года, у тым жа красавіку 1945 года загінулі ў Германіі землякі Міхаіл Барысавіч Фалецкі і Аляксандр Кірылавіч Новік. Ва Усходняй Прусіі, не дажыўшы месяц да Перамогі, скончыў свой баявы шлях Іван Андрэевіч Гнядзько, камандзір стралковага батальёна, ён быў у Чырвонай арміі з 1938 года і, лічы, прайшоў усю вайну. Памяць аб загінуўшых жыхарах вёскі Пагарэлае ўвекавечана на помніку ў вёсцы Клетнае, цэнтральнай сядзібе былога калгаса “Радзіма”.
Брыгада нумар сем
Тыя, хто выжыў у ваенным пекле, вярнуліся пасля вайны ў родную вёску да мірнай працы. Павел Васілевіч Пуліновіч двойчы быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені, пайшоў працаваць у свой калгас. Разам з Іванам Піліпавічам Кузьміцкім неаднойчы ў час жніва на камбайнах убіралі зерневыя. Жалі і жыта, і пшаніцу, і авёс. Бывала, за тыдзень убіралі болей за 100 гектараў. Працавалі ў сёмай брыгадзе калгаса, у склад якой уваходзілі Пагарэлае і суседнія вёскі Пяценка, Бярэжкі, Вайцяхова. Брыгадзірам быў прызначаны Мікалай Афанасевіч Мядзведка, свой, пагарэльскі, які вярнуўся з вайны інвалідам II групы. “Быў на фронце кулямётчыкам, ад Любані дайшоў да Одэра, — апавядала пра свайго чалавека Таццяна Пракоф’еўна Мядзведка. — Параненых вельмі багата было каля таго Одэра, і нашых, і немцаў. Але немцаў нашы не дабівалі, тыя ж маладыя былі, дзеці яшчэ, і амаль усе плакалі: “Гітлер капут”. Чалавек мой, калі бралі Берлін, быў паранены асколкам. Немцы з гармат білі па дрэвах, па верхавінах, снарад трапляў у дрэва, разрываўся, і асколкі сыпаліся градам на ўсіх, багата з-за гэтага нашых параніла ў тым ляску. Тады ж і яго санітары вынеслі”.
А пасля вайны Мікалай Мядзведка вярнуўся дадому, працаваць стаў у калгасе. Адразу прапанавалі быць бухгалтарам. Кантора знаходзілася ў Пяценцы. Але праз каторы час саступіў месца чалавеку, што прыйшоў з вайны без ног. У 1957-м Мікалая Мядзведку і прызначылі брыгадзірам. “Шмат чаго даводзілася рабіць за жыццё: араў, сеяў, збіраў, даглядаў жывёлу. Працаваць на зямлі прыйшлося з дзяцінства, асабліва калі ў 1932 годзе памёр бацька, а хлопец у 9 год быў старэйшым мужчынам у сям’і. Калі стаў брыгадзірам, то ўсюды спраўляўся. Асноўная тэхніка брыгадзіра — конь. Бывала, за дзень па некалькі разоў прыходзілася быць на палетках у розных баках брыгаднае зямлі, не было часу дадому заскочыць, каб паабедаць”, — расказвала Таццяна Пракоф’еўна. Дзесьці праз гады тры брыгадзірства Мікалай Афанасевіч Мядзведка быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР — за выдатныя поспехі, дасягнутыя яго брыгадай у вырошчванні сельгаскультур. А поспехі брыгады — гэта і добрая аплата працы. У 1969 годзе за добрую вытворчасць мяса ў брыгадзе Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР узнагародзіў Мікалая Мядзведку другой Ганаровай граматай, а ў 1970 годзе — медалём “За доблесную працу”. Больш за дваццаць год кіраваў брыгадай франтавік, старанны працавіты чалавек. Збожжавых бралі амаль па 30 цэнтнераў з гектара, бульбы — па 185 цэнтнераў. У яго брыгадзе знаходзіўся жывёлагадоўчы комплекс, які спецыялізаваўся на вырошчванні цялушак (племянных цялушак адпраўлялі ў іншыя гаспадаркі раёна). З гэтай сур’ёзнай і адказнай справай добра спраўляліся ў брыгадзе. Корму жывёле заўжды хапала ўдосталь — і сена, і сенажу. Адданасць справе камуніста М. А. Мядзведкі ў 1977 годзе была адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Усе ў брыгадзе старанна працавалі, і жывёлаводы, і паляводы, ніводнай хвілінкі ніхто не гуляў. “Бывала, адправяць накідаць гной на трактар, — успамінала Зінаіда Архіпаўна Кісляк. — Дык трактар павязе на поле той гной, а нам патрэбна яго чакаць, з’яўляўся невялікі перапынак ад цяжкай працы — то хутчэй усе жанчыны браліся за пруткі, іх з сабою насілі, і вязалі — хто шкарпэткі, хто кофты. Самі ж сям’ю адзявалі, і сябе, і дзяцей. А па вечарах, асабліва зімою, калі ўпраўляліся па гаспадарцы, садзіліся зноў ці вязаць, ці шыць, ці вышываць. Вельмі хораша вышывалі Таня Каранкевіч і Ліда Кісляк.
І шчыравалі, і адпачывалі
Дзеці ў сем’ях пасля вайны нараджаліся часта. Падрасталі памочнікі бацькам. Усіх прывучалі да працы: адразу дома, па-гаспадарцы — дроў ды вады ў хату нанасіць, жывёлу пакарміць ды падаслаць, у хаце прыбраць… Усім адпаведна ўзросту. Дзеці дапамагалі і сена ўбіраць, і грады палоць, і бульбу капаць… А ў школу хадзілі аж за пяць кіламетраў ад Пагарэлага, у Клетнае. Сваёй школы ў вёсцы не было. Усе стараліся вучыцца. “Крый Божа, каб настаўнік пажаліўся бацькам на дрэнныя паводзіны. Гэта ж вялікі сорам. То дома так злупцуюць, што і сесці не зможаш,” — успамінаюць вяскоўцы. Зімою было вельмі цяжка хадзіць у школу, то быў хто і на кватэры. Добра пазней, калі стаў рэгулярна хадзіць аўтобус, дзеці з Пагарэлага вучыліся ў глускай школе.
З правага боку ў самым канцы вёскі стаяў клуб. Быў свой хор. Хораша спявалі. На гармоніку іграў Ефімовіч, з Пяценкі родам, а працаваў у Клетным шафёрам. Арганізоўвалі вечары, танцы. У тыя 60-я гады ХХ стагоддзя сакратаром камсамольскай арганізацыі брыгады была Зінаіда Архіпаўна Кісляк, актывістка, яна магла арганізаваць моладзь на любую справу. У бібліятэцы брала кнігі, прывозіла ў вёску, каб чыталі, бо сваёй бібліятэкі не было.
Люба Мядзведка працавала ў клубе прыбіральшчыцай. Кірмаш у Пагарэлым заўжды гулялі па два дні — у клубе танцавалі да рання. А быў ён на Міхайла — 21 лістапада, і на Дзясятуху. Адпачываць добра ўмелі, хоць і шчыравалі з ранку да вечара ў калгасе і ў асабістай гаспадарцы, бо трымалі і кароў, і свіней, і птушку, а яшчэ ў сезон з чэрвеня па лістапад у любую вольную хвілінку беглі ў лес — назбіраць ягад і грыбоў — і сабе на зіму каб хапіла, і на продаж.
Лес заўжды быў добрым кармільцам. За шляхам, што на Бярозаўку з Баянава, хадзілі ў лісічкі. Расло іх там — хоць касой касі, ды і іншых грыбоў у навакольным лесе хапала. У вёсцы ў сезон быў нават свой грыбаварны пункт. А нарыхтоўшчыцай працавала Любоў Андрэеўна Ляпко. Бывала, закрывала больш за 50 бочак грыбоў, каля 3 000 кілаграмаў. У верасні 1986 года на рахунку мясцовых здатчыкаў Таццяны Якаўлеўны Каранкевіч, Таццяны Пракопаўны Мядзведкі і Надзеі Марцінаўны Казачок значылася па 250—350 кілаграмаў грыбоў. І калі па вечарах плыў па Пагарэлым грыбны водар, то жыхары казалі: “Наша Андрэеўна варыць грыбы”. Часам вазілі жыхары вёскі прадаваць грыбы і ў Бабруйск, па 5—6 вёдраў. Неслі і ў руках, і на плячах у карзінах. Торг у горадзе даваў добры прыбытак. А з горада везлі і адзенне, і абутак для сям’і, і розныя прысмакі. Кожны ў сезон круціўся, каб зарабіць капейку, лішняй не была.
У бок Клетнага было балота з назвай Пархачоў — там бралі буякі і чарніцы. За Турынкай — шлях, дарога, на палове якой мясціна, дзе добра раслі журавіны, чарніцы, буякі. А яшчэ былі мясціны Бярэзнікі, Далёкія Бярэзнікі… Зараз усё пазарастала, выразалі багата лесу, адны дзялянкі, часцей за ўсё заваленыя ламаччам. Страшна ўвайсці ў гэты лес, гавораць сяльчане. Непадалёк ад Пагарэлага цячэ рака Даколька, каля Баянава яна ўпадае ў раку Пціч. Тут, у “Карме”, колісь грэблі сена. А яшчэ ў Дакольцы вадзілася багата рыбы. Яе лавілі, а потым і смажылі, і варылі. І зараз хто крышку маладзейшы, штосьці ловіць на рацэ. Але гэта не тое, што колісь. Левы прыток ракі Даколькі мае назву Пагарэльскі канал, яго пачатак дзесьці за 2,5 кіламетра на ўсход ад вёскі Пяценка.
Няма таго, што раньш было
Вось ужо некалькі год вёска Пагарэлае ўваходзіць у склад Слаўкавіцкага сельсавета. А раней, і да вайны, і пасля яе, доўгі час лічылася вёскай Клятнянскага сельсавета. Хат у вёсцы каля дваццаці. І калі ў 2007 годзе лічылася жылых двароў 12, а жыхароў — 17 чалавек, то зараз большасць хат — пустыя. Жыхароў — 7 чалавек, усе пенсіянеры. Гаспадаркі не вядуць: няма здароўя. Адна сям’я, крыху маладзейшая, трымае коз. Два разы на тыдзень у вёску прыязджае аўталаўка, рэгулярна — паштовая машына. На хаце Зінаіды Архіпаўны Кісляк, яна ж і стараста вёскі, шыльда — “Дом сацыяльных паслуг”, тут і збіраюцца пенсіянеры, калі прыязджаюць работнікі сацыяльнай службы.
У вёсцы цішыня, яе часам парушаюць машыны, якія едуць па шляху, ды, бывае, наведаюць бацькоў ці пустое бацькава селішча дзеці. Па сваіх гадах вёска Пагарэлае яшчэ маладая, ёй крыху болей за сто год, але вось жыццё ў ёй ідзе на скон. Няма таго, што раньш было…
Іна КІРЫНА