Асіповічы: коратка аб розным
План яравой сяўбы ў сельгаспрадпрыемствах раёна сёлета складае 14555 гектараў. Самыя значныя плошчы адведзены пад збожжа і зернебабовыя культуры — 6775 га, кукурузу на сілас і зялёны корм — 3530, цукровыя буракі — 960.
Свята Масленіцы з удзелам дзіцячых калектываў “Лянок”, “Журавінка” і “Талісман” распачнецца ў нядзелю ў 11 гадзін каля раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Гульні, забавы, чай і, канечне, бліны чакаюць наведвальнікаў. Зрабіць сустрэчу запамінальнай дапамогуць і дзве спецыяльна арганізаваныя фотазоны.
“Жаночыя вобразы” — так называецца выстаўка работ выхаванцаў ЦТДіМ, прымеркаваная да сакавіцкага свята. Яна будзе дзейнічаць да 15 чысла. Падрыхтавалі экспазіцыю педагогі Надзея Прышчэпава, Таццяна Веправа і Мархаба Высоцкая. Таксама творчыя работы, пераважна з прыроднага матэрыялу, сабрала з усіх школ раёна “Магілёўская скарбонка”. З яе “начыннем” можна азнаёміцца да канца месяца.
ДАI паведамляе: учора з мэтай папярэджання ДТЗ з удзелам непаўналетніх, захавання іх жыцця і здароўя на дарогах пачалася рэспубліканская прафакцыя па папярэджанні дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму «Беражыце дзяцей!». Мерапрыемствы працягнуцца па 15 сакавіка.
1100 тон бярозавіку плануюць сёлета нарыхтаваць пры спрыяльных умовах працаўнікі ДДЛГУ “Асіповіцкі доследны лясгас”. Падсочка дрэваў распачнецца пасля 10 сакавіка.