Ушачанка Алла Ковалёва коллекционирует бусы, в том числе и сделанные своими руками
Гэта папулярнае ўпрыгожанне прыйшло да нас з глыбіні сівых стагоддзяў. Нядаўна ў Марока былі знойдзены дэкараваныя ракавіны – элементы старажытных пацерак, узрост якіх, па ацэнцы вучоных, каля 82 тысяч год. З чаго толькі ні складалі каралі нашы продкі: з костак і зубоў, зерня і рыбінай лускі, бурштыну і жэмчугу… Пацеркі служылі сімвалам улады, абярэгам, грашыма і, канечне ж, упрыгожаннем.
Гэту функцыю яны захавалі і ў сучаснасці: напэўна, у любой жанчыны ёсць некалькі караляў, якімі можна дапоўніць касцюм і падкрэсліць вобраз. А вось у жыхаркі райцэнтра Алы Фёдараўны Кавалёвай выбар упрыгожання пад убор асабліва багаты: доўгі час жанчына збірае калекцыю пацерак, якую прадставіла нядаўна на пасяджэнні клуба цікавых сустрэч “Ушачане”.
Большасць гэтых караляў жанчына вырабіла сама: набывала элементы і складала з іх адмысловыя кампазіцыі, рэстаўравала старыя вырабы. Але ёсць і гатовыя – пачатак калекцыі дало ўпрыгожанне, падоранае яшчэ ў школьныя гады аднакласнікам. Шмат экспанатаў з’явілася пасля паходаў па піцерскіх распрадажах, на якіх Ала Фёдараўна набывала бранзалеты, каралі, якія перароблівала на свой густ. Цікава, што літаральна ўсе пацеркі калекцыі створаны з недарагога матэрыялу: толькі ў адных маецца чатыры паўкаштоўныя каменьчыкі “кашэчае вока”. Тым не менш, выглядаюць яны багата і стыльна – так ацанілі ўбачанае ўдзельнікі пасяджэння клуба. “Навошта гэтым займаюся? Проста падабаецца ствараць прыгажосць, якая можа ўзняць настрой і мне, і іншым – большую частку сваіх вырабаў я раздорваю сяброўкам, – расказвае Ала Фёдараўна. – Увогуле ж лічу, што каралі – спрадвечны атрыбут жаноцкасці, здольны расквеціць любы, нават зусім просты ўбор”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.