Юныя ганцаўчане працягваюць праяўляць зайздросную актыўнасць ва ўдзеле ў шматлікіх конкурсах самага рознага ўзроўню, у якіх абавязкова выходзяць або пераможцамі, або прызёрамі, або, на крайні выпадак, уладальнікамі заахвочвальных лістоў. Як бы там ні было, а дамоў з пустымі рукамі ніколі не вярталіся.
Вось і гэтым разам у творчым спаборніцтве (прысвечана стагоддзю паэмы “Сымон-музыка” і 95-годдзю паэмы “Новая зямля” Народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа), назва якога вынесена ў загаловак і ўдзел у якім прынялі ажно 1600 чалавек, перамогу ў ліку іншых атрымалі трое школьніц нашага раёна. Валерыя Сарока з СШ №2 і Юлія Шкут з гімназіі ўзнагароджаны спецдыпломамі, а Паліна Занька, вучаніца Люсінскага дзіцячага садка-СШ імя Якуба Коласа, дыпломам і самавітай ды вельмі каштоўнай энцыклапедыяй мастацтва.
Створаная 12-гадовай Палінай скрыпка вельмі ўразіла членаў журы, у склад якога ўвайшлі такія вядомыя ў краіне сучасныя пісьменнікі, як першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп, літаглядальнік газеты “Советская Белоруссия” Людміла Рублеўская і інш. Цяпер яна займае ганаровае месца на выставе ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, які з’яўляецца галоўным арганізатарам конкурсу.
Цырымонія ж узнагароджання праходзіла ў бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якая таксама носіць імя народнага песняра.
Галоўнай адметнасцю менавіта гэтага конкурсу, у адрозненне ад папярэдніх, сталася тое, што юныя таленты спаборнічалі не ў літаратурных жанрах, а ў выяўленчым і прыкладным мастацтве: малюнкі, вырабы з дрэва і інш.
Віншуем нашых юных зямлячак-пераможцаў. Пажаданне адно: далей тварыць і перамагаць.
Анатоль Крэйдзіч
“У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных”
01.03.2019 13:13
—
Разное
(Visited 14 times, 14 visits today)