Насычаным на мерапрыемствы атрымаўся Тыдзень беларускай мовы ў яслях-садзе №1 г.п.Ушачы
Як на беларускай мове ў некалькіх варыянтах выказаць сваю радасць, падзякаваць ці папрасіць прабачэння? Як выклікаць цікавасць у непаседлівых дзетак да мовы? На гэтыя і многія іншыя пытанні адказвалі выхавальнікі дашкольных устаноў раёна падчас правядзення метадычнага аб’яднання на базе ясляў-сада №1 г.п.Ушачы. На мерапрыемстве педагогі дзяліліся са сваімі калегамі вопытам работы. Тэма ж была абрана невыпадкова – 21 лютага адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы.
– Дашкольны ўзрост з’яўляецца найбольш спрыяльным перыядам для авалодання дзецьмі мовамі, бо ў гэты час фарміруецца цікавасць, патрэба да ведаў, – адзначае намеснік загадчыка ясляў-сада І.У.Акулёнак.
Удзельнікі мерапрыемства не толькі абмеркавалі выхаваўча-адукацыйныя напрацоўкі, а і праверылі свае веды ў літаратурнай гасцёўні, разгадалі загадкі, праявілі сябе ў музычнай хвілінцы. Рыхтаваліся да свята і малышы, якія прадэманстравалі веданне мовы праз вершы. Ацанілі прысутныя і даследчую відэаработу выхаванцаў пра Петруся Броўку – у яго гонар названа вуліца, на якой размяшчаецца дзіцячы сад.
Зрэшты, увесь тыдзень ва ўстанове быў прысвечаны роднай мове. Дзеці ўдзельнічалі ў конкурсе чытальнікаў, выхавальнікі павышалі свой прафесійны ўзровень на адпаведным семінары-практыкуме, праведзены заняткі па тэме малой радзімы.
А інтэр’ер старшай групы ўпрыгожыла фотавыстава “На прасторах роднай зямлі”. Дзеці разам з бацькамі рабілі здымкі беларускіх краявідаў, а потым з дапамогай выхавацеляў да кожнага падбіралі вершы на беларускай мове, якія будуць вучыць на памяць.
Справядліва будзе адзначыць, што ў дзіцячым яслях-садзе №1 увага роднай мове ўдзяляецца пастаянна. Напрыклад, для больш эфектыўнага засваення выхаванцамі культуры, звычаяў беларускага народа створаны музей “Беларуская хатка”, дзе праводзяцца заняткі. Абсталяваны ён рознымі рэчамі, якімі карысталіся нашы продкі.
– Кожная пятніца ў старшай групе праходзіць пад знакам роднай мовы, мы размаўляем па-беларуску, чытаем казкі. Каб дзеткі лепш разумелі, робім гэта наглядна, напрыклад, бяром рукавічкі, пальчаткі, іншыя рэчы і даём адпаведныя назвы. Асаблівы эфект прыносяць гульнявыя заняткі: фізкультхвілінкі, ролевыя гульні, тэматычныя карагоды, – дзеліцца вопытам выхавацель Наталля Дзмітрыеўна Арэхва.
Тэматычныя ж тыдні роднай мовы, насычаныя шматлікімі мерапрыемствамі, у садку плануюць праводзіць кожны квартал.
Вольга КАМАРКОВА.