Кандидат архитектурных наук Евгений Брянцев проектирует храмы и занимается разработками госуровня
Са старшым выкладчыкам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдатам архітэктурных навук Яўгенам Георгіевічам Бранцавым сустрэліся ў санаторыі “Лясныя азёры”. Заставаўся апошні дзень пуцёўкі, і ён загадзя браніраваў месца на лета. “Я трэці раз тут, усё падабаецца, вось імкнуся ці поўную пуцёўку заказаць, як зараз, ці па скідцы, як член прафсаюза, за свой кошт узяць”. Нагодай жа нашай сустрэчы стала тое, што менавіта Яўген Георгіевіч праектаваў царкву Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры ва Ушачах.
Нарадзіўся, каб ствараць храмы
“Я якраз быў у архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія, калі прыйшоў айцец Вячаслаў Лобец. Патлумачылі мне задуму, памеры, паглядзеў прывязку на месцы. Традыцыі ж праваслаўнага дойлідства вывучаў раней. Да гэтага спраектаваў не адзін храм: царкву ў Барані Барысаўскага раёна, у Новабарысаве, Пячах, манастыр імя Ксеніі Пецярбуржскай. Я і народжаны, каб узводзіць храмы. Бо не проста веру, а ведаю, што Бог існуе. За гэты час пазнаёміўся з мноствам людзей, лёсы якіх з’яўляюцца яскравым доказам таму. Царкву ў Новабарысаве за два гады пабудаваў чалавек, які паміраў ад сухотаў. Яму было бачанне, што падымецца (да гэтага быў ляжачым), калі пагадзіцца на карысную справу. На наступны дзень лёгка дыхаў, флюараграфія не пацвердзіла ранейшага дыягназу, і ён пайшоў па прадпрыемствах і прадпрымальніках: па паддону цэглы, па ўпакоўцы цвікоў збіраў матэрыял. І пабудаваў. А ігуменняй Свята-Ксеніеўскага манастыра з’яўляецца былая выкладчыца навуковага атэізму, на вачах якой загінула дачка. Многа розных гісторый. Я ніколі не бяру за праекты храмаў ганарараў, калі толькі зарплата праектнага інстытута. Гэта мой спосаб выратавацца. І можна лічыць хобі. Бо па жыцці займаюся праектамі зручнага і таннага жылля.
Распрацоўкі дзяржаўнага ўзроўню
Тры кафедры Полацкага дзяржуніверсітэта: не толькі архітэктуры, але будаўнічых канструкцый і фізікі займаюцца зараз распрацоўкай новага матэрыялу сцен і наогул жылля. Па-першае, каляровага і вельмі трывалага бетону, які не давядзецца падфарбоўваць у працэсе эксплуатацыі. Па-другое, унутры сцен мяркуюць устаўляць фольгу, прызначаную вяртаць пакоям цяпло, крыніцай якога будзе спецыяльная электрычная стужка, што манціруецца ў столі, сценах: грэе прадметы, якія ў сваю чаргу аддаюць цяпло. “Прынцып сонечнай энергіі, – тлумачыць Яўген Георгіевіч. – Столь павінна быць высокай, бо ўсе шкодныя прадукты жыццядзейнасці ўтрымліваюцца ў метры пад ёю. А яшчэ я ніколі ў праектах дамоў не раблю выступаў, прыгажосць можа дасягацца ўтопленымі лоджыямі і выступаючымі балконамі. І эканоміць цяпло. Лічу, што не трэба і столькі нясучых сцен унутры. Я за свабодную планіроўку – некалькі трымаючых калон, а жыхары самі да іх зробяць перагародкі, як хочуць і з любога матэрыялу”.
Парады для забудоўшчыкаў
“Галоўная наша мэта – зрабіць камфортнае, прасторнае жыллё з коштам квадратнага метра да 170 долараў, – гаворыць Яўген Георгіевіч і дадае, што і раней удавалася праектаваць і будаваць такое таннае жыллё. – Існуе ў нас пры кафедры і свой праектны інстытут. Так што запрашаем усіх творчых школьнікаў на архітэктурны факультэт. Калі раней у Полацку студэнты займаліся толькі тры гады, а дыплом атрымлівалі ў Мінску, то зараз усё на месцы. Вучыцца ж у нас вельмі цікава – прафесія творчая”.
Акрамя выкладчыцкай дзейнасці Яўген Георгіевіч робіць праекты катэджаў, дамоў, дач, паколькі з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам. Сцвярджае, што яны могуць быць практычнымі і таннымі. Нашым чытачам, якія будуюць жыллё, мяркую, цікавымі будуць парады, напрацаваныя на працягу яго пяцідзесяцігадовага вопыту.
Лепшай формай для прыватнага жылля з’яўляецца квадрат, а не прамавугольнік: пры аднолькавай плошчы – меншы перыметр, а значыць і страты цяпла. Лепш мець два паверхі: дах і падмурак аднолькавыя, а плошча падвоеная. Архітэктар перакананы, што не трэба рабіць і метровыя фундаменты: дастаткова і 60 сантыметраў у глыбіню, аднак уцяпліць яго, тады не будзе прамярзаць, а значыць і “гуляць”.
Раіць прымяняць у прыватным сектары або на дачах і сучасныя сістэмы аўтаномнай каналізацыі “Мядуза”, якія так перапрацоўваюць прадукты жыццядзейнасці, што можна ўгнойваць агарод. Ну а ў якасці ацяплення прапаноўвае мнагажыльныя стужкавыя абагравальнікі: “Яны недарагія, 20 рублёў за адзін метр, і на абагрэў катэджа плошчай у 200 квадратаў у траскучы мароз у Расіі трацяць 50 долараў”. А паколькі з адкрыццём Беларускай АЭС у нас будзе прафіцыт электраэнергіі, то будучыня менавіта за такімі крыніцамі ацяплення. Дарэчы, яны паспяхова прымяняюцца за мяжой і пакуль не знайшлі шырокага прымянення ў нас.
Вольга Караленка.