У Паставах п'яны шматдзетны бацька скраў Citroen супрацоўніцы райвыканкама

БЕЛТА
У Паставах п'яны шматдзетны бацька скраў Citroen супрацоўніцы райвыканкама. Жанчына няшчыльна зачыніла дзверы аўтамабіля і пакінула ў ім ключ запальвання ды дакументы на машыну. Яна прызналася міліцыі, што раней так часта рабіла і не думала, што могуць узнікнуць праблемы. Як інфармуе "Беларусь сегодня", быў аб'яўлены план "Перахоп". Легкавік знайшлі каля адной з крамаў, на пасажырскім сядзенні сядзеў мужчына, які і стаў галоўным падазраваным.
Высветлілася, што мясцовы жыхар на чужым аўтамабілі паехаў да сябра. Той сеў за руль, і яны разам паехалі ў краму. Абодва мужчыны былі п'яныя. Іх затрымалі. Крымінальную справу распачалі ў дачыненні мужчыны, які скраў машыну з плошчы Леніна. Ён — бацька чатырох дзяцей, працуе будаўніком. Яму пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў ці пазбаўленне волі на той жа тэрмін. Раней у мужчыны былі праблемы з законам, але ўсе яго судзімасці ўжо пагашаныя.