Дадзены яшчэ адзін месяц
12.02.2019
—
Разное
У жыроўках за студзень будзе змешчана інфармацыя пра тое, ці ўключаны грамадзянін у спіс не занятых. Але налічваць плату па поўным тарыфе за гарачую ваду за мінулы месяц не будуць.
– Такое рашэнне прынята Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, – расказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Леанід Кавалевіч. – Зроблена гэта ў зразумелых мэтах дадатковай магчымасці для чалавека пацвердзіць сваю занятасць ці цяжкую жыццёвую сітуацыю яшчэ і ў лютым.
Як расказаў Леанід Кавалевіч, напачатку лютага адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па каардынацыі работ па садзейнічання занятасці насельніцтва, на якім былі ўдакладнены спісы грамадзян нашага раёна, не занятых у эканоміцы. Усім, хто трапіў у гэты спіс, у дасланых у лютым камунальнікамі «жыроўках» будзе надрукавана наступнае папярэджанне: «Паважаны плацельшчык! Звяртаем увагу! Па выніках работы пастаяннай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва райвыканкама (мясцовай адміністрацыі) Вы папярэдне аднесены да грамадзян, не занятых у эканоміцы. У выпадку, калі вы не прадставіце цягам лютага 2019 года звестак, якія пацвярджаюць вашу занятасць, налічэнні платы за падагрэў вады з пачатку года будзе весціся па тарыфе, які забяспечвае поўнае пакрыццё затрат, разам з пераразлікам платы за студзень 2019 года».
– Мы вельмі настойліва просім грамадзян, да якіх прыйдзе такая жыроўка, калі ў іх узніклі пытанні, звязацца з камісіяй па тэлефонах 9-25-98, 2-53-79, у рабочыя дні, у суботу па тэлефоне 9-13-38 з 9.00 да 12.00 – кажа Леанід Кавалевіч. – Прадстаўлены яшчэ месяц на вырашэнне ўсіх пытанняў для грамадзяніна, варта скарыстаць гэты час. Калі на працягу лютага чалавек не прадпрыме ніякіх дзеянняў, то ён будзе ўнесены ў канчатковы спіс з зацвярджэннем апошняга мясцовай адміністрацыяй. І тады аплата за падагрэў гарачай вады за люты будзе па поўным тарыфе, дадаткова ў «жыроўцы» будзе зроблены пераразлік за студзень.
Акрамя паведамлення ў «жыроўцы», даведацца, ці трэба вам плаціць за падагрэў вады па поўным тарыфе, можна пры яе аплаце праз АРІП. А з 11 лютага – на партале дзяржаўных паслуг праз электронную паслугу 3.33.04.2 «Атрыманне звестак аб уключэнні грамадзян у спіс працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, якія аплачваюць паслугі, вызначаныя Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, па цэнах (тарыфах), што забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне» (https://portal.gov.by). Для гэтага патрэбны электронны лічбавы подпіс ці ўнікальны ідэнтыфікатар (логін і пароль).
Падрыхтаваў Валерый ГАПЕЕЎ.