Происшествия. Криминал
04.02.2019
—
Разное
Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
Па гарачых слядах
У ходзе расследавання чарговай крымінальнай справы супрацоўнікі крымінальнага вышуку РАУС выязджалі ў вёску Мосарава. Выпадкова сутыкнуліся з мясцовым жыхаром, які нёс прадукты харчавання. Гэта насцярожыла супрацоўнікаў крымінальнага вышуку. І не дарэмна. Як высветлілася потым, мужчына разам са сваёй знаёмай разбіў аконнае шкло ў хаце свайго земляка, пакуль той знаходзіўся на лячэнні ў абласной бальніцы, пранік у пакой і ўкраў сала, сметанковае масла, віно. Украдзенае часткова канфіскавана і будзе вернута гаспадару.
Злачынца затрыманы. Супрацоўнікі РАУС правяраюць, ці мае ён дачыненне да іншых нераскрытых крадзяжоў у раёне.
Пасля выпіўкі
Непрацуючы жыхар Мікіціхі прымаў у сябе дома гасцей. Не абышлося без спіртных напіткаў. Калі гаспадар быў добра нападпітку, дзве госці (з Мікіціхі і Мазурына) вырашылі прыбраць да рук усё каштоўнае, што бачылі. У гэтым спісе аказаліся 150 рублёў, мабільнік і ўпакоўка кавы. Агульны ўрон складае 165 рублёў. Максімальнае пакаранне, што пагражае злачынцам, – абмежаванне волі да 4 гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Са зводак ДАІ
Затрыманы паўторна
Супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы затрымалі на аўтадарозе Р-20 жыхара Крывога Сяла, які ехаў на службовым аўтамабілі “Лада”, не маючы пры гэтым допуску да ўдзелу ў дарожным руху і страхоўкі. Як высветлілася, падобнае парушэнне ў мужчыны другое на працягу года. Складзены два адміністрацыйныя пратаколы. Пагражае штраф да 5 БВ. Акрамя гэтага да адказнасці будзе прыцягнута і службовая асоба ААТ “Прыдзвінскі”, якая дапусціла вадзіцеля да ўдзелу ў дарожным руху.
Не ўступіў дарогу
Жыхар Добрына на аўтамабілі “Мерседэс-Бэнц” паехаў у Віцебск і парушыў там правілы дарожнага руху – не ўступіў дарогу аўтамабілю “Кія-Рыа”, якім кіраваў жыхар абласнога цэнтра. У выніку машыны сутыкнуліся, абедзвюм патрабуецца рамонт кузава. На жыхара Добрына складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф да 5 БВ.
На хуткасці
Жыхарка райцэнтра, якая ехала па аўтадарозе Віцебск-Полацк, не ўлічыла ўмоў надвор’я (напярэдадні прайшоў снег, а ноччу падмарозіла) і не выбрала аптымальную хуткасць руху. У выніку аўтамабіль “занесла”, і ён аказаўся ў кювеце. На жыхарку райцэнтра складзены адміністрацыйны пратакол.
Жыхарка г. Глыбокае, якая ехала па аўтадарозе Р-20, не справілася з кіраваннем і апынулася на сваім “Рэно” ў кювеце. Прычына – слізкая дарога і няправільна выбраная хуткасць. Адміністрацыйны пратакол накіраваны для далейшага разгляду па месцы жыхарства парушальніцы.
Нецвярозы
Жыхар Мікіціхі ў стане алкагольнага ап’янення ехаў на трактары “Беларус-320” ля в. Цаўі. Пры гэтым не меў пры сабе пасведчання трактарыста-машыніста. Складзены два пратаколы, парушальнік выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС. Яму пагражае штраф да 100 БВ і пазбаўленне правоў на тры гады.
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №11 ад 05.02.2019 г.