2 февраля — Всемирный день водно-болотных угодий. "Об очаровательной пуще" Ельненской...
Экзотыка Яльнянскага балота здаўна папулярызавалася ў СМІ, іншы раз нават занадта. Пра тое сведчыць, напрыклад, публікацыя Міхала Паўлікоўскага ў часопісе “Польскі паляўнічы” за 1937 год (№29 ад 10 красавіка) пад красамоўным загалоўкам “Аб найдзіўнейшай пушчы ў Польшчы”.
Пасля працяглых разважанняў, ці можна гэтыя пустынныя мясціны назваць пушчай, аўтар прыходзіць да высновы: паляўнічыя і рыбаловы і да скону будуць адносіцца да іх як раю на зямлі. І адпраўляецца ў незвычайнае месца ўздоўж не надта багністай шасцікіламетровай рачулкі Яльнянкі ад больш саліднай ракі Дзісна. Пры гэтым сцвярджае, што на балота можна трапіць толькі з усходу.
Першае адкрыццё падарожніка: Яльнянскае балота знаходзіцца значна вышэй за прыдатныя для апрацоўкі палі ля Мікалаёва. Яно належыць некалькім гаспадарам, а практычна нікому. Пакуль мароз не скуе Мох, дабрацца туды можна толькі пешшу. Вось і ходзяць доўгія “караваны” абарыгенаў — паляўнічых і рыбаловаў — як на афрыканскае сафары. Дзісенцы нясуць хатулі з чайнікамі, бульбай, хлебам і іншымі прыпасамі з разліку на некалькі дзён, інакш у дарогу і збірацца не варта. А дарога месцамі цвёрдая, месцамі дрыгвяністая.
Нарэшце — цвёрдая зямля, парослая някошанай травой і кустамі маліны і ажыны. Кінуўся навічок да салодкіх ягад, але яго мясцовыя спадарожнікі ўтрымалі — сцеражыся гадзюк! Аказалася тая паляна непасрэдна на беразе возера з назвай Чорнае. Яно злучаецца з Ельняй каналам, увогуле працягласць гэтага комплексу каля сямі кіламетраў.
На чоўне падарожнікі перабраліся на другі бераг, на сухую Яльнянскую выспу, што ўзвышаецца сярод мора дзікіх імхоў. Яна тады аказалася абжытай, мела некалькі людскіх сядзіб з апрацаванымі палямі, прыгожы лес з грыбамі.
Вакол выспы, апавядае падарожнік, абшар сфагнавых тарфяных імхоў, што парос карлікавымі сасёнкамі і такімі ж бярозкамі, на ім мноства ягад — журавін, брусніц і буякоў. Аднастайная раўніна перапыняецца вадаёмамі — вялікімі, меншымі і зусім маленькімі, па-мясцоваму “азяраўкамі”. Усе яны чорныя, дрыгвяністыя, берагі звілістыя і стромкія, нібы ўтвораныя нейкімі катаклізмамі. Адначасова прыгожыя і грозныя чары паўночнай прыроды! Нібы на іншай планеце. Нешта з месяцавых баек Жулаўскага ці “Машыны часу” Уэльса. Увогуле, фантастыка для тых, хто сюды трапіў упершыню.
Калі з вострава-выспы адысці з паўкіламетра, высокія дрэвы застаюцца на гарызонце, навокал толькі аднастайныя і надта падобныя карлікавыя сасоначкі, паблізу вадаёмаў — беразнячок. Без правадніка, компаса, дажджавіка ў пахмурнае надвор’е такое падарожжа небяспечнае, робіць выснову прыезджы падарожнік. Для яго бясспрэчны факт, што сярод імхоў знаходзяць чалавечыя косці. Сцвярджае, што мясцовыя легенды тлумачаць гэта дваяка. Па адной версіі сялянкі пайшлі па ягады, заблукалі і памерлі з голаду; па другой — трагедыя напаткала геройскіх польскіх партызан вайны 1919-1920 гадоў з бальшавікамі.
Спроба расказаць пра балотную флору зноў абмяжоўваецца напамінам пра карлікавыя сасёнкі і бярозкі, рэдкія ў Польшчы, тарфяныя мхі, розныя хмызнякі, найперш багульнік (па тэксце — “багун”), непамерную колькасць ягад. Толькі гэтыя багацці больш гіпатэтычныя з-за цяжкасці імі скарыстацца — няма камунікацый.
Аповяд пра фауну пачынаецца з тыповай паўночнай птушкі — белай курапаткі, якая большая за сваю шэрую сястру (выпадак мімікрыі). З усёй Польшчы на сезон яе здабычы збіраюцца на Віленшчыне паляўнічыя з сабакамі-выжламі: дзейства надта прыгожае, цікавае і эмацыянальнае.
Паблізу вострава можна знайсці каралеўскіх птушак — глушцоў, іх яшчэ шмат па ўскрайках. Для арнітолага цікава сустрэць на балотных азёрах рэдкага жыхара поўначы — чорнаваллёвую гагару, якая іншыя абшары пералятае ў час выраю, а тут гняздуецца, як і чорны журавель.
Грозная, легендарная асаблівасць Мхоў — змеі. Спасылаецца аўтар на выпадак, як яны пакусалі сабаку. Яна засталася ледзь жывой на выспе, ела травы і вылечылася. Выснова для батанікаў і медыкаў: відаць, ёсць тут зёлкі, што ратуюць ад яду гадзюк.
Яльнянскія азёры былі на той час багатыя на рыбу, відаць, таксама з-за адсутнасці дарог. Таму драпежныя, у прыватнасці, шчупакі, раслі да неймаверных памераў. Падарожнік прыводзіць легенду, што на блясну злавілі шчупака з галавой як у жарабя, ён заважыў 160 кілаграмаў. А раней неяк цягнулі з глыбіні рыбіну з галавой як у старога каня, яна б паказала ўсе 400! Толькі леска не вытрымала…
Прачытаеш такое, хоць і не рыбак па натуры, хочацца схапіць вуду са спінінгам і падацца на Яльнянскія азёры. Жарты жартамі, а колькі дзясяткаў гадоў таму ўдзельнічаў у рыбалцы на возеры Чорным. Там у канцы вадаёма на жоўтую блясну, што цягнулі за лодкай, браліся шчупакі. Адзін з іх быў пад паўтара метра і важыў каля пуда. Відаць, з такіх выпадкаў і нараджаюцца легенды. А лепшай рэкламы нашаму цяперашняму заказніку і не трэба.
Публікацыя з далёкага 1937 года заканчваецца заклікам захаваць недатыкальнасць Яльнянскага балота. Аматары прыроды павінны спяшацца, лічыў Міхал Паўлікоўскі, бо нараджаюцца праекты асушэння, здабычы торфу.
…Сёння некаторыя звесткі аўтара выклікаюць іранічныя ўсмешкі. Разважанні і вера ў легенды здаюцца занадта наіўнымі. А тое, што Ельня — “найдзіўнейшы” помнік прыроды, пагодзяцца ўсе. Ганарымся, што незалежная Беларусь і мы з вамі яго захавалі.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фота з інтэрнэта.