Проект указа «О платежах за участие в дорожном движении» вынесен на общественное обсуждение. Редакция газеты организовала по этой теме «круглый стол» с участием автолюбителей и представителей организаций
На грамадскае абмеркаванне вынесены праект указа “Аб плацяжах за ўдзел у дарожным руху”, які ініцыіравалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Міністэрства фінансаў па загадзе Прэзідэнта распрацавала новую схему плацяжоў, якая не прывязана да тэхагляду і залежыць ад удзелу аўтамабіля ў транспартным руху. Нагадаем, што дарожны збор быў уведзены са студзеня 2014 года, ён залежыць ад вагі аўтамабіля, і пры праходжанні тэхагляду яго ўладальнік аплачвае адразу гадавую, а калі машына новая – то двухгадовую стаўку. Рэдакцыя газеты арганізавала па гэтай тэме “круглы стол”, запрасіўшы на яго аўтааматараў, прадстаўнікоў аўтатранспартных прадпрыемстваў, а таксама арганізацый, якія падтрымліваюць стан дарог.
У абмеркаванні праекта ўказа прымалі ўдзел: намеснік дырэктара УП ЖКГ Дзмітрый Сяргеевіч Шасцярэнь, майстар ДРБУ-105 Андрэй Міхайлавіч Агіевіч, начальнік участка Ушачы філіяла АТП №6 г.Наваполацка Кацярына Аркадзьеўна Марачкіна, начальнік транспартнага аддзела райспажыўтаварыства Генадзь Іванавіч Глінскі, пенсіянер Анатоль Раманавіч Пахілка.
К.Марачкіна: Хацелася б большай празрыстасці ў працэсе расходавання сродкаў транспартнага збору. На якія трасы яны накіроўваюцца, паколькі мэта ўвядзення была менавіта такой – прывесці ў належны стан пераважна мясцовыя дарогі. Я ж за год вымушана мяняць падвеску – такое палатно ў нашым мікрараёне, хоць езджу зусім няхутка.
А.Агіевіч: Як аўтааматар я выдатна разумею людзей, якія абураюцца наконт аплаты дарожнага збору. Дарогі, безумоўна, пакідаюць жадаць лепшага. Аднак сродкі, якія мы здаём, усё ж мізэрныя і без бюджэтных датацый не абысціся. Нагадаю, што тона асфальту каштуе каля сотні рублёў, а хапае яе на 10 квадратных метраў. Праграма па развіцці мясцовых дарог прынята. У мінулым і на гэты год нашы аб’ёмы па капітальным рамонце ў параўнанні з 2017-м павялічыліся, аднак вось на падтрыманне выдзяляецца мала, а ў нас жа вялікая сетка менавіта гравіек, якія з-за адсутнасці дастатковых сродкаў у снежні ні падсыпаць, ні прачысціць.
Карэспандэнт: Якія ў нас самыя дрэнныя дарогі па водгуках вадзіцеляў?
Г.Глінскі: На Гушчынскую Слабодку, Турасполле, Астраўляны, Бальбінава, Кісялёва, Памялкова. Наогул зараз, у час снегападу, вадзіцелі падаюць цэлыя спісы населеных пунктаў, дзе дарогі нячышчаны ці зроблена гэта дрэнна.
К.Марачкіна: У нас быў выпадак, што на павароце на Гамылёва вадзіцель прасіў пасажыра адхінуць кусты, каб праехаць без страт: люстэркі па сельскіх населеных пунктах становяцца проста расходным матэрыялам.
А.Агіевіч: Высечка кустоўя – яшчэ адна балючая тэма, паколькі мы можам высякаць хмызняк не вышэй за адзін метр 30 сантыментаў, а калі большы, трэба афармляць дазвол і аплачваць кампенсацыйны збор – летась пры пракладцы асфальту ў напрамку Завячэлля заплацілі 17 тысяч. А сродкі, якія выдзяляюцца на капітальны рамонт, у першую чаргу накіроўваюцца на больш нагружаныя дарогі: выезды да рэспубліканскіх трас (будзе працягвацца асфальтаванне Ушачы-Немірова, сёлета яшчэ 2 кіламетры), пад’езды да аграгарадкоў (летась – Ільюшына, Кублічы), турыстычнага аб’екта ў Бычках, хаця пажаданняў апрануць у асфальт многа, напрыклад, ад жыхароў Матырына.
Карэспандэнт: Як вы ставіцеся да таго, каб дарожны збор уваходзіў у кошт паліва, як, напрыклад, зроблена ў ЗША?
К.Марачкіна: Аўтатранспартныя прадпрыемствы, якія займаюцца перавозкай пасажыраў, вызвалены ад уплаты дарожнага збору як арганізацыі, якія выконваюць сацыяльныя стандарты і працуюць на дзяржаўнай датацыі. Павелічэнне кошту паліва, а ў нас па 250 кіламетраў прабегу на адну адзінку, прывядзе да павышэння расцэнак.
А.Агіевіч: У нас прабег складае 600 кіламетраў, таму для дарожных арганізацый такі варыянт толькі ўскладніць эканамічную сітуацыю.
Д.Шасцярэнь: У сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі паліва выкарыстоўваецца ў кацельнях, газонакасілках, агрэгатах і абсталяванні, якія не выходзяць на дарогі. Ды і аўтамабілі з адной вагой маюць розны расход паліва.
Г.Глінскі. Галоўнае, каб мы не абкладаліся падаткамі за адно і тое ж некалькі разоў. Нядаўна, напрыклад, набылі новы аўтамагазін, пакуль перагналі па ўчастку платнай дарогі (32 кіламетры) – заплацілі 8 рублёў. Мы ж таксама выконваем сацыяльную функцыю, дастаўляем тавары першай неабходнасці ў аддаленыя і маланаселеныя вёскі, і, лічу, маглі б быць вызвалены ад уплаты дарожнага збору. А як аўтааматар-пенсіянер хацеў бы, каб былі льготы і для такой катэгорыі.
А.Пахілка: Я пенсіянер, але не адношу сябе да самай неабароненай катэгорыі. І некаторыя працуючыя атрымліваюць на ўзроўні пенсій. Таму я за справядлівасць пры ўплаце транспартнага падатку, які б залежаў ад удзелу аўтаўладальніка ў дарожным руху, прычым праз паліва. Калі я мала езджу, то магу і за год не выбраць тых 200 (да прыкладу) рублёў, якія мне трэба заплаціць, зыходзячы з вагі аўтамабіля. А калі многа, то заплачу падатак ужо за 3 месяцы. Лічу, што ўлік наладзіць нескладана: аднойчы як уладальнік картачкі “Белнафтахіма” пацікавіўся, колькі выкарыстаў паліва, і мне ў момант назвалі колькасць. Лічу, што з дапамогай камп’ютарнага ўліку гэта было б рэальна.
К.Марачкіна. Хацелася б, каб ільготы па аплаце транспартнага збору ўсё ж былі і ўлічвалася мэта ўдзелу ў дарожным руху. Адна справа, калі на аўтамабілі зарабляеш, зусім іншая, калі возіш дзяцей у школу.
Карэспандэнт: Справядлівасць (удзел у транспартным руху) у новым праекце прадугледжана праз памесячную аплату. Напрыклад, не карыстаешся аўтамабілем зімой – значыць і не плаціш. Збіраешся прадаваць праз месяц – плаціш толькі за адзін. Ну а калі транспартны збор усё ж гадавы, то ўстаноўлена скідка ў памеры 20 працэнтаў. Аплата больш “не прывязана” да праходжання тэхагляду. Як вы ставіцеся да гэтага?
Д.Шасцярэнь: Гэта, канечне, справядліва. Добра, каб падобная схема дзейнічала і ў адносінах да службовага транспарту. Бо ў нас ёсць такая тэхніка, якая з-за складанага рамонту прастойвае месяцамі.
А.Пахілка: Упэўнены, што цяпер намнога больш людзей будзе праходзіць тэхагляд, а значыць у дарожным руху будзе ўдзельнічаць больш спраўных аўтамабіляў. Зараз у гарадах многія гэтага не рабілі, бо штраф за непраходжанне тэхагляду быў істотна меней, чым сума гадавога падатку. Аднак мне хацелася б, каб больш частай была градацыя па вазе. Мой аўтамабіль важыць 1501 кг, і шчыра скажу, шкада за адзін кілаграм, з-за якога аўто пераходзіць у другую катэгорыю, пераплачваць кругленькую суму. У Расіі наогул улічваецца магутнасць рухавіка, а не вага.
Пры абмеркаванні мы прыйшлі да наступных вывадаў: дарожны ці транспартны падатак павінен быць. Добра, што яго “адлучылі” ад праходжання тэхагляду, як і тое, што прадугледжана і памесячная аплата, і на год. Хацелася, каб пры яго налічэнні ўсё ж захаваліся льготы для мнагадзетных сямей, пенсіянераў, а таксама, каб была ўстаноўлена больш гібкая градацыя па вазе транспарту. Гэтыя, карысныя на наш погляд прапановы мы пераслалі на сайт Міністэрства фінансаў.
Вольга Караленка.
**З трох мільёнаў аўтамабіляў, якія зарэгістраваны ў Беларусі, больш паловы летась не даехала да тэхагляду. Штогод гэтая лічба павялічвалася на 15 працэнтаў.
**За мінулы год супрацоўнікамі ДАІ Ушацкага РАУС выяўлена 1204 выпадкі эксплуатацыі аўтамабіляў без праходжання тэхагляду, з іх 495 – двойчы.