Незаконная рубка сосны на территории Ушачского лесничества попала в объектив фотоловушки
Фотапасткі ў лясах Віцебскай вобласці за мінулы год дапамаглі выявіць амаль 100 парушэнняў. Сярод самых распаўсюджаных – забруджванне лесу, незаконная высечка, парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, а таксама парушэнне правілаў лесакарыстання. У цяперашні час у лясах рэгіёна працуюць звыш сотні камер фота- і відэафіксацыі.
Пра тое, што ў лесе вядзецца фота- або відэаназіранне, інфармуюць спецыяльныя таблічкі, але часта гэта не спыняе парушальнікаў. Калі чалавек трапляе ў поле бачання камер, то спрацоўвае датчык руху і інфармацыя перадаецца ў анлайн-рэжыме спецыялістам лясгаса.
Фотапасткі могуць працяглы час працаваць у аўтаномным рэжыме, яны абаронены ад неспрыяльных пагодных умоў. Іх дыслакацыю мы пастаянна мяняем. Чакаць цемры парушальнікам няма сэнсу – фотапасткі могуць здымаць як днём, так і ноччу. На фота можна разгледзець нумар машыны і твар парушальніка.
Днямі чарговага парушальніка з дапамогай фотапасткі выявілі на тэрыторыі Ушацкага лясніцтва. 17 студзеня ў квартале нумар 9 выяўлены выпадак незаконнай высечкі лесу. Парушальнік прыехаў у лес на аўтамабілі Mercedes-Benz, зрабіў незаконную рубку хвоі звычайнай. За гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па частцы 2 артыкула 15.22 КаАП Рэспублікі Беларусь. Такое парушэнне цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь. Нанесены ўрон склаў 102 рублі.
Яшчэ раз звяртаем ўвагу, што трэба прытрымлівацца ўстаноўленых законаў. Адказнасць за іх парушэнне непазбежная.
І.ШУГАЛЕЙ, інжынер па ахове і абароне лесу ДЛГУ “Ушацкі лясгас”.